Радасны смутак Успення

Источник материала:  
28.08.2009

Сёння праваслаўныя адзначаюць адно з вялікіх двунадзесятых святаў — Успення Прасвятой Багародзіцы

Царкоўнае паданне распавядае, што незадоўга да смерці Дзева Марыя вярнулася ў Іерусалім з Эфеса, дзе была ў выгнанні. Яна наведвала самыя важныя месцы ў жыцці свайго Сына і малілася там. Аднойчы падчас малітвы на Елеоне архангел Гаўрыіл абвясціў Божай Маці аб яе канчыне праз тры дні і ўручыў ёй зіхоткую райскую галінку — сімвал перамогі над смерцю. У дзень Успення Багародзіцы цудоўным чынам у Іерусаліме ля Багародзіцы сабраліся амаль усе апосталы, якія разышліся па розных краінах прапаведаваць слова Божае. Паданне гаворыць, што раптам дах дома, у якім яны знаходзіліся, адкрыўся, заззяла незвычайнае святло, ад якога сталі цьмянымі ўсе свяцільні, і сышоў Хрыстос з мноствам анёлаў. Пад анёльскія спевы Дзева Марыя спачыла. Калі ж апосталы сталі пераносіць цела Багародзіцы ў Гефсіманію, дзе яна завяшчала яе пахаваць, першасвяшчэннікі паслалі сваіх слуг, каб тыя разагналі працэсію, забілі апосталаў, а цела спалілі. Але анёлы пакаралі гэтых людзей слепатой. Тры дні апосталы правялі ля труны Божай Маці ў малітвах. Калі ж на трэці дзень яны адкрылі труну для апостала Фамы, які спазніўся і адзіны не прысутнічаў падчас успення, яны ўбачылі, што цела там няма. Божая Маці з’явілася да іх ў славе ўваскрэсення, і ад яе апосталы пачулі словы суцяшэння: “Радуйцеся, бо я з вамі ва ўсе дні”. Цела Багародзіцы было ўзята на неба. Спачын Багародзіцы царква называе не смерцю, а ўспеннем. Яна проста заснула, каб у тое ж імгненне абудзіцца для жыцця вечнага, а праз тры дні з нятленным целам пасяліцца на небе. Падзея гэта адначасова і сумная — бо скончыўся зямны шлях Заступніцы роду чалавечага, і радасная — Прачыстая Маці Божая ўз’ядналася з Сынам Сваім. У гэты дзень заканчваецца Успенскі пост. Калі Успенне прыпадае на сераду або пятніцу, як сёлета, тым, хто пасціўся, лепш разгаўляцца рыбай.

 (оригинал новости)
←Подарок от депутата

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика