Ёсць у нас у доме газ...
У кастрычніку 2007 года нашы прыватныя дамы пераважна за нашы ж грошы былi забяспечаны прыродным газам. Але вясной 2009-га нам прапанавалi "перадаць затраты па будаўнiцтве газаправода бязвыплатна ў рэспублiканскую ўласнасць РУП "Магiлёўаблгаз". Наколькi правамоцная такая прапанова, калi нашы затр аты склалi каля 40 млн рублёў? Цi маем мы права адмовiцца ад яе i чаго тады можна чакаць? — пыталася даўняя падпiсчыца газеты В.М. Чарапко з Асiповiчаў. — I яшчэ — ад нашага газаправода (пабудаванага на 70 працэнтаў за нашы грошы) цяпер пракладзены адгалiнаваннi да iншых карыстальнiкаў. Цi маем мы права патрабаваць ад iх прапарцыянальнай кампенсацыi нашых затрат?
Па просьбе рэдакцыi гэты лiст быў разгледжаны Магiлёўскiм аблвыканкамам. Як паведамiў намеснiк яго старшынi спадар Некрашэвiч, артыкулам 25 Закона Рэспублiкi Беларусь ад 04.01.2003 № 176-З "Аб газазабеспячэннi" (далей — Закон) вызначана, што ўласнiк уведзенага ў эксплуатацыю аб'екта сiстэмы газазабеспячэння i (або) упаўнаважаная iм асоба павiнны забяспечыць яго бяспечную эксплуатацыю.
Эксплуатацыя аб'ектаў сiстэмы газазабеспячэння ажыццяўляецца iх уласнiкам i (або) упаўнаважанай iм асобай у адпаведнасцi з зацверджанымi ў вызначаным парадку правiламi эксплуатацыi i правiламi прамысловай, пажарнай, экалагiчнай бяспекi аб'ектаў сiстэмы газазабеспячэння.
У адпаведнасцi з пунктам 5 Правiлаў прамысловай бяспекi ў галiне
газазабеспячэння Рэспублiкi Беларусь (далей — Правiлаў), зацверджаных
пастановай Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях Рэспублiкi Беларусь
ад 02.02.2009
№ 6, эксплуатацыя аб'ектаў сiстэмы газазабеспячэння ўключае ў
сябе выкарыстанне газу па прызначэннi, тэхнiчнае абслугоўванне
i рамонт газаправодаў, абсталявання (тэхнiчных прыстасаванняў i
газавыкарыстальных установак).
У адпаведнасцi з пунктам 93 Правiлаў газаправоды, якiя знаходзяцца ў эксплуатацыi, павiнны быць пад сiстэматычным наглядам — павiнны праводзiцца праверкi тэхнiчнага стану, бягучыя i капiтальныя рамонты. Ацэнка тэхнiчнага стану падземных i надземных газаправодаў ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з тэхнiчнымi нарматыўнымi прававымi актамi, узгодненымi з Дзяржпрамнаглядам.
Згодна з часткай 1 пункта 88 Правiлаў, пры адсутнасцi ў эксплуатуючай арганiзацыi ўласнай газавай службы, работы па тэхнiчным абслугоўваннi i рамонце аб'ектаў могуць быць перададзены арганiзацыям, якiя маюць лiцэнзii Дзяржпрамнагляду на гэты вiд дзейнасцi, на дагаворных умовах.
У адпаведнасцi з вышэйназванымi актамi вынiкае, што пабудаваны грамадзянамi на долевых умовах газаправод, улiчваючы адсутнасць ва ўласнiкаў лiцэнзii на работы па тэхнiчным абслугоўваннi i рамонце аб'ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы, падлягае тэхнiчнаму абслугоўванню арганiзацыяй, якая мае лiцэнзiю на гэтыя вiды работ.
У сувязi з тым, а таксама для таго, каб абавязацельствы па эксплуатацыi, тэхнiчным абслугоўваннi i рамонце газаправода ляжалi на прадпрыемстве, што давала б магчымасць ажыццяўляць гэтыя вiды работ уласнымi сiламi i за кошт сродкаў прадпрыемства, грамадзянам было прапанавана перадаць ва ўласнасць Рэспублiкi Беларусь i гаспадарчае распараджэнне РУП "Магiлёўаблгаз" газаправод, пабудаваны з прыцягненнем iх уласных грашовых сродкаў i сродкаў бюджэту.
У выпадку адмовы ад перадачы газаправода ў гаспадарчае распараджэнне прадпрыемства, яго ўласнiкi абавязаны будуць заключыць дагавор на тэхнiчнае абслугоўванне з РУП "Магiлёўаблгаз" або з iншай арганiзацыяй, якая мае лiцэнзiю на права выканання работ па тэхнiчным абслугоўваннi i рамонце аб'ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы, у адпаведнасцi з якiм работы будуць выконвацца на ўмовах аплаты, вызначаных у дагаворы.
Што датычыцца кампенсацыi сродкаў пры падключэннi новых карыстальнiкаў да аб'ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы, пабудаванай з прыцягненнем сродкаў грамадзян, то яна ажыццяўляецца па рашэннi райвыканкама за кошт гэтых спажыўцоў.
Памер i тэрмiны частковай кампенсацыi названых сродкаў па прадстаўленні гор- i райвыканкамаў уключаюцца арганiзацыямi газазабеспячэння, якiя ўваходзяць у склад ДВА Белпалiвагаз, у тэхнiчныя ўмовы на падключэнне новых спажыўцоў прыроднага газу да аб'ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы, пабудаваных з прыцягненнем сродкаў грамадзян.