Поўня

Источник материала:  

Семантычным эквiвалентам лацiнскага слова "Luna" ў беларускай моўнай традыцыi з'яўляецца слова "Поўня". Менавiта яна (гэта найбольш развiтая фаза) i стала прадметам асаблiвага стаўлення ў свядомасцi беларусаў. Цi то за "поўняй" хаваецца старажытная мiфалагiчная аснова ўяўленняў аб Месяцы цалкам, цi насамрэч уплыў поўнага Месяца на чалавека i на ўсё наваколле быў настолькi моцным i ўсебаковым, што самыя супярэчлiвыя рэгламентацыi датычацца непасрэдна гэтай фазы.

Поўня — гэта той час, калi Месяц дасягае максiмальных памераў, ступенi найвышэйшага росквiту, i таму мiжволi прыцягвае да сябе. Аднак час загадкавага "прымагнiчвання" нашы продкi лiчылi адмоўным перыядам, якi патрабуе асаблiвай увагi i засцярогi.

 Як сведчаць псiхолагi i медыкi, "поўня" на чалавека (асаблiва на мужчын) сур'ёзна ўздзейнiчае: падымаецца артэрыяльны цiск, становiцца дрэннай хуткасць рэакцыi, з'яўляецца неапраўданая раздражняльнасць, абвастраюцца псiхiчныя, неўралагiчныя i хранiчныя захворваннi.

 Падчас поўнi людзi засцерагалiся, каб свет Месяца не падаў на чалавека або на жывёл. І сёння шырока распаўсюджана ўяўленне аб тым, што поўны Месяц не павiнен свяцiць на твар чалавеку, якi спiць, iнакш яму будуць снiцца жахi або яго будзе турбаваць бяссоннiца. Некаторыя сцвярджаюць, што ў такiм выпадку твар стане непрыгожым, а чалавек хутка захварэе.

 З поўняй звязвалi найвялiкшую колькасць абмежаванняў. Такiм жа стрыманым, а ў большасцi — адмоўным, было стаўленне да супрацьлеглай поўнi фазе, калi на працягу некалькiх дзён свяцiла ўвогуле не было вiдаць на начным небе.

 У поўню на Месяцы можна выразна ўбачыць чорныя плямы, паходжанне якiх атрымала самыя розныя тлумачэннi ў народных павер'ях i легендах. На Мазыршчыне казалi, што на Месяцы "адбiўся" той мужык, якi працаваў у нядзелю — араў зямлю валамi.

 Але больш за ўсё была распаўсюджана хрысцiянiзаваная легенда пра тое, што на Месяцы адлюстравалася забойства аднаго брата другiм. "Калi Каiн забiваў свайго брата, на небе была поўня, якая адразу ж прыняла кроў першага пакутнiка. А каб у памяцi ў людзей не сцерлася першае зладзейства, Бог пакiнуў на месяцы адбiтак забойства, якi выразна вiдзён на iм i дагэтуль".

Аксана Катовiч, Янка Крук.

←Трусаў: розніца ў статыстыцы, сабранай па-расейску і па-беларуску, – 20%

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика