Вярнуць зямлi яе сiлу

Источник материала:  

У Беларусі распрацоўваецца Нацыянальная праграма барацьбы з дэградацыяй земляў

Надзённасць гэтай праблемы асэнсавалi не толькi вучоныя, эколагi, але i кiраўнiкi, i простыя людзi. Ужо сёння зямля сiгналiзуе: час рабiць тэрмiновыя захады па выпраўленнi памылак, якiя зрабiў чалавек, выкарыстоўваючы зямлю ў сваiх iнтарэсах. З твару нашых ландшафтаў знiкаюць тарфянiкi, калiсьцi ўрадлiвыя глебы пераўтвараюцца ў пясок, над краiнай праносяцца пылавыя буры, смерчы, небывалыя лiўнi... Гэта праблема не толькi Беларусi. І гэта не толькi адна асобная праблема. Дэградацыя зямель — бяда планетарнага маштабу, i яна звязана з iншымi глабальнымi экалагiчнымi праблемамi чалавецтва. Вырашаць iх магчыма толькi агульнымi намаганнямi.

Напачатку жнiўня ў Гарадку Вiцебскай вобласцi ў рамках рэалiзацыi праекта Еўрапейскага саюза i Праграмы развiцця ААН "Пабудова патэнцыялу ў галiне Стратэгiчнай экалагiчнай ацэнкi i ў галiне рэалiзацыi прыродаахоўных канвенцый у Рэспублiцы Беларусь" адбыўся рэгiянальны семiнар "Ахова земляў/глебаў ад эрозii i яе адлюстраванне ў нацыянальнай праграме дзеянняў Рэспублiкi Беларусь па барацьбе з дэградацыяй земляў". Пра тое, што хаваецца за гэтымi "разумнымi" словамi i якiм чынам гэта датычыцца выпрабаванняў, якiя нам наладжвае прырода, мы распыталi кiраўнiка экспертнай групы праекта ЕС-ПРААН Валянцiна ЯЦУХНУ.

 

— Чаму тэма барацьбы з дэградацыяй земляў для нас цiкавая?

— Таму што зямельныя рэсурсы — нацыянальны набытак Беларусi. Яны выкарыстоўваюцца ў розных сектарах эканомiкi. I, натуральна, у найбольшай ступенi — у аграрным. Сёння прыкладна 45 працэнтаў тэрыторыi Беларусi — сельскагаспадарчыя ўгоддзi. З iх прыкладна трыццаць працэнтаў — паша, якая выкарыстоўваецца найбольш iнтэнсiўна.

З прававога пункту погляду зямельныя рэсурсы — гэта нерухомасць. Разам з тым, гэта аб'ект прыроднага асяроддзя. Таму зямля адыгрывае важную ролю як эканамiчны рэсурс i разам з тым з'яўляецца экалагiчным складальнiкам. Гэта дзве вельмi ўзаемазвязаныя рэчы. Ад таго, як мы будзем гаспадарыць на зямлi, будзе залежаць i яе эфектыўнасць. Ад спалучэння двух гэтых фактараў залежыць дабрабыт нашых людзей.

Акрамя таго, зямля з'яўляецца тэрытарыяльным рэсурсам. Усе вiды гаспадарчай дзейнасцi, пачынаючы з сельскай гаспадаркi i заканчваючы гарадамi, размяшчаюцца на зямлi. I гэта яшчэ адна прычына ашчадна да яе ставiцца. Тым больш, што нагрузкi, антрапагеннае ўздзеянне робяцца ўсё большымi.

Ашчаднае стаўленне да зямлi абумоўленае яшчэ i глабальнымi экалагiчнымi зменамi. Сёння чалавецтва мае тры ключавыя экалагiчныя праблемы. Першая — захаванне бiялагiчнай разнастайнасцi раслiннага i жывёльнага свету. Другая — змена клiмату. Трэцяя глабальная праблема — дэградацыя земляў. Усе тры праблемы планетарнага маштабу, быццам бы асобныя, але ў рэальнасцi ўзаемазвязаныя.

Таму ў свой час i былi прынятыя тры прыродаахоўныя канвенцыi ААН, якiя датычылiся гэтых праблем. Беларусь падпiсала ўсе тры. Сёння надаецца вялiкая ўвага iх выкананню. Вось чаму мы ўзялiся распрацаваць мерапрыемствы па барацьбе i прадухiленнi дэградацыi земляў.

— Цi ёсць асаблiвасцi дэградацыi земляў на Беларусi?

— Так. Найбольш балючая тэма для нас — дэградацыя тарфянiкаў, асаблiва — асушаных. Пад сельгасугоддзямi такiх мiльён гектараў з дзевяцi мiльёнаў. Яшчэ адна наша праблема — дэградацыя земляў у вынiку здабычы карысных выкапняў, асаблiва будаўнiчых матэрыялаў, жвiрова-пясчаных сумесяў, торфу. Прыкладна 280 тысяч гектараў сёння ў нас выпрацаваных торфараспрацовак. Гэта плошча паўтара сярэднiх адмiнiстрацыйных раёнаў Беларусi. I гэта раны на целе беларускага ландшафту.

Вярнуць зямлi яе сiлу

А мы ж яшчэ маем развiтую хiмiчную прамысловасць. Два нафтаперапрацоўчыя заводы, азотны завод, цэментную вытворчасць, вялiзнае прадпрыемства па здабычы калiйных соляў. Прычым, у апошнiм выпадку, вытворчасць сканцэнтравана на невялiкай плошчы. Так, у свеце iснуе шэраг такiх камбiнатаў: у Германii, Канадзе i Чылi. Але яны меншыя па магутнасцi, i не ў такой ступенi сканцэнтраваныя. Сёння, у вынiку здабычы калiйнай солi, якая доўжыцца ўжо 50 гадоў, на плошчы ў 5 тысяч гектараў сабралася прыкладна 750 млн тон адходаў. Аднак калi ацэньваць уздзеянне гэтых адходаў на навакольнае асяроддзе, то плошчу гэту трэба памножыць у некалькi разоў.

Калi мы кажам пра транспартныя магiстралi, то таксама павiнны разумець, што гэта не толькi 80 тысяч кiламетраў дарог з цвёрдым пакрыццём, колькасць якiх расце, альбо 4 працэнты тэрыторыi краiны. Гэта яшчэ прыкладна 3 мiльёны аўтамабiляў, кожны з якiх — крынiца забруджвання, у тым лiку i глебы. У Мiнску 80 працэнтаў забруджвальнiкаў складае аўтамабiльны транспарт, i толькi 20 — стацыянарныя крынiцы.

I, безумоўна, вялiкая наша трагедыя — наступствы аварыi на Чарнобыльскай АЭС. Мы таксама адносiм гэта да працэсаў дэградацыi земляў. Бо забруджванне адбылося доўгатэрмiновае, на многiя дзясяткi гадоў.

— Цi няма тут благога без добрага? Чалавек вымушаны быў пакiнуць вялiкiя тэрыторыi, дзе раслiнны i жывёльны свет цяпер ад яго не церпiць.

— Для таго, каб нейтралiзаваць наступствы аварыi, мы, зразумела, выкарыстоўваем гэтыя тэрыторыi пад прыродныя экасiстэмы, але хацелася б, каб гэта было не такой цаной. Чарнобыльская катастрофа — тэхнагеннае забруджванне, якое накрыла 25 працэнтаў тэрыторыi нашай краiны. Гэта 1,6 млн гектараў сельгасугоддзяў i
1,8 млн гектараў лясоў. 70 працэнтаў радыенуклiдаў выпала на Беларусi.

Формаў дэградацыi шмат, i каб спынiць гэты працэс, мы павiнны выпрацаваць шэраг мерапрыемстваў. Прычым мерапрыемствы i будуць датычыцца розных сектараў эканомiкi, i будуць мiжгалiновымi. Патрабуюцца намаганнi ўсёй дзяржавы, а не нейкага аднаго мiнiстэрства, ведамства альбо адмiнiстрацыйнага органа. Таму была пастаўлена задача скласцi Нацыянальную праграму дзеянняў па барацьбе з дэградацыяй земляў. Дарэчы, гэтага патрабуе i Канвенцыя, якую мы падпiсалi.

Гэта стала адной з перадумоў з'яўлення праекта Еўрапейскага саюза i Праграмы развiцця ААН "Пабудова патэнцыялу ў галiне Стратэгiчнай экалагiчнай ацэнкi i ў галiне рэалiзацыi прыродаахоўных канвенцый у Рэспублiцы Беларусь". Праект падтрыманы мiжнароднай супольнасцю, якая дапамагае ў тым лiку i фiнансава, бо ён вырашае глабальную задачу. Наша Беларусь — частка Еўропы i свету, а рашэнне экалагiчных праблем патрабуе намаганняў як асобных краiн, так i ўсяго чалавецтва. Экалагiчныя праблемы не маюць нацыянальных межаў.

— Калi Беларусь далучылася да Канвенцыi па барацьбе з апустыньваннем/дэградацыяй земляў?

— У 2001 годзе. У 2002 i 2006 гадах мы распрацавалi Нацыянальныя даклады аб стане праблемы. Потым, на падставе гэтых дакладаў, прапанавалi першачарговыя мерапрыемствы. А зараз мы павiнны распрацоўваць сiстэму мерапрыемстваў па барацьбе з дэградацыяй земляў на агульнанацыянальным узроўнi.

— Толькi пасля гэтага пачнуцца нейкiя практычныя дзеяннi?

— Яны былi i раней, але не было сiстэмы, гэта былi асобныя мерапрыемствы.

— Наколькi праблема датычыцца iншых краiн Еўропы?

— Яна не менш актуальная i там, i вельмi актыўна рашаецца ў Германii, Францыi, iншых краiнах. Некаторыя сiтуацыi там яшчэ больш абвостраныя. Напрыклад, сёння Грэцыя, поўдзень Iталii ў пажарах, бо там мiжземнаморскi клiмат, бясконцая гарачыня i нават адна запалка можа падпалiць усю краiну.

— Як мясцовыя ўлады ў Беларусі ставяцца да распрацоўкi праграмы?

— Вельмi зацiкаўлена. Напрыклад, на семiнар у Любанскiм раёне прыехалi спецыялiсты з iншых рэгiёнаў: Ганцавiчаў, Лунiнца, Пiнска, Старобiна, Салiгорска... Праблема гэта ўсiх хвалюе, i, што вельмi важна, яна асэнсаваная. Лiтаральна на нашых вачах за апошнiя 20—30 гадоў з беларускіх ландшафтаў знiклi многiя тарфянiкi. Гэта хвалюе не толькi з пазiцыi экалогii, але з пазiцыi эканомiкi: там, дзе раней вырошчвалiся сельскагаспадарчыя культуры, сёння — пясок. Мы пакуль не кажам пра экалагiчную мiграцыю — перасяленне людзей з гэтых раёнаў. Але хто можа гарантаваць, што гэтага праз некаторы час не адбудзецца?

— Сёлетняй вясной на Случчыне я была сведкай пылавай буры. Старыя людзi казалi, што яны такога не бачылi за ўсё сваё жыццё. Гэта таксама вынiк дэградацыi земляў?

— Безумоўна. На дэградацыю земляў уплываюць два фактары: нерацыянальнае выкарыстоўванне зямельных рэсурсаў чалавекам i глабальныя экалагiчныя змены, сярод якiх самая важная — змена клiмату. У Беларусi змены клiмату выклiкаюць засуху i экстрэмальныя клiматычныя з'явы.

— Такiя, як лiпеньскiя лiўнi?

— А таксама моцныя веснавыя i восеньскiя замаразкi, ураганы, надзвычайная хуткасць вятроў. Так рэагуе наша бiясфера. Калi мы хварэем, у нас падымаецца тэмпература, нас калоцiць. Бiясфера — таксама жывы арганiзм. Вось чаму ў нас у красавiку была засуха, пылавыя буры, а ў чэрвенi ў Мiнску выпала дзве месячныя нормы ападкаў.

— I бульбяныя палi ў некаторых раёнах нагадвалi рысавыя — яны стаялi ў вадзе!

— Гэта цяжка сабе ўявiць, такога нiколi раней не было. Прычым дажджы мелi лiўневы характар, яны не былi расцягнутыя ў часе. 18 лiпеня 2006 года пасля двухмесячнай засухi ў Мiнску выпаў дождж — палова месячнай нормы, але гэтага не было прыкметна, уся вiльгаць была паглынутая ссушанай зямлёй. Такiя кантрасты балюча адбiваюцца на аграрным сектары. Прыкладна 40-50 працэнтаў ураджаю залежыць ад надвор'я.

— Якiя меры могуць быць прадугледжаны Нацыянальнай праграмай?

— Мы павiнны прыняць адаптыўныя альбо змякчальныя меры. Яны маюць розны характар. У аграрным сектары павiнна быць асаблiвая структура пасяўных плошчаў. Напрыклад, у засушлiвыя гады цудоўна адчувае сябе кукуруза. На паўднёвыя рэгiёны Беларусi фактычна наступае лесастэп, туды ўжо пранiкла 240 вiдаў паўднёвых раслiн, якiх нiколi раней тут не было. Зямля гэта адчувае i рэагуе. А мы павiнны альбо прыстасавацца да гэтых зменаў, альбо па магчымасцi iх зменшыць.

Група экспертаў даўно працуе над гэтай праблемай. Нам бачыцца, што некалькi напрамкаў павiнна быць адлюстравана ў Праграме. Гэта, перш за ўсё, удасканаленне заканадаўчай i нарматыўнай базы. Квiнтэсенцыяй павiнен стаць Закон аб ахове зямлi i глебы, дзе дакладна былi б вызначаны мэты i задачы аховы земляў. Гэты Закон нам вельмi патрэбны. Бо пастановы, падзаконныя акты ў нас ёсць, але яны не выконваюцца. У нас сем пастаноў Саўмiна па ахове тарфянiкаў, пачынаючы з 70-х гадоў. Але нiчога не змянiлася. Таму што няма Закона.

Асаблiвая ўвага ў Праграме будзе нададзена тэрытарыяльнаму планаванню. У нас ёсць такое планаванне, але яно ўнутрыгалiновае, а патрэбны адзiны план, адзiная сiстэма для ўсiх. Каб у iм было месца i аграрнiку, i транспартнiку, i турысту...

Для аграрных рэгiёнаў вельмi перспектыўныя схемы землеўладкавання. Сёння такiя ствараюцца для 48 раёнаў, яны павiнны быць гатовыя да 2012 года. Паглядзеўшы на такую схему, любы кiраўнiк раёна адразу скажа, дзе ў яго будзе рэкрэацыйная зона, дзе развiццё пасяленняў, дзе сельская гаспадарка.

У Праграме будзе таксама прадугледжана аднаўленне i шматфункцыянальнае выкарыстанне выпрацаваных тарфянiкаў. Сёння дзейнiчае вельмi добры мiжнародны праект, мэта якога аднавiць 17 тысяч гектараў балот на месцы былых торфараспрацовак. Раней там абавязвалi ствараць сельгасугоддзi, але не заўсёды гэта магчыма. Ды сёння i без гэтага ў сельгассектары дастаткова палёў, да таго ж гэта затратны метад. Лепш стварыць там калi не балота, дык вадасховiшча, зону адпачынку, альбо пасадзiць лес.

Не менш актуальная дэградацыя тарфянiкаў, на якiх вырошчваюцца сельскагаспадарчыя культуры. Трэба тэрмiнова прымаць меры па спыненнi гэтага працэсу. На спустошаных участках можна, напрыклад, пасадзiць вербы, якiя кожныя тры гады скошваць спецыяльным камбайнам, каб атрымлiваць таннае палiва. Гэта дазволiць спынiць ветравую эрозiю i верне землi ў гаспадарчую дзейнасць.

Важна, што меры, прапiсаныя ў Праграме, не будуць аднаразовыя, яны будуць разлiчаны на ўвесь час. Праграма не будзе адзiным дакументам, якi цалкам у кампетэнцыi Мiнiстэрства аховы прыроды. Мiн-прыроды — галоўны выканаўца, але Праграма будзе ўзгадняцца i ў Мiнсельгаспраме, i ў Дзяржкаммаёмасцi, i ў Мiнiстэрстве лясной гаспадаркi...

Па вялiкiм рахунку, у нас значная частка насельнiцтва звязана з зямлёй непасрэдна: 28 працэнтаў жыве ў сельскай мясцовасцi, а 650 тысяч гараджан валодаюць зямельнымi ўчасткамi. Да таго ж зямля мае не толькi рэсурсную каштоўнасць, але нешта большае — духоўны пачатак. Нездарма мы кажам "родная зямля". Таму праект гэты датычыцца кожнага з нас.

Размаўляла
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

 

 

←Киоскеры Минщины создают «пивной фронт»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика