Ave Maria! Каталікі адзначаюць Нараджэнне Божай Маці
Найсвяцейшай Паннай Марыяй тытулуюць хрысціяне заходняга абраду Багародзіцу. “Шчаслівая Ты, Панна Марыя, і годная ўсялякай хвалы, бо з Цябе ўзышло Сонца праўды — Хрыстус, наш Бог”, — прамаўляюць сёння вернікі ў касцёлах, узносячы малітвы да нябеснай заступніцы.
“Нараджэнне Марыі — гэта “зорка” на небе ўсяго чалавецтва, якое пасля граху Адама жыло ў духоўнай цемры, “зорка”, якая была знакам таго, што завяршаецца час чакання Збаўцы”, — гаворыць пра значэнне свята арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.
Хрысціяне вераць, што Бог, караючы першых людзей за іх непаслухмянасць, у сваёй міласэрнасці абяцае паслаць ім Збаўцу, які павінен нарадзіцца з Дзевы. Нараджэнне Марыі з’яўляецца прадвесцем нараджэння Хрыста, і таму з’яўляецца нібы тою мяжою, якая аддзяляе Стары Запавет ад Новага, ставіць мяжу паміж дзвюма эпохамі ў лёсе чалавецтва.
Каталіцкая царква вельмі ўрачыста адзначае свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, якое нагадвае аб нараджэнні Той, якая ў Божых планах была паклікана да такой адказнай і гістарычнай ролі — быць Маці Збаўцы чалавецтва ад грахоў.