У Мiнску вараць кiно

Источник материала:  

Беларускi форум альтэрнатыўнага малабюджэтнага вiдэа "КiнаВарка", iнiцыятарам i арганiзатарам якога стала тэлекампанiя "Карамболь", адбываецца сёлета ўпершыню. Пачатак яго быў несур'ёзным, нават анекдатычным — на пачатку чэрвеня рэжысёры Iван Пiнiгiн i Уладзiмiр Максiмкаў паспрачалiся, цi можна ў нашай краiне ўвогуле арганiзаваць падобны фэст. Той, хто прайграе, абавязваўся выканаць песню гурта "Кiно" ў публiчным месцы. Праз тыдзень Максiмкаў абвясцiў пачатак прыёму работ. I што выдумаеце — ахвотныя пайшлi!

З 58 дасланых на "КiнаВарку" заявак для экранiзацыi было адабрана ўсяго 7. Як патлумачылi арганiзатары, адным з галоўных крытэрыяў была арыгiнальнасць i небанальнасць сцэнарыя. "Мы запрашалi людзей на гутарку, i пасля гэтага часам даводзiлася адмаўляць у здымках, — расказвае Уладзiмiр Максiмкаў. — Скажам, ёсць арыгiнальная iдэя, але чалавек абсалютна не ўяўляе сабе здымачны працэс. Можна было зняць фiльм, але гэта была б ужо наша работа, а хацелася захаваць аўтарства — не браць на сябе рэжысуру, а падтрымлiваць толькi тэхнiчна". Таксама адсейвалiся занадта маштабныя iдэi — было вырашана дапускаць да ўдзелу ў форуме фiльмы працягласцю не больш як 10 хвiлiн, а адзiн з заяўнiкаў, напрыклад, прыслаў сцэнарый гiстарычнай баталii на 50 аркушах. Зрэшты, для некаторых гатовых работ кампанiя "Карамболь" зрабiла выключэнне — так, фiльм Iгара Асмалоўскага "Правiнцыялы" доўжыцца каля паўгадзiны, але прафесiяналы палiчылi яе выдатнай i вырашылi паказаць па-за конкурсам.

Фiльмы iншых удзельнiкаў цяпер знаходзяцца ў розных стадыях гатоўнасцi. Гратэскная драма Марыi Кошаль "Страказа" цалкам гатовая i ўжо нават была паказаная на фестывалi мастацтваў "Дах", а кароткаметражка Юлii Дублеўскай "Адным цудоўным ранкам", у якой адзiнай былi задзейнiчаны прафесiйныя акцёры, — у стадыi мантажу. Да форуму далучылiся нават беларускiя зоркi — салiст гурта "J:Mopc" Уладзiмiр Пугач пакажа фiльм "Адлегласць: падарожжа па Беларусi", фрагменты з якога гледачы ўжо бачылi ў клiпе "Адлегласць". Уключыцца ў барацьбу за прызы могуць i iншыя ахвотныя — гатовыя работы прымаюцца да 1 лiстапада гэтага года. Потым на афiцыйным сайце форуму kinovarka.tut.by пачнецца галасаванне за лепшыя работы. Падвядзенне вынiкаў форуму "КiнаВарка" адбудзецца 2 снежня 2009 года.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Гульнi розуму: Барыс Бурда i мiнскiя iнтэлектуалы

Знаўца клуба "Што? Дзе? Калi?" i папулярны тэлевядучы чакае сустрэч з актыўнымi i цiкаўнымi беларусамi.

I падтрымае сваёй увагай беларускiя гурты, якiя граюць акустычны "этна", "фольк" i джаз, даўшы магчымасць выступiць падчас сваiх вечарын. Iнтэлектуальная гасцёўня Барыса Бурды адкрые дзверы ў кастрычнiку. Раз на месяц магiстр гульнi збiраецца прыязджаць з Адэсы ў Мiнск менавiта па серадах. Праграма кожнага вечара сустрэчы будзе ўнiкальная — Барыс сам будзе вырашаць, якая праграма пройдзе ў той цi iншы вечар. Але акрамя чаканых iнтэлектуальных вiктарынаў i кулiнарных раўндаў, абавязкова будзе i музычная частка, дзе выступiць хто-небудзь з сяброў-бардаў гаспадара.

А вось у перапынках памiж асноўнымi часткамi творчая моладзь Мiнска зможа прадэманстраваць свае праекты — фотавыставы, перформансы, нават крэатыўную анiмацыю. Усiх удзельнiкаў Барыс Бурда будзе выбiраць асабiста — каб тэмы iх працаў стасавалiся з сюжэтамi яго гульняў. Вечары з Барысам Бурдой збiраюцца праводзiць у адным са сталiчных клубаў. Калi Барыс Бурда пагадзiўся на гэты праект, то напэўна ўяўляў аўдыторыю, з якой давядзецца сустракацца. Ён разлiчвае на актыўную частку грамадства, тых асобаў, якiя любяць чытаць i ўмеюць думаць — тых, хто вызначае ўзровень бiзнэс-асяроддзя, адукацыi, медыцыны, навукi. Значыць, ён упэўнены ў тым, што ў нас такiя людзi ёсць.

Ларыса ЦIМОШЫК..

←Трусаў: розніца ў статыстыцы, сабранай па-расейску і па-беларуску, – 20%

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика