Трое дзяцей. Або двое?

Источник материала:  

Рашэнне аб павелiчэннi дапамогi па доглядзе дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў з 80 да 100 працэнтаў бюджэту пражытковага мiнiмуму падрыхтаванае i цяпер знаходзiцца на разглядзе Савета Мiнiстраў. Пры гэтым, як паведамiла падчас сустрэчы з журналiстамi начальнiк аддзела сямейнай i гендэрнай палiтыкi Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Марына Арцёменка, хутчэй за ўсё, гэтае пытанне будзе вырашана станоўча з пачатку наступнага года.

На сёння дзяржаўнымi дапамогамi ахоплена 96 працэнтаў дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў. Пры гэтым апошнiм часам у напрамку падтрымкi дзяцей былi прынятыя шэраг мераў. Як адзначаюць у мiнiстэрстве, прынятыя рашэннi аб пашырэннi магчымасцяў карыстання бясплатным харчаваннем дзяцей ва ўзросце да 2 гадоў, стала больш прымальнай адрасная сацыяльная дапамога, адыгралi сваю ролю дадатковыя фiнансавыя паслабленнi шматдзетным сем'ям у пагашэннi льготных, а маладым сем'ям — камерцыйных крэдытаў на жыллё. Толькi летась палёгку па камерцыйных крэдытах атрымалi 19,2 тыс. маладых сем'яў — на агульную суму 25 млрд рублёў.

Дарэчы, зазначыла Марына Арцёменка, падтрымка сем'яў ужо адыграла сваю ролю — у краiне назiраецца павелiчэнне ўзроўню нараджальнасцi. Летась у краiне з'явiлася 107,9 тыс. немаўлят — на 4,3 працэнта больш, чым пазалетась. Тэндэнцыя захоўваецца i сёлета, калi, адносна аналагiчнага перыяду ў мiнулым годзе, колькасць нараджэнняў у гарадах павялiчылася на 2,6, а ў вёсках — на 2,5 працэнта. I, дарэчы, рост адзначаецца ва ўсiх абласцях без выключэння. Праўда, гэты рост пакуль яшчэ недастатковы. У сувязi з гэтым, заўважыла Марына Арцёменка, вывучаюцца прапановы па далейшым стымуляваннi нараджальнасцi.

Цяпер у краiне налiчваецца 89 тыс. шматдзетных сем'яў. I стаўка на падтрымку менавiта сем'яў, дзе выхоўваецца па трое i больш дзяцей, адыграла сваю ролю. Разам з тым у мiнiстэрстве не хаваюць: акцэнт на шматдзетныя сем'i спрацоўвае не заўсёды. Прынамсi, не менш адчувальныя вынiкi можа прынесцi дадатковае заахвочванне нараджэння другога дзiцяцi. Першы крок у гэтым напрамку ўжо зроблены. З 2007 года памер аднаразовай выплаты пры нараджэннi 1-га дзiцяцi складае 5, а пры нараджэннi 2-га i наступных дзяцей — 7 бюджэтаў пражытковага мiнiмуму. Але такi крок — яшчэ недастатковы. У прыватнасцi, паведамiла Марына Арцёменка, сёння ў рамках Нацыянальнай праграмы дэмаграфiчнай бяспекi распрацоўваецца стратэгiя падтрымкi нараджэння менавiта другога дзiцяцi. Гаворка iдзе аб прызначэннi бацькам падатковых i жыллёвых iльгот. А плюс да таго — зноў жа аб павелiчэннi дапамог. Зрэшты, заўважыла прадстаўнiк Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны, у гэтым выпадку многае будзе залежаць ад канкрэтных эканамiчных магчымасцяў нашай дзяржавы.

Мiж тым, не менш адметны момант. Паводле слоў намеснiка старшынi Беларускага саюза жанчын Рэгiны Давiдовiч, з 2005 года паказчык адмоў ад дзяцей скарацiўся ўдвая. А паказчык усынаўленняў, наадварот, узрос — у сярэднiм з 330 да 500 чалавек у год. Прычым беларускiя сем'i сталi браць на выхаванне дзяцей не проста часцей, але i больш свядома. Тут дастаткова паказальны такi факт: у 40 працэнтаў усынаўляльнiкаў ёсць свае дзецi. Да таго ж большасць усынаўляльнiкаў сёння — гэта людзi з вышэйшай адукацыяй.

У вынiку, адзначыла Рэгiна Давiдовiч, не выключаецца такi варыянт: да 2015 года ў Беларусi можа ўвогуле не застацца сiроцкiх iнтэрнатаў. Праўда, у гэтым выпадку шмат чаго будзе залежаць ад... бацькоў. Так, у Беларусi разглядаецца магчымасць усталявання новага свята — Дня Бацькi. Пры гэтым адзiн з магчымых тэрмiнаў гэтага свята — снежань. Тым часам, першыя зрухi да прызнання ролi бацькi ўжо робяцца — пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва пачынаюць стварацца так званыя "тата-школы", дзе iдзе падрыхтоўка бацькоў да з'яўлення дзiцяцi i яго выхавання. Праўда, усё ж нельга не заўважыць, што пакуль бацькi ў тым жа выхаваннi адназначна знаходзяцца на другiм плане —скажам, у водпуску па доглядзе дзiцяцi ва ўзросце да 3 гадоў рэальна знаходзiцца толькi каля 1 працэнта мужчын.

Сяргей ГРЫБ.

←Трусаў: розніца ў статыстыцы, сабранай па-расейску і па-беларуску, – 20%

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика