Калi цяжка — варыянты дапамогi
Новыя правiлы аказання адраснай сацыяльнай дапамогi не павiнны прывесцi да значнага росту папулярнасцi гэтага вiду дзяржаўнай падтрымкi сярод пенсiянераў — такую думку выказала намеснiк мiнiстра працы i сацыяльнай абароны Беларусi Валянцiна Каралёва.
З новага года ўмовай для выдзялення штомесячнай адраснай сацыяльнай дапамогi застануцца даходы, меншыя за 100 працэнтаў бюджэту пражытковага мiнiмуму, а вось "планка" для выдзялення аднаразовай дапамогi ўзрасце — з 120 да 150 працэнтаў БПМ. Тым не менш, апошняя акалiчнасць наўрад цi прывядзе да рэзкага павелiчэння колькасцi адрасных выплат пенсiянерам. Прычына — памеры абсалютнай большасцi пенсiй перавышаюць вызначаную для дапамогi мяжу. "Па сутнасцi сёння даходы пенсiянераў у нечым супастаўляльныя з даходамi грамадзян, якiя працуюць, — зазначыла Валянцiна Каралёва. — Напрыклад, у сям'i, якая складаецца з дваiх дзяцей i дваiх бацькоў з сярэдняй па краiне зарплатай, на кожнага чалавека атрымлiваецца "чысты даход" у памеры прыкладна 460 тыс. рублёў. Тады як сярэдняя па краiне пенсiя па ўзросце — 409 тысяч".
У той жа час у мiнiстэрстве адзначаюць: з прычыны больш нiзкiх тэмпаў павелiчэння заробкаў сёлета рост працоўных пенсiй спынiўся, вынiкам чаго стала пэўнае адставанне ад выканання прагнозных паказчыкаў. Магчымасцi выпраўлення сiтуацыi i павышэння працоўных пенсiй будуць разглядацца. Пры гэтым Валянцiна Каралёва заўважыла: пенсiянеры, якiя апынулiся ў па-сапраўднаму цяжкiм матэрыяльным становiшчы, могуць звяртацца не толькi па адрасную дапамогу, але i па дапамогу са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва. Усяго за першую палову года дапамогу па лiнii Фонду атрымалi 27460 чалавек — на агульную суму 2 млрд 309 млн рублёў.
Сяргей ГРЫБ.