Зямля на зіму зварухнулася
25.09.2009
—
Новости Общества
26.09.2009
Паводле народных уяў-ленняў, на Узвіжанне “гады” (змеі) “сыходзяць” у невядомыя краіны, якія завуцца Ірыем, Вірыем, Выраем.
Існавала строгая забарона хадзіць у гэты дзень у лес: “змеі, калі збяруцца, заўважыўшы чалавека, пойдуць за ім з лесу і зноў надоўга распаўзуцца па акрузе, каб шкодзіць людзям за парушэнне спакою”.
Старыя людзі раілі: калі на Узвіжанне днём легчы і паспаць, то на працягу года змяя ніколі не ўкусіць. У гэты дзень асабліва ўважліва зачынялі дзверы, вароты, вокны і г.д., каб змеі, якія “пайшлі ў пуць пад зямлю”, не трапілі ў дом, у гной ці салому. Пасля Узвіжання птушкі адлятаюць у вырай. Першай адлятае і першай прылятае зязюля. Таму ў народзе яе называюць “ключніцай” выраю: “Уздвіжанне лета замыкаець, ключык шэрая зязюлечка панесла”. На Узвіжанне “птушка ў вырай пацягнулася, мядзведзь у бярлогу лёг”. Надыходзілі маразы, таму і казалі: “Узвіжанне цяпло адпіхвае, а холад набліжае”; “На Узвіжанне світку з плеч, а кажух на плечы”. У некаторых рэгіёнах у гэты дзень пачыналі капаць познюю бульбу і збіраць журавіны: “На Узвіжанне збірай журавіны”. Паўсюдна на Узвіжанне пачыналі саліць капусту. Для адзінокіх, сталых людзей, удоў наладжвалі “помачы”. Узвіжанская капусная талака — адна з такіх спрадвечных традыцый. На Узвіжанне збіраліся на “вячоркі-капусніцы”. На працягу двух тыдняў па вечарах збіраліся ў якой-небудзь хаце на “капусныя вечары”. З гэтай нагоды пяклі хлебныя караваі з капустай. Казалі: “У добрай гаспадыні на Узвіжанне і каравай з капустай”. “Капусныя вячоркі на два тыдні” — з караваямі, танцамі, спевамі пад гармонік. Закаханыя пары ўмацоўвалі на такіх вячорках свае адносіны, да самага рання весяліліся, вадзілі карагоды. Пасля Узвіжання забаранялася чысціць калодзежы. Па ўяўленнях нашых продкаў, ластаўкі, каб зазімаваць, хаваюцца ў калодзежах, таму іх нельга турбаваць. У гэты дзень раілі абавязкова патрэсці цэбар з салёнымі агуркамі — каб лепш захоўваліся.