ДВА БЕРАГІ АДНОЙ РАКI

Источник материала:  

Рыжскi мiрны дагавор у 1921 годзе падзялiў нашу краiну на дзве часткi. Палова тэрыторыi сучаснай "сiнявокай" адышла пад Польшчу, палова — пад Расiю. Толькi ў 1939-м былi злучаныя Заходняя i Усходняя Беларусi... Вiкторыя Iгнатаўна ЛIПНIЦКАЯ ўсё жыццё пражыла ў вёсцы Волма Дзяржынскага раёна. Якраз тут праходзiла польска-савецкая мяжа. Сёння Вiкторыя Iгнатаўна ўспамiнае тыя далёкiя гады.

Гаспадыня хаты сустракае мяне жвавай паходкай. Ну зусiм не скажаш, што жанчына хутка будзе святкаваць 90-годдзе! Потым яшчэ доўга просiць прабачэння, што здароўе ўжо не тое, прапаноўвае сесцi i пачынае з радасцю прыгадваць сваё дзяцiнства..

Вось так i выжывала нашая мова праз усе стагоддзi... (Аўт.)

(Аўт.)

— У нядзелю, калi мы, дзяўчаткi, з касцёла прыйдзем, у нас тут насупраць музыка была. Пяць хлопцаў жылi, дык у iх усякiя iнструменты былi: i скрыпка, i мандалiна, i гiтара. Танцы былi ў нас. У школе за год некалькi святаў: 11 лiстапада — дзень незалежнасцi Польшчы, канцэрты давалi ў клубе, вершы чыталi, 3 мая — дзень Канстытуцыi, нiхто не працаваў, усе iшлi да касцёла.

Недзе я гэта ўжо чуў.. Толькi даты трошкi не супадаюць, ды i касцёл... (Аўт.)

— Пры паляках зарплаты таксама не было, жылi са свайго. А ў таткi майго яшчэ конь быў, то настаўнiка куды завязе — той заплацiць, то яшчэ каго. У бацькоў дзесяць гектараў зямлi было. Гэта зараз дзецi то ў тэлевiзары, то ў камп'ютары — а мы прыйшлi са школы, зрабiлi-незрабiлi ўрокi, мамка вядзе нас у поле. У сям'i было пяцёра дзяцей: тры дзеўкi i два хлопцы. То ячмень палоць, то лён. А потым зжаць гэта ўсё. Дзесяць гектараў — трэба было добра папрацаваць. Прыйдзем на поле i жнём, а гарачыня такая! Ой-ёй! Таксама ў полi пасвiлi кароў, i нармальна яшчэ, калi добрае надвор'е, а калi дождж, дык думаеш: "Хутчэй бы той вечар!"

Бацькi! Калi дзецi не хочуць вас слухацца, выкарыстоўвайце гэты артыкул у якасцi страшылкi! Ну, цi лепш няхай вашыя бацькi ды бабулi-дзядулi раскажуць iм пра сваё дзяцiнства! (Аўт.)

(Аўт.)

— Мясцовы пан, пан Капылiнскi, трымаў за сабой лес. Калi ласка, iдзiце збiрайце ягады i грыбы, але трэба ўзяць квiточак — якую норму назбiраць i прынесцi пану. Мы неяк з суседскiмi хлопцамi пайшлi ў ягады ды не бралi гэтага квiтка. А ў пана былi два сыны, Збышак i Лешак, якiя на лета сюды прыязджалi. Назбiралi-неназбiралi мы гэтых ягад, а чуем, як па лесе на конях едуць панскiя сыны. Мы давай хавацца пад кусты! Добра, што не заўважылi нас...

Прыкладна вось так зараз пад Новы год ходзяць у лес па елачку... (Аўт.).

(Аўт.).

— Мяжа памiж польскай i савецкай тэрыторыяй аралася, а потым баранавалася, каб можна было ўбачыць сляды, калi хто перабег. Паласа была шырынёй каля 3—5 метраў. Польскiх салдатаў было дзесьцi 25 у Волме, яны хадзiлi з гэтага боку мяжы, а савецкія салдаты — з iншага. А гарнiзон польскi трошкi далей быў, у Iвянцы.

Памятаю, расказвалi, што адна жанчына пасвiла паджаробкаў у Каўшове, гэта вёска з савецкага боку, ды яны перабеглi сюды, на польскi бок. Дык што ёй рабiць, яна праз гэтую мяжу задам iшла, каб падумалi, што з таго боку перайшлi. Перагнала тых паджаробкаў, але ўсё адно потым злавiлi яе, засадзiлi ў будку...

Памятаю тады, 17 верасня 1939 года, савецкiя салдаты абстралялi стражнiцу. Пан Капылiнскi пабег яе ратаваць, дык яго i захапiлi адразу. Капылiнскага пасадзiлi пад варту, i ён прыслаў лiст, каб мой бацька чым яму дапамог. Мы былi добра знаёмыя, бо мой бацька купляў у яго зямлю. Але бацька нiчога не адказаў, баяўся, што i яго пасадзяць.

А быў яшчэ адзiн пан Ванковiч, ён паiў каня свайго, да яго савецкiя салдаты падышлi, пытаюцца, дзе тут пан жыве, той i адказаў, што не ведае. Пазней трошкi мужыкi далi гэтаму пану простае адзенне, хаця той i так заўсёды быў сцiпла апрануты, пасадзiлi на каня i адвезлi да найблiжэйшай станцыi, i той выехаў у Польшчу.

Калi прыйшлi Саветы, адразу пачалi зачыняць, бурыць касцёлы. Гэта ўсё на маiх вачах было. Вырывалi прыдарожныя крыжы. Кажуць, вось ты на трактары працуеш, дык зачапi гэты крыж i вырвi. Але нiхто не выступаў адкрыта супраць. Толькi мiж сабой: сустрэлiся, пагаварылi ды разышлiся.. Што б змянiлася ад размоў...

Я вiнавачу савецкую дзяржаву, што выгналi Бога з краiны. Гэта галоўная памыл0ка. Бог усё бачыць, i нельга было iсцi супраць яго!.. Вось зараз дзяржава зноў прыйшла да Бога, заклiкаюць хадзiць у царкву, касцёл, але што рабiць з тым пакаленнем, з некалькiмi пакаленнямi?..

Пасля мы яшчэ доўга размаўляем. У гаспадынi багатае жыццё за плячыма, i ёсць што расказаць. Але ўсё ж галоўнае, што чуецца праз усю размову — "Трэба жыць з Богам — i ўсё будзе добра...". Дзякуй, Вiкторыя Iгнатаўна, доўгiх вам гадоў жыцця!

Яўген ВАРАКСА.


Каментарыяў: 0

Даслаць каментарый

Iмя


 

 

←Активисты РОО "Белая Русь" запустили воздушные шары с посланиями Мира

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика