11 лістапада былы старшыня калгаса 1- Мая Вадзім Андрэевіч Мадзелец адзначыў сваё 75-годдзе

Источник материала:  
16.11.2019 —

11 лістапада былы старшыня калгаса 1- Мая Вадзім Андрэевіч Мадзелец адзначыў сваё 75-годдзе

У мінулы панядзелак, 11 лістапада, гасцінны дом, дзе пражываюць Вадзім Андрэевіч і яго спадарожніца жыцця Алена Аркадзьеўна, расчыніў свае дзверы для сяброў і знаёмых, суседзяў, для тых, хто спяшаўся павіншаваць гаспадара з юбілейным днём нараджэння — 75-годдзем. Да імянінніка завіталі старшыня Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Міхайлавіч Ламака, старшыня раённага савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Буеўшчына” Аляксандр Іосіфавіч Гернат. Дзмітрый Міхайлавіч уручыў юбіляру Ганаровую грамату райвыканкама, кветкі. Кіраўнік раёна ў мінулым пачынаў сваю працу менавіта ў дадзеным сельгаспрадпрыемстве, якому большую частку свайго працоўнага жыцця аддаў і Вадзім Андрэевіч Мядзелец. Вось таму і словы віншаванняў з вуснаў старшыні райвыканкама гучалі па-асабліваму цёпла і шчыра.
Мы, работнікі рэдакцыі, таксама не змаглі не скарыстаць такой магчымасці, каб не наведацца да юбіляра, пагутарыць з гэтым паважаным чалавекам, тым больш, яму ёсць пра што расказаць.
Нарадзіўся герой нашага аповеду ў вёсцы Чарамхова Германавіцкага сельсавета ў 1944 годзе. Пасляваеннае дзяцінства лягло цяжарам і на плечы юнака: змалку працаваў на зямлі, шчыра дапамагаў бацькам.
— У 1958 годзе я скончыў сем класаў Ямненскай школы, — кажа наш суразмоўца. — Пайшоў затым працаваць у мясцовы калгас. Быў паляводам, прычэпшчыкам, конюхам. Вырашыў вучыцца, паступіў у Лужаснянскі саўгас-тэхнікум, каб у далейшым прысвяціць сябе працы на зямлі. Непрыкметна праляцелі гады вучобы, тэрміновая служба. Першым маім месцам працы стаў калгас “Шлях Леніна” з цэнтрам у вёсцы Васюкі. Тут я займаў пасаду агранома, намесніка старшыні сельгаспрадпрыемства.
Трапіўшы аднойчы па справах у райкам КПБ, яго тагачасны першы сакратар Анатолій Георгіевіч Шманцар прапанаваў мне ўзначаліць калгас 1-е Мая. Я даў сваю згоду. Ведаеце, ніколі пра гэта не пашкадаваў. Было гэта ў далёкім 1973 годзе. Кіраўніцтва гаспадаркай мне перадаў Павел Канстанцінавіч Бульскі — ветэран Вялікай Айчыннай вайны, вельмі паважаны чалавек. У калгасе было шмат людзей. Сярэдні ўзрост працоўных складаў 35 год. Моладзь заставалася ў сельгаспрадпрыемстве, шчыравала на тэхніцы, у жывёлагадоўлі. За ўласныя сродкі гаспадарчым спосабам узводзілі механічныя майстэрні, жывёлагадоўчыя фермы, нават дзіцячы сад з басейнам пабудавалі ў Іёдах.
Старанная праца прыносіла і станоўчыя вынікі. Напрыклад, у 1976 годзе наша гаспадарка атрымала валавы збор зерня 2300 тон. Гэта быў рэкордны паказчык. Добрую ўраджайнасць давалі бульба, буракі, лён, іншыя сельгаскультуры.
Не многія ведаюць, што Вадзім Андрэевіч з 1990 па 1995 гады з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь дванаццатага склікання ад Шаркаўшчынскай выбарчай акругі, быў членам пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры і сацыяльнаму забеспячэнню. Да парламентарыя неаднаразова звярталіся шаркаўчане з просьбамі аб дапамозе ў вырашэнні шматлікіх пытанняў. Дэпутат, наколькі было гэта ў яго кампетэнцыі, стараўся дапамагчы кожнаму.
— У той час ў Вялікім Сяле распачалі будаўніцтва новай сярэдняй школы, — працягвае Вадзім Андрэевіч, — але вельмі не хапала грашовых сродкаў. На рэспубліканскім узроўні я агучыў дадзенае пытанне. З адпаведных крыніц былі выдаткаваны фінансы і новая двухпавярховая школа з’явілася ў Вялікім Сяле. Цяпер, калі праязджаю па дарозе на сваю малую радзіму, заўсёды звяртаю ўвагу на будынак навучальнай установы. Вельмі радасна ўсведамляць, што і я таксама аказаў пэўнае садзейнічанне ва ўзвядзенні гэтай школы.
З 2006 года і да 2017 Вадзім Андрэевіч працаваў спецыялістам па пчалярству ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, а затым пайшоў на заслужаны адпачынак.
— Ведаеце, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, якія сустракаліся на шляху, са мной заўсёды побач была верная і надзейная спадарожніца жыцця — жонка Алена Аркадзьеўна, — з гонарам у голасе сказаў Вадзім Андрэевіч. — Яна і дапамагала мне ў вырашэнні разнастайных праблем, заўсёды чакала дома. Гэта мой галоўны тыл, які на працягу дзесяцігоддзяў быў і застаецца апорай у жыцці.
Сяргей РАЙЧОНАК.11 лістапада былы старшыня калгаса 1- Мая Вадзім Андрэевіч Мадзелец адзначыў сваё 75-годдзе11 лістапада былы старшыня калгаса 1- Мая Вадзім Андрэевіч Мадзелец адзначыў сваё 75-годдзе

Comments are closed.

Яндекс.Метрика