Час ісці ў космас. У Акадэміі навук з’явіцца ўласны Цэнтр кіравання палётамі
Як паведамляе БелТА са спасылкай на старшыню Прэзідыума НАН Міхаіла Мясніковіча, зараз спецыялісты рыхтуюць прапановы, якія датычацца стварэння і функцыяніравання ўласнай касмічнай прасторы. Сярод іх — ідэя стварэння ўласнага касмічнага агенцтва. — Плануецца, што новая структура будзе вырашаць усе пытанні, звязаныя з даследаваннем і выкарыстаннем Беларуссю касмічнай прасторы, у тым ліку з ужываннем магчымасцей новага беларускага спадарожніка, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. Касмічныя агенцтвы існуюць ва ўсіх “касмічных дзяржавах”, напрыклад у Расіі гэта”Роскосмос”, агромністая арганізацыя з чатырма падведамаснымі касмадромамі. Больш сціпла выглядае агенцтва ў суседняй Украіне (НКАУ). Яно было створана напачатку 90-х гадоў ХХ ст. У 1995 Украіна з дапамогай ракеты-носьбіта “Цыклон” запусціла ўласны спадарожнік “Січ-1” на арбіту. Сёння статус агенцтва — “орган выканаўчай улады”, які распрацоўвае дзяржпалітыку ў гэтай сферы, а таксама адказвае за абарончыя і навуковыя праекты (напрыклад, сістэмы зандзіравання і навігацыі) і кантралюе дзейнасць 20 галіновых заводаў і даследчых інстытутаў. Магчыма, што шлях развіцця беларускага НКА будзе нагадваць украінскі. Першы айчынны спадарожнік будзе запушчаны па графіку — у красавіку 2010 года. Апарат вагой 350 кілаграмаў будзе больш лёгкі і манеўраны, чым яго папярэднік. Дзякуючы камеры спадарожнік ахопіць касмічнай здымкай тэрыторыю ўсёй краіны. Інфармацыю выкарыстаюць для экалагічнага маніторынгу, стварэння больш якасных тапаграфічных карт, “касмічнае вока” дапаможа выратавальнікам і аграрыям. Міхаіл Мясніковіч таксама дадаў, што спадарожнік далучыцца да сумеснай расійска-беларускай “эскадры”. Сачыць за спадарожнікам будуць спецыялісты Цэнтра кіравання палётамі, які ствараецца на базе Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі.