Натуральны прадукт, або Паглядзiм, што з'ядзiм

Источник материала:  

Вяскоўцы ганарацца, што могуць хоць бы некаторыя прадукты харчавання атрымлiваць з уласнага падворка. Гараджане радуюцца, што тое ж малако, прычым любой тлустасцi, даецца куды прасцей — дастаткова зайсцi ў блiжэйшую краму. У любым выпадку нiводны з нас не абыходзiцца без "вытворчых" прадуктаў. Аднак, што мы насамрэч ужываем, калi набываем вырабленае на прадпрыемствах? Колькi натуральнага (у нашым спажывецкiм разуменнi) хаваецца пад прыгожымi абгорткамi? Вось, па сутнасцi, вакол чаго iшла размова з намеснiкам генеральнага дырэктара па навуковай рабоце РУП "Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусi па харчаваннi" Iрынай ГРОМАВАЙ.

Натуральны прадукт, або Паглядзiм, што з'ядзiм— Наогул паказчыкi харчовай прадукцыi падзяляюцца на тры асноўныя класы — бяспекi, якасцi i арганалептыкi, цi прасцей кажучы, таго, што ацэньваецца органамi пачуццяў. Тую ж бяспеку ў першую чаргу адсочвае Мiнiстэрства аховы здароўя, якое займаецца дзяржаўнай гiгiенiчнай рэгiстрацыяй. Усе згаданыя класы ў цэлым трымаюць на кантролi, безумоўна, i самi прадпрыемствы, аднак мы займаемся ўсiм гэтым найбольш шырока, паколькi не проста даследуем — фiксуем сiтуацыю, але паралельна прымяняем атрыманую iнфармацыю для навуковых даследаванняў. Ажыццяўленне пастаяннага аналiзу асноўных паказчыкаў прадуктаў харчавання дазваляе даць адказ на пытанне "Што трэба для таго, каб прадукт меў максiмальную якасць i быў максiмальна запатрабаваным на рынку?" Больш за тое, мы працуем, як кажуць, на перспектыву. Вось цяпер, калi зайшла размова пра шматвектарную эканомiку, наш цэнтр разгарнуўся ў гэтым сэнсе. Узяць хоць бы цудоўныя распрацоўкi па спрэдах...

— Вось, вы, пэўна, нават дакладна не ведаеце, пра што iдзе размова. А гэты прадукт вельмi запатрабаваны на Захадзе...

— Дык мы займаемся iм перш за ўсё дзеля экспарту?

— Па-першае, сапраўды, для таго, каб пастаўляць на Захад. А, па-другое, чаму ён не патрэбны нам? Спрэд — цудоўны маслатлушчавы прадукт, але ж гэта не сметанковае масла i не маргарын. Ствараецца на падставе тлушчавай кампазiцыi — з пальмавага, какосавага, сланечнiкавага, рапсавага i iншага алею.

— I не мае нiчога агульнага з гiдрагенiзаванымi тлушчамi?

— У краiнах Еўрасаюза i Расiйскай Федэрацыi вырабляюць спрэды з выкарыстаннем гiдрагенiзаванага алею. Спецыялiсты нашага цэнтра прапануюць вырабляць гэты прадукт толькi на натуральным алеi i малочным тлушчы. Такiя распрацоўкi ўжо пацверджаны дакументальна. Спрэд увогуле быў "адкрыты" ў развiтых краiнах даволi даўно. Зразумела, з цягам часу мяняюцца ўмовы жыцця, патрабаваннi да ежы. Таму ўзнiкла магутная плынь з арыентацыяй на выраб прадуктаў з зададзенымi вартасцямi. Дапусцiм, у нейкай мясцовасцi ў рацыёне людзей нестае пэўных тлустых кiслот. Iх нельга атрымаць са сметанковага масла, паколькi там ёсць толькi тое, што ёсць у малацэ. Вось мы i прапануем тлушчавы прадукт, багаты на тлустыя кiслоты.

— Спрэд можна ўжываць у гатовым выглядзе?

— Безумоўна. Для бутэрбродаў.

— Беларусь — краiна малака. А тут мы будзем набываць за мяжой той жа пальмавы, какосавы алей... Нашы прадпрыемствы зацiкаўленыя ў такой пераарыентацыi?

— Мне цяжка гаварыць за вытворцаў. Тым больш, нiхто не адмяняе сметанковае масла, як i ўсе прадукты з малака. Мы толькi пашыраем асартымент гатовай прадукцыi. Увядзенне такога прадукту, як спрэд, падводзiць нас блiжэй да збалансаванага, рацыянальнага харчавання. Спрэды — гэта вялiкiя магчымасцi для самых розных камбiнацый дэфiцытных у нашым харчаваннi тлустых кiслот i вялiкая разнастайнасць смакаў — кiслага, салодкага, з ягадамi, часнаком...

— З вашых слоў, спрэд — адзiн з нядрэнных прыкладаў натуральнасцi прадукту, вырабленага на вытворчасцi. Аднак, не сакрэт, што ў цэлым прамысловасць — нi наша, нi замежная — не iгнаруюць шэраг дабавак, а менавiта эмульгатараў, кансервантаў, стабiлiзатараў i г.д. Хтосьцi са спажыўцоў прынцыпова не чытае этыкеткi i смела набывае ўсё, што трапляе пад руку, а другiя панiчна баяцца вычытаць там больш за адно Е i проста адмаўляюцца ад пакупкi... А сапраўды, наколькi натуральныя са спажывецкага пункту гледжання прадукты мы ўжываем?

— У нашай краiне зарэгiстравана пэўная колькасць тых самых дабавак, пра якiя вы кажаце. Зарэгiстравана, значыць, дазволена для выкарыстання. Паводле закона, усё, што вытворца дадае ў прадукт, павiнна адлюстроўвацца на этыкетцы. Тое, што вы сёння набываеце ў краме, адпавядае ўзгаданым вышэй паказчыкам — бяспека, якасць, арганалептыка. Iншая рэч, чалавек сам адказвае за тое, што ён ужывае i ў якой колькасцi. Нельга сказаць, што вось гэты прадукт утрымлiвае вялiкую колькасць Е, i таму ён адназначна шкодны. Соль — бяспечны прадукт, але не думаю, што добра будзе есцi яе без абмежаванняў. Шкодным, небяспечным прадукт робiць, хутчэй, частата i колькасць яго ўжывання. Да таго ж, можна стварыць супернатуральны прадукт, але ён будзе вельмi дарагiм, а значыць, недаступным для вялiкай колькасцi людзей. А рынак павiнен забяспечваць усiх спажыўцоў усiм патрэбным.

— Чаму беларуская прадукцыя лiчыцца надта натуральнай? Нашы ж вытворцы таксама выкарыстоўваюць дабаўкi, выпускаюць, напрыклад, малако з 6-месячным тэрмiнам захоўвання...

— Такое малако таксама павiнна быць, хоць бы таму, што яно запатрабавана ў пэўных жыццёвых сiтуацыях. Зразумела, што без дадатковай апрацоўкi малако не можа захоўвацца столькi часу. У паходзе будуць зручнымi i сухiя сняданкi, i шэраг iншых прадуктаў. Але гэта не азначае, што iх варта ўжываць штодня... Сапраўды, большасць беларускiх харчовых прадуктаў у большай ступенi адпавядаюць спажывецкаму паняццю натуральнасцi. З iншага боку, трэба разумець, што суадносiны кошту i ўсяго, што пазначана на ўпакоўцы, сведчыць нам пра пэўныя задачы прадукту. I тут узрастае роля СМI, якiя могуць растлумачваць насельнiцтву, што дзеля чаго вырабляецца, у якой колькасцi можа ўжывацца i г.д.

— Вытворцы праз рэкламу часам абяцаюць суцэльную карысць сваiх прадуктаў, аднак рэальна, мушу меркаваць, у тым ёгурце можа не быць нiчога акрамя цукру i жменькi эмульгатараў. Як тут разабрацца спажыўцу?

— Дарэчы, якраз гэта пытанне зараз сур'ёзна абмяркоўваецца, патрабаваннi да рэкламных ролiкаў становяцца больш жорсткiмi. Вытворцы павiнны будуць даказаць пэўнымi клiнiчнымi iспытамi карысць прадукту, заяўленую ў рэкламе.

— Мне здаецца, што пра карысць можна гаварыць хiба што ў выпадках, калi на этыкетцы канкрэтна пазначана, што сюды дададзены вiтамiн С або селен...

— Па-першае, не зусiм так. Можна гаварыць пра якасць i ў iншых выпадках. Нездарма прадпрыемствы праходзяць пэўную атэстацыю. З iншага боку, тое, пра што вы сказалi, — гэта функцыянальныя прадукты, вельмi актуальная зараз тэма, даўно ўзнятая на Захадзе. Размова iдзе пра прадукты, якiя выконваюць дадатковую да традыцыйных функцыю. Скажам, малако — карысны прадукт сам па сабе, аднак можна "пашырыць" спiс яго вартасцяў з дапамогай таго ж вiтамiну С. Той жа спрэд можна вырабiць спецыяльна для людзей сталага ўзросту. Прыкладам функцыянальнага прадукту будуць i прадукты для дыябетыкаў, i шэраг iншых. Цяпер адбываецца, так бы мовiць, пераход ад прадуктаў наогул да прадуктаў для спажыўцоў у розных рэгiёнах, з розным здароўем i г.д. Малако, напрыклад, традыцыйна застанецца на палiцах крамаў, аднак непазбежна будуць з'яўляцца i нейкiя новыя "варыянты" гэтага прадукту.

— Цi можа звычайны спажывец даследаваць у вашым цэнтры канкрэтны ёгурт, ваду i г.д.?

— Можа. Нашы лабараторыi акрэдытаваныя для праверкi практычна ўсiх паказчыкаў бяспекi i якасцi харчовай прадукцыi. Прэйскурант цэнаў ёсць на кожную пазiцыю. Да таго ж, у краiне наогул дзейнiчае шэраг лабараторый, адкрытых для тых, хто хоча прадаць прадукт з уласнага падворку на рынку. Вядома, што без адпаведнага сертыфiкату рабiць гэтага нельга.

— Цi магчыма выявiць у прадукце тое, што наўмысна "выпусцiў з-пад увагi" вытворца?

— Безумоўна. Наша краiна прад'яўляе аднолькавыя патрабаваннi як да той прадукцыi, якую вырабляюць унутры нашага рынку, так i да той, што завозiцца з-за мяжы. Уся прадукцыя павiнна адпавядаць тэхнiчным нарматыўным дакументам. Праверыць адпаведнасць патрабаванням на практыцы дапамагаюць спецыяльныя акрэдытаваныя лабараторыi, якiя валодаюць для гэтага адпаведнымi магчымасцямi.

Дарэчы, лiтаральна да канца года тры акрэдытаваныя лабараторыi нашага цэнтра ўвойдуць у склад новай структурнай адзiнкi — Рэспублiканскi кантрольны выпрабавальны комплекс па якасцi i бяспецы прадуктаў харчавання. На працягу двух апошнiх гадоў iдзе набыццё замежнага аналiтычнага абсталявання. Мы атрымаем яшчэ больш шырокiя магчымасцi для выпрабавання прадуктаў харчавання, навуковых даследаванняў.

— Ваш цэнтр даследуе, чаго менавiта хацелi б спажыўцы?

— Мы толькi пачынаем праводзiць спажывецкiя даследаваннi. Вядома ж, мы павiнны падтрымлiваць вытворцаў у сэнсе ўкаранення стандартаў, для чаго на базе цэнтра быў створаны Нацыянальны тэхнiчны камiтэт па стандартызацыi. Аднак у лiку нашых задач — ствараць якасныя, канкурэнтаздольныя тавары. Якасць ёсць здольнасць задавальняць патрэбы спажыўца.

Гутарыла
Святлана БАРЫСЕНКА.

 

 

←Киоскеры Минщины создают «пивной фронт»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика