Парадак выезду беларускiх дзяцей за мяжу спрошчаны

Источник материала:  

— З 26 сакавiка наступнага года няпоўнагадовыя беларусы змогуць выязджаць за мяжу на аздараўленне, лячэнне цi кансультацыi са згоды толькi аднаго з бацькоў, — паведамiла намеснiк дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства i прававых даследаванняў Людмiла ПАНФЕРАВА. — Новаўвядзенне датычыцца i тых дзяцей, якiя пастаянна пражываюць за межамi Беларусi альбо пакiдаюць краiну па дыпламатычных цi службовых пашпартах. Ва ўсiх астатнiх выпадках, у адпаведнасцi з новым законам, няпоўнагадовыя будуць выязджаць толькi са згоды абодвух бацькоў.

Спрашчэнне зроблена перш за ўсё ў iнтарэсах дзяцей, а не iх бацькоў. Заканадаўцы вырашылi выключыць сiтуацыi, калi, як правiла, жанчынам даводзiцца страчваць час на пошукi былых мужоў, каб атрымаць згоду на выезд дзiця на аздараўленне за мяжу.

— Да мяне не раз прыходзiлi мацi i са слёзамi на вачах расказвалi, што iх былыя мужы-алкаголiкi патрабавалi за свой подпiс аб дазволе выезду за мяжу сына цi дачкi немалыя сумы грошай, — распавядае Людмiла Панферава. — Пакутуюць жа ад гэтага ў першую чаргу дзецi.

Закон прадугледжвае i той выпадак, калi адзiн з бацькоў супраць таго, каб дзiця выязджала з краiны без яго згоды. У гэтым выпадку ён можа звярнуцца ў суд, якi i вынесе канчатковае рашэнне.

— Новы закон таксама выключыў са спiсу тых, хто мае права засведчыць згоду бацькоў на выезд дзяцей за мяжу, начальнiкаў ЖЭСаў, — падкрэслiла Людмiла Панферава. — Змогуць гэта зрабiць толькi натарыус цi службовая асоба падраздзялення па грамадзянстве i мiграцыi.

— Прыняцце новага закона дазволiць змянiць сiтуацыю на мяжы, — адзначыў начальнiк аддзела ўпраўлення пагранiчнага кантролю Дзяржаўнага пагранiчнага камiтэта Беларусi Аляксандр ШПІЛЕНЯ. — Вельмi часта, асаблiва летам, даводзiцца разварочваць мацi, якiя вязуць дзяцей на аздараўленне, толькi з-за таго, што ў дзiцяцi няма дазволу бацькi. А яны ж ужо набылi бiлеты, якiя нямала каштуюць.

З 26 сакавiка рашэннi аб часовым абмежаваннi выезду за мяжу для кожнага грамадзянiна Беларусi будуць прымацца ў iндывiдуальным парадку.

— У сувязi з гэтым колькасць грамадзян, якiм часова забаронены выезд за межы Беларусi, значна скароцiцца, — прагназуе начальнiк Дэпартамента па грамадзянстве i мiграцыi МУС Беларусi Аляксей БЯГУН. — Канкрэтную лiчбу назваць зараз складана, але я мяркую, што iх будзе менш як сто тысяч. Цяпер, калi ў дачыненнi да чалавека заведзена крымiнальная справа, ён адразу ж уключаецца ў банк звестак асобаў, якiм часова абмежавана права на выезд з Беларусi. Новы механiзм уключэння ў банк звестак будзе iншым — адрасным.

Як адзначыла Людмiла Панферава, калi ў дачыненнi да грамадзянiна дзяржаўны орган прыняў рашэнне аб забароне выезду за мяжу, то яго неабходна праiнфармаваць аб гэтым не пазней за адзiн дзень з даты прыняцця рашэння. Тое ж самае датычыцца i зняцця часовага абмежавання ў выездзе.

Новым законам таксама прадугледжана норма, у адпаведнасцi з якой Мiнiстэрства замежных спраў абавязана паведамляць грамадзянам, што па той цi iншай прычыне ў нейкую краiну непажадана цяпер ехаць. Грамадзяне, у сваю чаргу, самi могуць вырашаць, выконваць гэтыя рэкамендацыi цi не.

Надзея ДРЫЛА.

←Квадратны метр ў Мінску падаражаў на $13 за тыдзень

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика