Колькi гадзiн павiнен доўжыцца працоўны дзень малаказборшчыка?

Источник материала:  

Жыхарка вёскi Азер'е Шклоўскага раёна Iрына Яўгенаўна Шубкова ўжо больш за 15 гадоў працуе малаказборшчыцай. На "гарачую лiнiю" яе прымусiлi патэлефанаваць наступныя абставiны. Як высветлiлася з размовы з жанчынай, раней ёй ставiлi працоўны дзень 7 гадзiн, зараз жа — толькi 5 гадзiн. Быццам бы была ў гаспадарцы ЗАТ "Нiва", дзе ўласна i працуе Iрына Яўгенаўна, нейкая праверка, "нi з кiм не сустракалася, нiчога не замярала", а вынiкам яе наведвання якраз i стала знiжэнне колькасцi працоўных гадзiн. Дарэчы, паводле слоў заяўнiцы, у аналагiчную сiтуацыю трапiлi яшчэ некалькi яе каляжанак.

— За год мне трэба адпрацаваць мiнiмум — 305 працоўных дзён. Пасля таго, як працоўны дзень сталi пiсаць не па 7 гадзiн, а па 5, выходзiць, што за год у мяне толькi 280 напрацаваных дзён. Не хапае да гадавога мiнiмуму. Праз тое мяне пазбавiлi збожжа. Звярталася з гэтай нагоды ў райвыканкам, адказалi, маўляў, усе пытаннi — да кiраўнiка гаспадаркi, ён справядлiвы, разбярэцца. Але ж нiхто нiчога не правяраў! Я абслугоўваю 28 малаказдатчыкаў, прымаю ў iх малако. На кожнага iдзе хвiлiн па 10 — вось вам ужо колькi часу набегла, — даводзiла нам Iрына Яўгенаўна. — Сама дарога на 5—6 кiламетраў таксама час займае. А пасля ж трэба яшчэ i бiдоны памыць. Зноў жа — конь. Няхай бы гадзiну працоўнага часу дадавалi штодня за тое, што каня дома кармлю.

Па каментар мы звярнулiся да начальнiка ўпраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання Шклоўскага райвыканкама Дзмiтрыя МIНЯНКОВА. Той папрасiў час для правядзення праверкi, хоць i быў у курсе справы. Менш чым праз тыдзень намеснiк начальнiка ўпраўлення па жывёлагадоўлi Сяргей МАЦЮШ распавёў, што хранаметраж працоўнага часу нашай заяўнiцы ў ЗАТ "Нiва" з удзелам галоўнага эканамiста i заатэхнiка адбыўся. Пра яго вынiкi нам падрабязна паведамiла ўжо галоўны эканамiст гаспадаркi Валянцiна ПАСКАННАЯ. Дарэчы, яна ўдакладнiла, што вышэйназваная праверка была iнiцыявана ўпраўленнем з аблвыканкама.

— Што паказаў хранаметраж працоўнага часу малаказборшчыцы? Што цалкам хапае 5 гадзiн, каб прыняць малако ва ўсiх 28 малаказдатчыкаў. Сюды ж уваходзiць i час на дарогу, i на тое, каб памыць бiдоны. У дзень праверкi на ферме была змарнаваная гадзiна часу ў чаканнi машыны з малаказавода, а само малако потым пералiлi ў цыстэрну за 10 хвiлiн, — патлумачыла Валянцiна Васiльеўна.

Адносна каня далей суразмоўца заўважыла, што ён — калгасны. Гэта азначае, што калi Iрына Яўгенаўна не жадае яго даглядаць, дык можа гэтага i не рабiць. "Пасля працоўнага дня яна можа адводзiць яго на ферму, дзе ёсць каму яго i пакармiць, i дагледзець. Аднак яна не хоча так рабiць".

— Я разумею, чаму ўзнiкла пытанне. Загадам дырэктара, калi выкананы дзяржзаказ i пры ўмове выпрацоўкi гадавога мiнiмуму ў 305 дзён, работнiкi па льготных цэнах атрымлiваюць сельгаспрадукцыю: на 1 тысячу рублёў — 150 грамаў мукi, — дадала галоўны эканамiст гаспадаркi. — Да ўвагi прымаўся перыяд з 1 жнiўня мiнулага года па сёлетняе 31 жнiўня. Людзi пра гэта ведалi, але, вiдаць, не вельмi бралi пад увагу.

Як дадаў ужо кiраўнiк ЗАТ "Нiва" Рыгор КАВАЛЁЎ, загад адносна залiчэння 5, а не 7 гадзiн працоўнага часу малаказборшчыцы пачаў дзейнiчаць з 1 жнiўня гэтага года. Аднак, паводле слоў Рыгора Мiкалаевiча, у нашай сiтуацыi гэта ўжо не адыгрывала нiякай ролi: мiнiмум працоўных дзён усё адно не быў бы выкананы. "Да таго ж не варта забывацца, што выдзяленне прадукцыi — гэта дадатковае заахвочванне." Далей суразмоўца сказаў тое ж, што i раней начальнiк упраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання райвыканкама. Каб "дабраць" да сямi гадзiн працоўнага часу, заяўнiцы, як i iншым, хто трапiў у падобную сiтуацыю, прапаноўвалi адпрацоўваць патрэбныя дзве гадзiны, выконваючы iншую працу. Аднак ахвотных... не было.

Р.S. Калi матэрыял ужо быў падрыхтаваны да друку, патэлефанаваў Рыгор Кавалёў, якi паведамiў, што людзi могуць пiсаць заявы на назiральны савет. Ён разгледзiць сiтуацыю, магчыма, будзе прынятае рашэнне аб стымуляваннi работнiкаў прапарцыйна адпрацаванаму iмi часу.

Калi матэрыял ужо быў падрыхтаваны да друку, патэлефанаваў Рыгор Кавалёў, якi паведамiў, што людзi могуць пiсаць заявы на назiральны савет. Ён разгледзiць сiтуацыю, магчыма, будзе прынятае рашэнне аб стымуляваннi работнiкаў прапарцыйна адпрацаванаму iмi часу.

Сяргей РАСОЛЬКА.


Каментарыяў: 0

Даслаць каментарый

Iмя


 

 

←Активисты РОО "Белая Русь" запустили воздушные шары с посланиями Мира

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика