Трусаў: розніца ў статыстыцы, сабранай па-расейску і па-беларуску, – 20%

Источник материала:  
12.10.2009 23:45 — Новости Общества

Прэзентацыя вынікаў апытання, праведзенага лабараторыяй аксіяметрычных даследаванняў «Новак», выклікала ўвагу з боку прадстаўнікоў як грамадскасці, так і ўладаў.

У «Краўн Плазе», дзе праходзіла імпрэза, пабывалі прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, Міністэрства культуры, расійскага пасольства.

Што датычыць грамадскасці, то абурэнне выказваў кіраўнік Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. Яго перадусім зачапіла, што рэспандэнтам прапаноўваліся толькі расейскамоўныя бланкі анкет. «Звяртацца да чалавека па-беларуску – гэта настройваць яго адпаведна. Я з уласнага досведу магу сказаць, што розніца ў статыстычных дадзеных, сабраных па-расейску і па-беларуску, будзе каля 20%», – мяркуе Трусаў. Ён удакладніў, што такую пазіцыю будзе адстойваць заўсёды. Трусаў нагадаў, што Таварыства беларускай мовы будзе патрабаваць, каб колькасць расейска- і беларускамоўных бланкаў, надрукаваных для перапісу насельніцтва, была роўная.

З ім не пагадзіўся незалежны сацыёлаг Аляксандр Сасноў. Ён прывёў прыклад аднаго з даследаванняў, якое праводзілася некалькі гадоў таму. Тады былі надрукаваныя аднолькавыя наклады бланкаў. У выніку толькі 3% рэспандэнтаў папрасілі анкету па-беларуску. Наклад прыйшлося знішчыць.

Гарачае абмеркаванне выклікала пытанне, чаму Гарадзеншчына, па выніках даследавання, аказалася не тэрыторыяй беларушчыны, а, хутчэй, наадварот. Удзельнікі дыскусіі схіліліся да меркавання, што ў гэтай вобласці высокі ўзровень ўплыву Польшчы.

А вось Магілёўшчына да беларушчыны паставілася больш прыхільна. «Праўда, дакладна незразумела, што магілёўцы разумеюць пад беларускай мовай. Можа, трасянку?» – задаў рытарычнае пытанне адзін з кіраўнікоў праекта Віталь Сіліцкі.

На жаль, аналагічных даследаванняў не праводзілася раней, таму прасачыць эвалюцыю нацыянальнай самаідэнтыфікацыі складана. Хоць атрыманыя вынікі ў цэлым супадаюць з дадзенымі даследавання, праведзенага Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі прэзідэнта сёлета.

Арганізатары даследавання падкрэслілі, што не хацелі дубляваць перапіс насельніцтва. Таму адказы на пытанні, аналагічныя тым, што прагучаць на перапісе, агучаныя пакуль што не будуць. «Мы не хочам выглядаць экзіт-полам перапісу», – заявіў Сіліцкі.

←«Охотничье дело». День первый

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика