ZALA: кiруйсваiм тэлебачаннем!

Источник материала:  

15 верасня ў Беларусi з'явiўся новы i пакуль што адзiны беларускамоўны ІТ-брэнд: пад гандлёвай маркай ZALA нацыянальны аператар электрасувязi "Белтэлекам" плануе прасоўваць на айчынным рынку iнтэрактыўнае тэлебачанне. I хоць у лагатыпе беларускае слова "зала" (у сэнсе кiназала) напiсана лацiнскiмi лiтарамi: "ZALA", тым не менш усе рэкламныя i прома-матэрыялы падрыхтаваныя на беларускай мове. Тэлевiзiйныя рэкламныя ролiкi таксама будуць "размаўляць" з гледачамi па-беларуску. А праз нейкi час, як абяцаюць у "Белтэлекаме", павiнна з'явiцца i беларускамоўная версiя iнтэрфейса IPTV-прыстаўкi.

— Рэкламную кампанiю тэлебачання новага пакалення мы вырашылi праводзiць на беларускай мове, каб пацвердзiць нацыянальную прыналежнасць нашай гандлёвай маркi, а таксама з прыцэлам "вырасцiць" брэнд нацыянальнага маштабу, — паведамiла на сустрэчы з журналiстамi начальнiк упраўлення маркетынгу РУП "Белтэлекам" Вольга Вiткоўская. — Мы вельмi спадзяёмся, што новы вобраз дапаможа спажыўцам у выбары аператара, якi прапаноўвае паслугi сучаснага тэлебачання, i iнтэрактыўнае тэлебачанне не будуць памылкова блытаць з iнтэрнэт-тэлебачаннем.

Тэхналогiя IPTV як фармат ТБ новага пакалення iмклiва распаўсюджваецца ў развiтых краiнах свету. Лiдарамi па колькасцi абанентаў IР-тэлебачання з'яўляюцца краiны Заходняй Еўропы (больш як 11 млн чалавек), Паўночнай Амерыкi (больш як 4,5 млн), Паўднёвай i Усходняй Азii (больш як 4 млн абанентаў). У краiнах Усходняй Еўропы налiчваецца ўжо больш за 1,1 млн абанентаў.

Для беларусаў лiчбавае iнтэрактыўнае тэлебачанне стала даступным толькi год таму, але ўжо за першы год яго абаненцкая база наблiзiлася да 40 тысяч чалавек. Да канца 2009 года мяркуецца падключыць яшчэ каля 10 тысяч новых абанентаў. Цiкава, што 90 працэнтаў гледачоў iнтэрактыўнага тэлебачання пражываюць зусiм не ў сталiцы, а ў райцэнтрах, аграгарадках i ў абласных цэнтрах — там, дзе няма кабельнага цi спадарожнiкавага тэлебачання, але ёсць стацыянарная тэлефонная сувязь (хоць можна быць адначасова абанентам i кабельнага, i iнтэрактыўнага тэлебачання). А галоўная адметнасць iнтэрактыўнага тэлебачання — гэта магчымасць кожнаму з гледачоў кiраваць тэлеэфiрам i ладзiць яго пад сябе.

ZALA дазваляе абанентам выбiраць пакеты тэлеканалаў, складаць свой расклад тэлеперадач, праглядаць праграму перадач непасрэдна на экране свайго тэлевiзара, устанаўлiваць бацькоўскi пароль на доступ да асобных перадач цi тэлеканалаў, не рэкамендаваных для дзiцячага прагляду, запiсваць будучыя тэлеперадачы, а пасля праглядзець iх у любы момант. Акрамя прагляду тэлеперадач, так бы мовiць, у "жывым" эфiры, абанентам даступныя дадатковыя сэрвiсы адкладзенага прагляду: пастаноўка тэлеперадачы на паўзу з магчымасцю аднаўлення прагляду, а таксама прагляд тэлеперадач, якiя транслiравалiся ў эфiры на працягу апошнiх 48 гадзiн. На практыцы гэта выглядае наступным чынам: дапусцiм, падчас захапляльнага фiльма штосьцi адцягнула вашу ўвагу (неабходнасць адказаць на тэлефонны званок, выключыць плiту цi праверыць урокi ў дзяцей). У гэтым разе можна скарыстацца функцыяй "паўза" цi, калi пульта пад рукой не аказалася, "адматаць" фiльм назад у зручны для вас момант. Можна паглядзець цiкавы момант перадачы некалькi разоў. Можна таксама паглядзець i тую перадачу, якая прайшла напярэдаднi, а вы яе па нейкай прычыне прапусцiлi...

Да апошняга часу ZALA магла прапанаваць сваiм абанентам тры пакеты: "Прэм'ера", "Проста ТБ" i тэматычны пакет "На канапе". А з 15 верасня запускаюцца яшчэ два пакеты, прызначаныя для юрыдычных асобаў: "Карпаратыўны", якi ўключае 30 каналаў i валодае ўсiмi iнтэрактыўнымi функцыямi IТ—тэлебачання, i пакет "Свет спорту". Апошнi створаны спецыяльна для прагляду папулярных тэлеканалаў "Еўраспорт" i "Еўраспорт-2". У гэтым пакеце прадугледжаны iнтэрактыўныя функцыi: зрух у часе i персанальны вiдэамагнiтафон. Iнфармацыю аб тым, як стаць абанентам iнтэрактыўнага тэлебачання, можна знайсцi на iнтэрнэт-сайце www.zala.by цi атрымаць па тэлефоне "130" (усе званкi — бясплатныя).

Надзея НIКАЛАЕВА.


Каментарыяў: 0

Даслаць каментарый

Iмя


 

 

←Активисты РОО "Белая Русь" запустили воздушные шары с посланиями Мира

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика