Дзеля сумеснай малiтвы

Источник материала:  

Вiзiт Патрыярха Маскоўскага i ўсяе Русi Кiрыла ў Беларусь

25 верасня ў Беларусь з Першасвяцiцельскiм вiзiтам прыязджае Патрыярх Маскоўскi i ўсяе Русi Кiрыл. Мяркуецца, што праваслаўныя вернiкi будуць мець магчымасць сумеснай малiтвы i адкрытых гутарак са сваiм Архiпастарам.

Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай царквы наведае нашу краiну па запрашэннi кiраўнiка Беларускай праваслаўнай царквы i кiраўнiцтва дзяржавы. Мэта вiзiту — духоўныя зносiны i сумесная малiтва з беларускай паствай, гутаркi з грамадскасцю i моладдзю.

— Мы рыхтуемся сустрэць Свяцейшага Патрыярха ў Беларусi ўжо сёмы раз, — сказаў учора на прэс-канферэнцыi ў прэс-цэнтры Дома прэсы Мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi ФIЛАРЭТ, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi. — Шэсць вiзiтаў праходзiла з удзелам папярэднiка Патрыярха Кiрыла — Патрыярха Аляксiя, якi заўсёды вельмi цёпла адгукаўся пра Беларусь. Мы ўпэўненыя, што спадабаемся i новаму Патрыярху.

Патрыярх Кiрыл наведае тры беларускiя гарады: Мiнск, Полацк i Вiцебск.

Iскрынкай павiнен стаць вiзiт у Полацк, удзел Яго Свяцейшаства ў святкаваннi Уздзвiжання Пачэснага i Жыватворнага Крыжа Гасподняга i Чын Уздзвiжання.

— Гэта асноўны сакраментальны момант, — падкрэслiў Мiтрапалiт Фiларэт. — Бо ўздзвiгацца будзе адноўлены Крыж Ефрасiннi Полацкай.

Адметнасцю будучага патрыяршага вiзiту стануць i дзве сустрэчы з грамадскасцю. Першая адбудзецца 25 верасня а 18 гадзiне ў Палацы Рэспублiкi ў Мiнску. Другая, якая завершыць вiзiт, — 28 верасня а 11 гадзiне ў Летнiм гарадскiм амфiтэатры ў Вiцебску. Удзельнiкамi другой сустрэчы стануць каля 8 тысяч маладых людзей, у тым лiку студэнтаў.

— Вiзiт Патрыярха Кiрыла — вялiкi гонар для Беларусi, — сказаў на прэс-канферэнцыi ўпаўнаважаны па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў Рэспублiкi Беларусь Леанiд ГУЛЯКА. — Па сутнасцi — гэта свята беларускага народа, бо праваслаўныя ў нашай краiне складаюць 82 працэнты ад колькасцi ўсiх вернiкаў. Стаўленне беларускай дзяржавы да ўсiх канфесiй роўнае, але колькасць праваслаўных кажа сама за сябе. Таму дзяржава бярэ на сябе таксама адказнасць i клопат па знаходжаннi Патрыярха ў краiне. Я ўпэўнены, што нам будзе пра што расказаць i што паказаць Прадстаяцелю Рускай праваслаўнай царквы, якому цiкавыя не толькi рэлiгiйныя пытаннi.

Першасвяцiцельскi вiзiт прадугледжвае наведванне храма-помнiка ў гонар Усiх Святых, якi будуецца, i сацыяльнага цэнтра Беларускай праваслаўнай царквы — Дома Мiласэрнасцi, падчас якога адбудзецца завяршэнне Акцыi "Сям'я — яднанне i любоў".

— У падрыхтоўцы вiзiту Праваслаўная царква аб'ядноўвае намаганнi з дзяржавай, — пацвердзiў кiраўнiк каардынацыйнага савета знешнiх сувязяў Беларускага экзархата, настаяцель прыхода ў гонар Усiх Святых горада Мiнска протаiерэй ФЁДАР (ПОЎНЫ). — Ад таго, як мы пакажам нашу краiну, жыццё нашай Царквы, будзе шмат у чым вызначацца i развiццё Праваслаўя не толькi ў Беларусi. Не сумняваюся, што тое станоўчае, што адбываецца ў Беларускай праваслаўнай царкве, заслугоўвае ўвагi i прыкладу.

Выдавецтва Беларускага экзархату падрыхтавала да прыезду Свяцейшага шэраг новых выданняў, сярод якiх кнiга гутарак з Патрыярхам Кiрылам "Быць верным Богу", яна ўжо ёсць у продажы. Але галоўным падарункам стане факсiмiльнае выданне Слуцкага Евангелля, якое адбываецца з падтрымкай дзяржавы i павiнна завяршыцца да 25 верасня.

— Факсiмiльнае выданне Слуцкага Евангелля стане сiмвалам нашага духоўнага адраджэння нароўнi з адноўленым Крыжам прападобнай Ефрасiннi, iгуменнi Полацкай, — сказаў выканаўчы дырэктар выдавецтва Беларускага Экзархату Уладзiмiр ГРОЗАЎ.

Арганiзатары Патрыяршага вiзiту падкрэслiваюць, што мэта наведвання Патрыярхам Беларусi — духоўныя зносiны з паствай. Таму абяцаецца, што ўсе вернiкi, якiя жадаюць удзельнiчаць у сумеснай малiтве з Архiпастарам, будуць мець гэту магчымасць. Удзел у набажэнствах i масавых мерапрыемствах не будзе абмежаваны.

Праграма вiзiту прадугледжвае, што апоўднi ў пятнiцу, 25 верасня, Свяцейшы Патрыярх наведае Свята-Духаў кафедральны сабор у Мiнску, паклонiцца Мiнскаму абразу Божай Мацi i мошчам Святой праведнай Сафii Слуцкай. Пасля чаго Свяцейшы звернецца з саборнай паперцi з вiтальным словам.

Увечары гэтага дня адбудзецца сустрэча з навуковай i творчай iнтэлiгенцыяй, прадстаўнiкамi царкоўнай i свецкай грамадскасцi ў Палацы Рэспублiкi.

У суботу апоўднi запланавана ўскладанне вянка да абелiска на плошчы Перамогi, а 13 гадзiне — наведванне Дома Мiласэрнасцi. Увечары Свяцейшы прыбудзе ў Полацк, дзе а 18 гадзiне возьме ўдзел у святочным набажэнстве ў Свята-Крыжа-Уздзвiжанскiм саборы Спаса-Ефрасiннеўскага жаночага манастыра.

27 верасня, у нядзелю, а 9 гадзiне ранiцы Патрыярх узначалiць лiтургiю ў Свята-Крыжа-Уздзвiжанскiм саборы. А 16 гадзiне плануецца прыбыццё Патрыярха ў Вiцебск, якое пачнецца з ускладання кветак да мемарыяльнага Крыжа на месцы гiбелi ў вiцебскiм канцлагеры 100 тысяч ахвяраў фашызму. А палове пятай увечары Свяцейшы адслужыць кароткi малебен у Свята-Пакроўскiм кафедральным саборы горада Вiцебска, пасля якога возьме ўдзел у цырымонii адкрыцця плошчы Перамогi.

На панядзелак, у 11 гадзiн 20 хвiлiн, запланавана сустрэча з моладдзю ў Летнiм гарадскiм амфiтэатры Вiцебска.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.


Каментарыяў: 0

Даслаць каментарый

Iмя


 

 

←Активисты РОО "Белая Русь" запустили воздушные шары с посланиями Мира

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика