Пасля аздараўлення —У каранцін?
Санэпідслужба iнфармацыю
пра грып А/H1N1 не хавае
Пасля 23 жнiўня ў Беларусь з замежжа вяртаюцца больш як 13 тысяч дзяцей, якiя праходзiлi там аздараўленне. Усiх iх чакае сямiдзённы каранцiн — яны не змогуць наведваць арганiзаваныя дзiцячыя калектывы, пакуль медыкi канчаткова не пераканаюцца ў тым, што дзецi не былi iнфiцыраваны падчас адпачынку высокапатагенным вiрусам грыпу А /H1N1. Абавязковыя медыцынскiя агляды чакаюць i студэнтаў пры iх засяленнi ў iнтэрнаты, асаблiва гэта датычыцца замежных грамадзян, якiя навучаюцца ў Беларусi.
— Па стане на 18 жнiўня ў Беларусi не было лабараторна пацверджана нi аднаго выпадку захворвання грыпам А/H1N1, — паведамiла ўчора на сустрэчы з журналiстамi ў Нацыянальным прэс-цэнтры Галоўны дзяржаўны санiтарны ўрач Рэспублiкi Беларусь Валянцiна КАЧАН. — Аднак мы добра разумеем, што iзаляваць Беларусь ад пранiкнення вiрусу, якi паспеў адзначыцца ўжо ў 156 краiнах свету, у тым лiку ў краiнах, з якiмi мяжуе Беларусь, немагчыма. Гэта прыкладна тое ж, што адмянiць усход цi захад сонца. Але мы прымаем усе меры па недапушчэннi распаўсюджвання гэтага вiрусу на нашай тэрыторыi. I мы вельмi ўдзячныя Мiнiстэрству адукацыi за iнфармацыю, якая была нам прадастаўлена лiтаральна на кожнае дзiця, якое праходзiла гэтым летам аздараўленне за межамi Беларусi, а гэта, мiж iншым, 23 тысячы дзяцей. Пераважная большасць з iх вяртаюцца на радзiму ў 20-х лiчбах жнiўня. Сярод краiн, якiя выклiкаюць у нас асаблiвую трывогу па колькасцi захварэлых там на новы грып, хацелася б адзначыць Iталiю, Вялiкабрытанiю, Германiю, Iспанiю, Iрландыю, Бельгiю i Аўстрыю.
Адказваючы на пытаннi журналiстаў, якiя цiкавiлiся, чым мог быць выклiканы недавер з боку расiйскiх калег наконт адсутнасцi захварэлых на грып А/ Н1N1 сярод беларусаў, Валянцiна Качан паведамiла, што ў Беларусi ў поўным аб'ёме ажыццяўляюцца тыя ж супрацьэпiдэмiчныя мерапрыемствы, што i ў Расii, i наша краiна ў поўным аб'ёме забяспечана ўсiм неабходным для своечасовай лабараторнай дыягностыкi. "Мы звяртаемся да лабараторнай дыягностыкi абсалютна ва ўсiх выпадках, калi ёсць падазрэнне, што чалавек мог быць iнфiцыраваны высокапатагенным вiрусам грыпу. Усяго з пачатку ўвядзення манiторынгу за станам здароўя пасажыраў, якiя прыбываюць у нашу краiну авiятранспартам з небяспечных у эпiдэмiчным плане краiн, было агледжана ўжо больш як 2304 рэйсы i каля 200 тысяч чалавек (пасажыраў i членаў экiпажа). Да таго ж усе нашы пагранiчныя пераходы i ў аэрапортах, i на аўтадарогах, i на чыгунцы абсталяваныя бескантактнымi прыборамi для вымярэння тэмпературы цела. А ў дзяцей, якiя вяртаюцца з замежжа, тэмпература абавязкова вымяраецца яшчэ i кантактным спосабам. I, хачу запэўнiць, што ў выпадку выяўлення заражэння грыпам А/H1N1 сродкi масавай iнфармацыi адразу ж будуць пра гэта праiнфармаваныя. Не ў нашых iнтарэсах хаваць ад людзей такую важную iнфармацыю..."
Валянцiна Качан заклiкала ўсiх беларусаў, якiя вяртаюцца з замежнага адпачынку, быць асаблiва пiльнымi, каб не прапусцiць небяспечную хваробу. Iнкубацыйны перыяд захворвання грыпам А/H1N1 складае 7 дзён. I калi на працягу тыдня пасля вяртання на радзiму ў чалавека з'яўляюцца сiмптомы вострага рэспiраторнага вiруснага захворвання, нi ў якiм разе нельга займацца самалячэннем. Самастойна адрознiць звычайны сезонны грып цi нейкае iншае прастуднае захворванне ад грыпу А/H1N1 немагчыма. I для "звычайнага", i для новага грыпу характэрныя адны i тыя ж сiмптомы: гэта павышэнне тэмпературы цела, галаўны боль, боль у мышцах, боль у горле i насмарк. Таму абавязкова трэба звярнуцца да ўрача i праiнфармаваць спецыялiста аб сваёй замежнай вандроўцы...
Надзея НIКАЛАЕВА.