Дзявочы вечар

Источник материала:  

У ХІХ—ХХ стст. дзявочы вечар быў адным з галоўных звёнаў вясельнага абраду. У апошнi перад вяселлем дзень у хаце нявесты адбываўся абрад пад назвай дзявочы вечар (дзявiшнiк, дзявiчкi, дзявоцкi вечар, зборны дзень, зборава субота, вянкi). У хаце збiралiся сваякi нявесты: мацi, бацька, дзядзькi, цёткi, браты, сёстры i iншыя. Сяброўкi спявалi песнi, нявесце распускалi касу i вялi ў лазню. Пры гэтым нявеста павiнна была плакаць i кланяцца ўсiм у ногi, пачынаючы ад самых старэйшых. Нявеста плакала па сваёй "прыгажосцi", "касе", "волi", бесклапотным жыццi ў бацькоў. Лiчылася, што чым больш слёз пралье дзяўчына ў бацькоўскай хаце, тым меней яна будзе плакаць у сямейным жыццi.

У лазню пад спеў сябровак нявесту вялi свахi. Лазня мела на мэце рытуальнае ачышчэнне нявесты ад усiх ранейшых бедаў i нястач. Пасля вяртання з лазнi ў хаце ладзiлi вячэру. За сталом нявеста разам з сяброўкамi спявала песню, каб бацька i мацi блаславiлi дачку на жыццё-быццё ў "далёкiм краi". Бацька бласлаўляў дачку, яна ж павiнна была падарыць яму што-небудзь з прыданага. Тая ж песня гучала для блiжэйшых сваякоў. Нявеста i iх адорвала невялiкiмi падарункамi. Пасля працяглых спеваў нявесту садзiлi на лаву i ў апошнi раз у бацькоўскiм доме ёй запляталi касу пад спеў-галашэнне сябровак.

Адным са складнiкаў этапаў дзявочага вечара было прыгатаванне вянка нявесты, вясельнага дрэўца i знакаў адрознення шафераў — "кветачак". У дзявочы вечар дзяўчаты садзiлiся вакол стала i плялi вянок з раней прыгатаваных свежых цi сушаных траў, каляровых стужак, пацерак i iншых упрыгажэнняў. Але перш старшая шаферка тройчы прасiла блаславення ў бацькоў нявесты: "Блаславiце вянкi вiцi". На працягу ўсёй работы дзяўчаты спявалi песнi.

Яшчэ ў пасляваенны час сваёй неардынарнасцю вылучаўся вянок нявесты, якi рабiлi ў Верхнядзвiнскiм раёне. У зялёнае суквецце лекавых траў упляталi чырвоную стужку-абярэг, каля скроневых доляў замацоўвалi вырабленыя з воску вiнаградныя гронкi.

Калi вянок быў зроблены, нявеста падыходзiла да стала, кланялася дзяўчатам у пояс, дарыла iм падарункi. У Маладзечанскiм раёне iснавала павер’е: калi iголку, якую выкарыстоўвалi пры вырабе вясельнага вянка, кiнуць у раку, то тая дзяўчына хутка возьме шлюб.

Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК.

←МОИ ГОДА — МОЕ БОГАТСТВО!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика