Як Нацыянальны ў нацыянальным

Источник материала:  

Тэатр, якi атрымаў сваю назву ў гонар Якуба Коласа, трымае кiрунак у бок беларускай драматургii

Гэта засведчыў напярэдаднi гастроляў Нацыянальнага акадэмiчнага драматычнага тэатра iмя Я. Коласа ў Мiнску яго мастацкi кiраўнiк Рыд Талiпаў. Трупа з Вiцебска фактычна абвяшчае дэкаду беларускай мовы на сцэне рускага тэатра iмя Горкага, якi сам накiруецца са спектаклямi ў Вiцебск. За гэтыя дзесяць дзён — з 17 па 26 верасня — вiцябчане спадзяюцца здзiвiць Мiнск.

І пачнуць са спектакля паводле Максiма Горкага "Васа", праўда, спектакль iдзе па-беларуску. Хоць у рускiм тэатры ёсць свая "Васа", цiкава будзе паглядзець на народную артыстку Беларусi Святлану Акружную ў ролi Жалязновай — такой "жалезнай лэдзi", у iснаваннi якой усё падпарадкавана дабрабыту яе дзяцей. Гiсторыю сям'i вырашыў увасобiць рэжысёр Рыд Талiпаў, разважаючы пра тое, як захаваць сям'ю i ўтрымаць яе ад раз'яднання. Вельмi сiмвалiчна, калi ўзяць пад увагу тое, што тэатр — гэта таксама сям'я, у якой бываюць свае крызiсы i значныя падзеi, здольныя аб'яднаць. Як гастролi, напрыклад.

Мiж iншым, сустрэчы са сталiчным гледачом у тэатра iмя Я. Коласа бывалi дагэтуль, аднак апошнiм разам, у 2007 годзе, вiцебскi тэатр прымаў Купалаўскi тэатр. Тады, два гады таму, тэатрам кiраваў вядомы рэжысёр Вiталь Баркоўскi, а гастролi былi своеасаблiвай справаздачай яго за доўгую творчую дзейнасць. Цяпер у гастрольнай афiшы "коласаўцаў" адна пастаноўка Баркоўскага — спектакль "Прывiтанне, Альберт!" прысвечана генiю Альберта Эйнштэйна, якi засведчыў, што ў прыродзе i ў жыццi ўсё адносна.

Сапраўды. Хваля пераўтварэнняў i ператасовак, якая ў мiнулым сезоне ўзварухнула тэатральны асяродак, закранула i Нацыянальны акадэмiчны тэатр iмя Якуба Коласа. I ў сакавiку 2009 года новым мастацкiм кiраўнiком вiцебскага тэатра стаў Рыд Талiпаў.

Сёлета на гастролi ў сталiцу тэатр iмкнуўся прывезцi розныя па змесце спектаклi, але асаблiва мастацкi кiраўнiк падкрэслiвае той факт, што пяць пастановак створаны паводле беларускiх аўтараў. I як сведчыць вiцебская публiка — гэта цiкава для гледача!

Цiкава тое, што знаёмiць з беларускай гiсторыяй, напрыклад, спектакль "Крыж Ефрасiннi", якi паставiў Мiхаiл Краснабаеў паводле п'есы Iрыны Маслянiцынай. У Святой Ефрасiннi яе землякi праз тысячагоддзi змогуць павучыцца, як абраць свой шлях аднойчы i назаўсёды.

Рэжысёр Уладзiмiр Савiцкi для пастаноўкi на Вiцебскай сцэне абраў твор Святланы Алексiевiч "Апошнiя сведкi", якi звяртае чытача да эпiзодаў з жыцця "дзяцей вайны". I ён жа прапанаваў "антыкрызiсную праграму ад Уладзiслава Галубка", якую дагэтуль не ставiлi, але цяпер яна ўвасобiлася ў музычную камедыю "Ветрагоны". Аднак камедыйную плынь iмкнуцца падтрымлiваць сучасныя аўтары, напрыклад, Дзiяна Балыка, якая разам з рэжысёрам Сяргеем Кулiкоўскiм спрабуе дапамагчы маладым людзям разабрацца ў сваiм асабiстым жыццi, паглядзеўшы спектакль "Псiхааналiтык для псiхааналiтыка". Ёсць у рэпертуары "коласаўцаў" класiчная камедыя "За двума зайцамi" паводле ўкраiнскага драматурга Мiхаiла Старыцкага, якая, мiж iншым, не згубiла актуальнасцi свайго гучання i сёння.

Аднак новы мастацкi кiраўнiк тэатра Рыд Талiпаў упэўнены: калi не ставiць творы беларускiх аўтараў, то яны i не будуць з'яўляцца. Але беларуская драматургiя павiнна раскрываць балючыя месцы жывых людзей з iх праблемамi i пачуццямi.

Ларыса ЦIМОШЫК.


Каментарыяў: 0

Даслаць каментарый

Iмя


 

 

←Активисты РОО "Белая Русь" запустили воздушные шары с посланиями Мира

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика