Арлену Кашкурэвiчу — 80!
— Я лiчу Арлена Кашкурэвiча адным з найлепшых мастакоў сучаснасцi, — гаворыць
Адам Мальдзiс пра вядомага беларуса i мае рацыю.
Арлен Кашкурэвiч — народны мастак Беларусi, аўтар шэрагу выстаў i серый прац па кнiжнай iлюстрацыi i станковай графiцы. Ім аформленыя iлюстрацыi да выданняў "Песнi пра зубра" Мiколы Гусоўскага, "Курган" Янкi Купалы, "Сэрца на далонi" Iвана Шамякiна, "Дзiкае паляванне араля Стаха" i "Каласы пад сярпом тваiм" Уладзiмiра Караткевiча. У 1972 годзе за серыi станковых работ "Партызаны" i "Купалiяна" ўзнагароджаны дзяржаўнай прэмiяй Беларусi.
— Значэнне i заслугi Арлена Кашкурэвiча ў беларускiм грамадстве проста вялiзныя, — гаворыць мастак Мiкола Купава. — Гэта прафесiянал высокага класа. Сёння многiя спрабуюць знайсцi i патлумачыць значэнне беларускай нацыянальнай iдэi. Ён жа фактычна працаваў у рамках гэтай iдэi. Створаныя iм мастацкiя каштоўнасцi цалкам адэкватныя гэтай iдэi, яго творы — цалкам адэкватныя адпаведным лiтаратурным. Мастацкiя творы Кашкурэвiча вылучае высокi прафесiяналiзм, адукаванасць, iнтэлiгентнасць... I нельга часам бывае раскрыць лiтаратурны твор так, як гэта рабiў i робiць ён. З Арлена Кашкурэвiча фактычна i распачынаецца беларускае кнiжнае мастацтва. Ён майстар тэхнiкi лiтаграфii, вiртуоз малюнка пяром.
Нарадзiўся Арлен Кашкурэвiч у Мiнску 15 верасня 1929 года. Экспазiцыi яго прац праходзiлi ў многiх краiнах свету. Многiя з яго твораў захоўваюцца сёння ў Нацыянальным мастацкiм музеi Беларусi, Траццякоўскай галерэi ў Маскве, а таксама ў шэрагу музеяў Еўропы.
Iлья Лапато.
Каментарыяў: 0 Даслаць каментарый |