ПРА НОВУЮ КНІГУ АНДРЭЯ ФЕДАРЭНКI
Экслібрыс
Якой вам бачыцца iдэальная кнiга для дзяцей i падлеткаў?
Думаю, што кожны чытач мае свой вобраз такога выдання, i ўсё ж цяжка памылiцца, называючы агульныя прыкметы. Прыцягальная вокладка, абавязковыя малюнкi, кароткае апiсанне зместу кожнага раздзела... Займальная i пажадана заблытаная сюжэтная лiнiя, якая б надавала кнiзе аб'ём, не даючы скончыцца раней часу. Час патрэбны, каб уявiць усё самому, ужыцца ў чужую фантазiю, як у сваю ўласную. Як на маю думку, дык iдэальныя — "Рабiнзон Круза" i "Палескiя рабiнзоны", хоць з узростам iх значнасць для свядомасцi згасае... I ўсё ж застаецца падсвядомае адчуванне, што i сучасным дзецям, якiя выраслi на камп'ютарных гульнях i экранiзацыях "Гары Потэра", важна сустрэць на сваiм кнiжным шляху падобнае выданне.
Мiж тым, менавiта пастаноўка вострых праблем цяперашняга грамадства вылучае "Афганскую шкатулку" Андрэя Федарэнкi з шэрагу сённяшняй лiтаратуры для юнага чытача. Не сакрэт, што прыгожае пiсьменства, адрасаванае наймаладзейшаму пакаленню чытачоў, апошнiм часам ператвараецца ў пiсьмо гламурна-казачнае, дзе няма i не можа быць праўды жыцця.
Зусiм iншы шлях абiрае Андрэй Федарэнка. Аповесць, якая дала назву ўсёй кнiзе (у ёй змешчана яшчэ восем апавяданняў), прыцягвае ўвагу не толькi дэтэктыўна-прыгоднiцкiм сюжэтам, якi разгортваецца вакол пошуку шкатулкi з каштоўнымi камянямi. Яна запамiнаецца праўдзiвым адбiткам жыцця, дзе поруч з сяброўствам, дабрынёю, сапраўдным альтруiзмам i пачуццём справядлiвасцi квiтнеюць абыякавасць, цынiзм, хцiвасць, прага хуткай нажывы.
Так сталася, што станоўчымi якасцямi аўтар "Афганскай шкатулкi" надзялiў пераважна дзiцячых персанажаў, а адмоўнымi — дарослых. Здаецца, што ён цалкам салiдарны з пазiцыяй сваёй маленькай, але ўжо бяздомнай гераiнi Вiкi, якая прамаўляе: "А вось якраз дарослым я менш за ўсё i веру". I хоць малыя ў фiнале аповесцi дапамагаюць старэйшым, а тыя ў сваю чаргу здзяйсняюць мары дзятвы, адчуванне гэтага недаверу да разумнасцi i гарманiчнасцi "дарослага свету" не знiкае i на апошнiх старонках кнiгi.
Аповесць узнiмае зусiм не дзiцячыя праблемы i, думаю, з цiкавасцю будзе прачытаная дарослым чытачом. Апошнiм раю звярнуць увагу на апавяданне "Цунгцванг", якое асабiста мне ў гэтым зборнiку спадабалася цi не найбольш. Таямнiца, закладзеная ў яго сюжэтную лiнiю, трымаецца на рашэннi шахматнай задачы... Пэўным чынам гэты твор пераклiкаецца з "Афганскай шкатулкай" — сваёй спецыфiчнай падзеленасцю на чорна-белыя зоны, з якiх i напраўду складаецца наша з вамi жыццё.
Ганна КIСЛIЦЫНА.
Каментарыяў: 0 Даслаць каментарый |