Не трэба крыўдзiць старых

Источник материала:  

Не трэба крыўдзiць старыхМарыя Гаўрылаўна Сарока з вёскi Гарэлкi Жабiнкаўскага раёна вельмi шчыры, адкрыты чалавек. Яна з задавальненнем расказвала пра мiнуўшчыну сваёй вёскi, пра славутасцi тутэйшага края, пра сыноў, якiя выраслi, вывучылiся i абралi лёс абаронцаў Радзiмы. Але размова ўсё адно выйшла на тое, што хвалюе, што набалела, на крыўду сталага чалавека. Восенню мясцовы СВК, якi па-ранейшаму ўсе называюць калгасам, выдзяляў пенсiянерам па льготнай цане салому, збожжа. Іх з мужам у гэтых спiсах абышлi як пенсiянераў некалгасных.

Марыя Гаўрылаўна працавала апошнiя гады санiтаркай у сельскай бальнiцы. Але ж не ўсё жыццё. Напачатку стварэння калгаса яна была свiнаркай. Менавiта ад той працы, кажа яна, калi цягалi ўручную вёдры i цэбры з кормам, бяруць пачатак праблемы са здароўем. Цяпер пенсiянерка можа хадзiць толькi з кiёчкам. Яна расказвае, як за такую цяжкую працу ставiлi толькi працаднi ў табелi, а потым аплачвалi з разлiку 10 капеек за працадзень. А потым, пазней, калi ўладкавалася санiтаркай, родны калгас "не забываў". Кожнае лета жылы выцягвалi дзялкi буракоў, якiя належала прапалоць. "Даяркам, — успамiнае Марыя Гаўрылаўна, — налiчвалi па 30 радкоў, а мне — 60, як паляводам. I даводзiлася на тых бураках гнуць спiну з цямна да цямна. Iншым дапамагалi дзецi, а мае адразу пасля школы паехалi вучыцца. Усю дзялку — як вокам акiнуць — даводзiлася абрабляць адной". Гаспадар яе Фёдар Пракопавiч з усёй сваёй вялiкай працоўнай бiяграфii толькi два гады лiчыўся на службе ў вясковай пажарнай часцi, астатнi час быў калгасным будаўнiком, але ўсё адно трапiў у чорныя спiсы "некалгаснiкаў".

— Мне не за грошы крыўдна, — кажа былая калгаснiца, — а за стаўленне. У мяне толькi куры ў гаспадарцы, колькi таго збожжа трэба? Я магу купiць нават на сваю пенсiю, ды i дзецi, дзякуй Богу, трывала стаяць на нагах. Але чаму выкрэслiваюць з памяцi ўсе гады такой працы, якая ў цяперашнiх калгасах нiкому i не снiлася? Ведаеце, як мы жылi, маладыя свiнаркi? Чаравікі ў мяне былi адны, як i ў iншых дзяўчат. Але ў царкву мы iшлi босыя. Каля самага храма, бывае, ногi памыеш у лужыне, абатрэш анучкай ды абуешся, потым выйдзеш пасля службы, разуешся, чаравікі — у вузельчык...   А наконт працы ў бальнiцы, я так разважаю: працавала таксама для калгаса i калгаснiкаў, якiя лячылiся. Сыноў выгадавала, вайскоўцамi сталi, хiба гэта не для краiны, народа? Васiль у Афганiстане ваяваў... Днi i ночы яго той службы былi для мяне цёмнымi балючымi гадамi. Думала, ад той пары нiколi смяяцца не буду. Але, дзякаваць Богу буду да апошняга свайго дня, вярнуўся. Цяпер служыць недалёка, пад Бярозай.

Нiколi нiдзе не скардзiлася, а сёлета, як саломы не далi, паехала ў ваенкамат, плакала там, журылася. Памаглi, праўда. Пакуль дадому вярнулася, куль саломы на падворак прывезлi. Нам жа многа не трэба, бульбу накрыць.

Такую ж крыўду выказала i жыхарка вёскi Глыбокае. Яна даглядае зараз 97-гадовую мацi Ганну Данiлюк, а раней працавала ў бальнiцы. І яе абышлi як чужога пенсiянера.

Колькi разоў за гады працы даводзiлася чуць падобныя гiсторыi! Як i контраргументы другога боку: мы цяпер СВК, ААТ, ЗАТ i нiкому нiчога не вiнаватыя, а былых калгасаў няма. Усе рашэннi наконт дапамогi пенсiянерам прымаюцца на сходах працаўнiкоў, усё законна i падмацавана адпаведнымi паперамi. Так, усё законна i правiльна. А мараль нi ў адным статуце новага сельгаспрадпрыемства не прапiсана як норма адносiнаў. На пасады новых калгасаў, якiм папярэднiчае з трох лiтараў абрэвiятура, прыйшлi маладыя кiраўнiкi i дзейнiчаюць згодна са сваiм уяўленнем аб правiлах гаспадарання. У iх на ўсё гатовыя адказы, накшталт таго, што час забываць добрыя савецкiя часы, калi ў калгасах хапала грошай. Цяпер кожная капейка на ўлiку, раскiдвацца ёй, капейкай, не выпадае. Толькi чамусьцi гэтыя новыя не ўлiчваюць, што прыйшлi яны не ў чыстае поле, дзе арганiзавалi новае прадпрыемства, а прыйшлi на тыя, старыя савецкiя калгасы, дабрабыт якiх стваралi гэтыя самыя сённяшнiя пенсiянеры. I не iх вiна, калi новым амбiцыйным кiраўнiкам дасталiся напаўразваленыя гаспадаркi. Пра гэта новым лепш спытаць у папярэднiкаў, якiя гаспадаркi развалiлi, а сабе паспелi пабудаваць дамы ў райцэнтрах, i не толькi сабе, а вельмi часта i дзецям. Былыя ж калгаснiкi, сённяшнiя 70-80-гадовыя, у большасцi сваёй працавалi сумленна, як i тыя, хто за капейкi працаваў у вясковай бальнiцы, КБА альбо яшчэ якой мясцовай установе.

Ды i наўрад цi зможа сённяшняе ААТ альбо СВК пабудаваць дабрабыт, ажыццявiць фiнансавы прарыў за сродкi, зэканомленыя на пенсiянерах. У рэшце рэшт не так бедна жывуць цяперашнiя гаспадаркi, як плачуць аб сваёй беднасцi iх кiраўнiкi. Дастаткова паглядзець, на якiх машынах яны ездзяць...

Гады два таму трапiлася на вочы даследаванне Галандскага iнстытута здароўя, якi апублiкаваў сенсацыйныя высновы. З дапамогай лiчбаў i сухiх разлiкаў тамтэйшыя вучоныя даказалi, што здаровы чалавек нявыгадны для эканомiкi. I адпаведна наадварот: чым раней чалавек памiрае, тым больш выгадны ён для эканомiкi любой еўрапейскай краiны, дзе i праводзiлася даследаванне. У дакладзе, напрыклад, гаворыцца: "Калi малады курэц захварэе на рак лёгкага i хутка памрэ, то на яго лячэнне будзе затрачана намнога меней сродкаў, чым на медыцынскую дапамогу чалавеку, якi ў актыўным ўзросце не хварэў, дажыў да сталых гадоў i пакутуе, напрыклад, ад хваробы Альцгеймера." Там узяты толькi адзiн аспект старасцi — ахова здароўя i выдаткi эканомiкi. Усё выкладзена правiльна i аргументавана... Але патыхае ад усяго даклада нейкай бесчалавечнасцю. Здаецца, чалавецтва даўно асудзiла практыку пазбаўлення ад старых як непатрэбнага баласту, што была ў старадаўнiя ды i больш познiя часы ў розных народаў. Ды адгалоскi той маралi, вiдаць, сталi жывучымi ў нетрах грамадства.

Нашы вясковыя пенсiянеры не могуць купляць шыкоўныя аўто, падарожнiчаць па свеце, як iх равеснiкi з багатай Еўропы, што публiкуе "сенсацыйныя" даклады. Яны не атрымлiваюць пенсii, адэкватнай рабоце сваёй маладосцi ў бедных калгасах. Iх i так пакрыўдзiлi. Дык цi варта крыўдзiць далей, эканомячы капейкi, якiя нiкога не выратуюць? Думаю, што не варта. Усе ж старымi будзем.

Святлана ЯСКЕВIЧ.

←Трусаў: розніца ў статыстыцы, сабранай па-расейску і па-беларуску, – 20%

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика