Ці пісьменны вы чалавек? Карэспандэнты “НГ” напярэдадні Дня беларускага пісьменства “прымалі экзамен” у суайчыннікаў на веданне моў і прафесіяналізм у сваёй справе
Павел МІРОНЧЫК, курсант 4-га курса ваеннага факультэта Белдзяржуніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, будучы пагранічнік:
— Нават прафесар не можа назваць сябе стопрацэнтна пісьменным. Ніхто ў свеце не здатны адказаць на ўсе пытанні быцця. Кожны чалавек — знаўца ў сваёй вузкай справе. Я выбраў прафесію абаронцы межаў нашай дзяржавы. Што да моў, то абедзвюма дзяржаўнымі валодаю даволі добра, а англійскай са слоўнікам.
Пётр КУЗЮКОВІЧ, прафесар, доктар медыцынскіх навук:
— Я нарадзіўся ў вёсцы Павязынь Радашковіцкага раёна, яшчэ пры Польшчы. Да чацвёртага класа ўсе навукі ў нашай школцы выкладаў адзін пан настаўнік. У 1939 годзе я закончыў віленскую беларускую гімназію, а пасля вайны паступіў у мінскі медыінстытут. Так, пакрысе вучыўся грамаце. Урэшце стаў спецыялістам у пульманалогіі. Вучоба ў школах розных дзяржаў дала мне веды польскай, беларускай, рускай і нямецкай моў.
Алена ДЗЕМІДОВІЧ з дачкой Ульянай, радыёвядучая:
— Узровень пісьменнасці, па-мойму, вызначаецца не толькі адукацыяй чалавека, але і яго жыццёвым вопытам. Як журналіст я на добрым узроўні валодаю беларускай і рускай мовамі. Таксама вучыла французскую і, думаю, не разгублюся на вуліцах Парыжа. Аднак я ніколі не зубрыла. У мяне добрая зрокавая памяць і ўсе правілы правапісу засвойваліся самі сабой.
Анатоль ГУШЧА, вадзіцель:
— Кожны чалавек пісьменны ў сваёй справе. Скажу шчыра: мовы — маё “слабае месца”. Ніколі не адчуваў да іх асаблівай цягі, а матэматыка, рысаванне, геаграфія падабаліся. Трохі разбіраюся ў сваёй вадзіцельскай прафесіі — кірую машынай з 1982 года. А вось мой брат — увогуле унікальны чалавек: у яго па ўсіх прадметах у школе былі двойкі, затое ён лепш за ўсіх ведаў французскую мову!
Алёна ЯЦКЕВІЧ, бармэн, “але найперш мама”:
— Паколькі цяпер я ў дэкрэце, то часова прыпыніла навучанне і падпрацоўваю бармэнам. А паступала ў лінгвістычны універсітэт і спецыялізуюся на англійскай мове. Гэта мова, якую разумеюць ва ўсім свеце і, мяркую, яе карысна ведаць. Спадзяюся, што стану дастаткова пісьменнай у гэтай справе. Беларуская ж мова прыгожая, але нідзе, апрача ўрокаў у школе, карыстацца ёю пакуль не даводзілася.
Кірыл КАРПОВІЧ, будучы інжынер, студэнт 4-га курса Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта:
— Лічу сябе пісьменным у тэхнічных навуках, у эканоміцы — напалову пісьменным, у юрыдычнай справе ведаю тое, што спазнаў на лекцыях ва універсітэце, самы мінімум. З замежных моў валодаю англійскай, але зноў жа больш у тэхнічнай сферы. Наконт размоўнай англійскай у сваіх сілах менш упэўнены. Па-беларуску пішу, на жаль, са слоўнікам.