Адкуль прыходзяць казкі?.. Сустрэча з пісьменнікам, які прыдумаў для нашых дзяцей Вятрыску з Вентылятара
Генадзь Аўласенка з тых пісьменнікаў, якіх не палохаюць ніякія крызісы — ні эканамічныя, ні духоўныя. Сельскі настаўнік, які многія гады выкладае біялогію ў розных школах Чэрвеньшчыны, ён яшчэ піша вершы, п’есы, апавяданні... І галоўнае — вельмі шмат піша для дзяцей. Творы Генадзя Аўласенкі часта друкуюцца — літаральна ва ўсіх дзіцячых газетах і часопісах краіны, ды і ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у газеце “Літаратура і мастацтва”. Сёлетні год азнаменаваўся для настаўніка і члена Саюза пісьменнікаў Беларусі выхадам у свет адразу дзвюх кніг. Ды пра гэты плён і ўвогуле пра сакрэты творчай кухні — размова з самім пісьменнікам з Чэрвеня.
— Генадзь, чаму ўсё ж такі пішаце для дзяцей? Вы ж — цікавы лірычны паэт, здольны драматург...
— Хтосьці з вялікіх (не памятаю хто) сказаў, што для дзяцей трэба пісаць, як для дарослых, але яшчэ лепш. І я цалкам згодны з гэтым выказваннем. Напэўна, менавіта таму пачынаючыя пісьменнікі рэдка пішуць творы для дзяцей. І я таксама дзіцячым пісьменнікам стаў не адразу. Спачатку пісаў толькі так званыя дарослыя вершы. Потым пачалі атрымлівацца і вершы для дзяцей. Тое ж самае і з п’есамі, бо акрамя п’ес для дарослых у маім творчым багажы зараз шмат дзіцячых п’ес, многія з іх вершаваныя.
Што ж датычыцца прозы, то тут крыху іншая сітуацыя. Здаецца, і дарослую, і дзіцячую прозу я пачаў пісаць амаль адначасова. Але гэта адбылося ўжо пасля таго, як я набіў сабе руку ў напісанні і дарослых, і дзіцячых вершаў і п’ес.
— Педагагічны шматгадовы вопыт — гэта падмога ці памеха ў літаратурнай рабоце, зарыентаванай на дзіцячага чытача?
— Напэўна, усё ж падмога, хоць часта прамой сувязі паміж працай у школе і стварэннем таго ці іншага дзіцячага твора не назіраецца. Але, да прыкладу, некалькі маіх дзіцячых п’ес напрамую звязаны з педагагічнай работай. Пісаў я іх як сцэнарыі для той ці іншай школьнай вечарыны. Потым, калі гэты сцэнарый з поспехам праходзіў у школе, дапрацоўваў яго ў п’есу. Праўда, не ўсе мае школьныя сцэнарыі чакаў такі зайздросны лёс. Многія з іх проста адбракоўваліся, не вытрымаўшы, як кажуць, выпрабаванне часам...
А наконт маіх дзіцячых казак і вершаў... Тут, пэўна, сувязь з педагагічным вопытам куды меншая, бо як-ніяк працую я ўсё ж у старэйшых класах (выкладаю там біялогію і хімію), а мае дзіцячыя творы ўсё ж адрасуюцца дзецям малодшага школьнага ўзросту.
— Генадзь, а ці не ідэалізуем мы часам выхаваўчую ролю дзіцячай літаратуры? Мо жыццё — усё ж лепшы выхавацель?
— Тут усё залежыць ад “дозы”. Калі мы ў кожным творы будзем з кожнай старонкі паўтараць юнаму чытачу, што добра вучыцца — гэта добра, а дрэнна вучыцца — гэта дрэнна, то, якім бы цікавым ні быў гэты твор сам па сабе, дзеці яго проста адкладуць убок, нават не дачытаўшы.
Вядома ж, дзіцячая літаратура павінна выконваць пэўную выхаваўчую ролю. Але творы для дзяцей, на мой погляд, павінны быць створаны так, каб маленькі чытач сам змог разабрацца, што вось гэты казачны герой станоўчы, а гэты — не вельмі станоўчы, а можа, нават і адмоўны. Тое ж і з учынкамі казачных персанажаў.
І вядома ж, у творах для дзяцей дабро павінна перамагаць зло, бо дзеці падсвядома заўжды гэтага чакаюць. І няхай потым яны даведаюцца, што ў рэальным жыцці так бывае не заўсёды, але хай яны даведаюцца аб гэтым як мага пазней...
— Сёлета ў вас выйшла кніжка пра Вятрыску з Вентылятара... Наколькі скразны герой ваш Вятрыска? Яшчэ прыйдуць да чытача новыя казкі з Вятрыскам?
— Ужо зараз у выдавецтве “Літаратура і Мастацтва” ляжыць працяг прыгод маленькага Вятрыскі з Вентылятара, не сумняваюся, што рана ці позна яны пабачаць свет... Ва ўсялякім разе, я на гэта шчыра спадзяюся. А ў маім так званым аўтарскім стале маецца і працяг гэтага працягу. Ні ў якім разе не хачу сказаць, што мой маленькі Вятрыска — гэта нейкі “мой адказ Гары Потэру”... Але я таксама мару стварыць пэўны цыкл твораў з гэтым героем. Паступова маленькі Вятрыска будзе расці з кожным новым творам, і прыгоды ў яго адпаведна таксама будуць станавіцца ўсё больш і больш “дарослымі”. Але, паўтараю, гэта пакуль што толькі мае задумкі, усё будзе залежаць ад таго, як прымуць майго Вятрыску юныя чытачы.
Што ж датычыцца мяне самога, то мне гэты маленькі герой вельмі сімпатычны і я з задавальненнем буду працягваць з ім творчае супрацоўніцтва.
— На Бярэзіншчыне жыве цікавы дзіцячы пісьменнік-прыродазнаўца Рыгор Ігнаценка, на Любаньшчыне — дзіцячы паэт Іван Муравейка, у Мар’інай Горцы — аўтар аповедаў пра Якуба Коласа, адрасаваных дзецям, Браніслаў Зубкоўскі. Непадалёку ад Узды — Васіль Гурскі, які таксама піша для дзяцей. Глыбінка, стасункі з прыродай, відаць, болей спрыяюць адкрытасці, шчырасці, так неабходных дзіцячай літаратуры?
— Магчыма, і сапраўды творцы з правінцыі, з невялікіх гарадкоў ці нават вёсак больш звязаны з прыродай і гэта нейкім чынам уплывае на іх творчасць. Мае казкі, якія ўвайшлі ў казачную трылогію (“Чырвоная кніга”, “Лясная кніга”, “Блакітная кніга”), якую выпусціла выдавецтва “Літаратура і Мастацтва” ў 2007—2009 гг., хутчэй за ўсё, наўрад нарадзіліся б, калі б я жыў, да прыкладу, у тым жа Мінску. Але гэта не значыць, што пісьменнікі-мінчане не маюць у сваіх дзіцячых творах усё той жа шчырасці і адкрытасці або маюць іх у недастатковай колькасці. Уладзімір Мазго, Алена Масла, Людміла Рублеўская — выдатны прыклад зваротнага. Іншая справа, што ў творах гэтых пісьменнікаў куды больш гарадскога жыцця, а ў творах пісьменнікаў-правінцыялаў — больш жыцця вясковага... Але ж так і павінна быць, і нічога ў гэтым дрэннага няма...
Сам жа я, хоць і жыву на Чэрвеньшчыне (Ігуменьшчыне, як яе яшчэ называюць), нарадзіўся і вырас на маляўнічай Ушацкай зямлі. Ды і зараз кожнае лета я хоць на пару тыдняў, але наведваюся туды. Я не хачу сказаць, што мне не падабаецца горад Чэрвень... Як-ніяк, але я жыву ў ім ужо амаль трыццаць гадоў... Ды і пісьменнікам стаў менавіта тут. Але, пэўна ж, і гэтае штогадовае наведванне Ушаччыны таксама дае нейкі штуршок для маёй творчасці.
— Генадзь, а сваім дзецям уласныя казкі чыталі, чытаеце?
— Зараз ужо не чытаю, бо мае дзеці выраслі. А калі былі маленькія, вядома ж, чытаў! І не толькі чытаў — многія мае дзіцячыя творы з’явіліся толькі дзякуючы ім. Як, да прыкладу, той жа Вятрыска з Вентылятара...
Калі мая дачка Каця хадзіла яшчэ ў дзіцячы сад, яна аднойчы прынесла мне заданне, а дакладней, просьбу ад выхавацельніцы іх групы: напісаць невялікі казачны твор пра Вятрыску, які жыве ў вентылятары, што стаіць у іх групе. Твор гэты па-
трэбны быў для нейкага чарговага мерапрыемства аб загартоўванні дзяцей з дапамогай вентылятара.
Зразумела ж, я з задавальненнем узяўся за гэтую справу, але так ёю захапіўся, што мая казка пра Вятрыску аказалася даўжэйшай за патрэбную аж у некалькі разоў. Таму для вышэйназванага мерапрыемста яна, на жаль, не падышла, але затое вельмі спадабалася маёй дачцэ Кацярынцы. Ды й так, што яна адразу ж запатрабавала працяг.
Вось такім чынам і нарадзіўся мой Вятрыска з Вентылятара, які таксама жыве ў дзіцячым садку № 5, і дзяўчынка Каця там, вядома ж, прысутнічае ў якасці адной з галоўных казачных гераінь...
А калі быў маленькім мой сын Сяргей, я спецыяльна для яго пачаў ствараць казачны цыкл пад агульнай назвай “Казкі з Вожыкавага кошыка”. Потым сын вырас і пачаў цікавіцца зусім іншай літаратурай (у асноўным фэнтэзі), але казкі пра жывёл я працягваў пісаць ужо як бы па інерцыі...
Дарэчы, менавіта ў гэты час я напісаў для сына ўласны раман у стыле фэнтэзі на рускай мове пад назвай “Пленники Черного леса”. Сыну гэты мой раман вельмі спадабаўся. Праўда, пакуль што ён нідзе не надрукаваны.
Ну а наконт дзіцячых казак, дык зараз (пакуль уласных унукаў яшчэ няма) чытаю іх на творчых сустрэчах з маленькімі чытачамі. І вельмі радуюся, калі бачу, што казкі мае дзецям падабаюцца.