Здаецца, только ўчора аграрыі Карэліччыны выйшлі на сенажаці і палеткі раёна, каб распачаць корманарыхтоўчую кампанію-2019. А сёння нарыхтоўка кармоў з траў другога ўкосу шпарка рухаецца наперад, выводзячы Карэліччыну на лідзіруючыя пазіцыі ў абласной зводцы.
Згодна з аператыўнай інфармацыяй упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, на раніцу 9 ліпеня раённымі корманарыхтоўчымі звеннямі скошана 33% траў другога ўкосу. Усяго з пачатку корманарыхтоўкі-2019 гаспадаркамі раёна высушана 7451 тона сена, альбо 68% да задання ў 11000 тон, што з’яўляецца першым паказчыкам у вобласці.
Са значнай перавагай абыйшла Карэліччына ўсе раёны Гродзеншчыны не толькі па колькасці нарыхтаванага сена, але і па працэнтнаму паказчыку закладзенага ў траншэі сенажу. Так, на 9 ліпеня сельгаспрадпрыемствамі раёна закладзена 112165 тон сенажу, што складае 72% ад запланаванага.
Усяго ў раёне нарыхтавана 34983 тоны кармавых адзінак, альбо 37% да плану, што таксама дазваляе назваць Карэліччыну перадавым раёнам вобласці. Асноўным паказчыкам корманарыхтоўчай кампаніі, які сведчыць аб забяспечанасці пагалоўя буйной рагатай жывёлы трывалай кармавой базай на зімова-стойлавы перыяд, з’яўляецца колькасць кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. На сённяшні дзень аграрыі раёна дасягнулі найвышэйшай на Гродзеншчыне лічбы – 12,2 кармавыя адзінкі пры сярэднеабласным паказчыку 8,62.
Такім чынам, папрацаваўшы на выдатна падчас корманарыхтоўкі з траў першага і другога ўкосаў, карэліцкія аграрыі змаглі ўзняцца на вышэйшыя пазіцыі абласной зводкі. Аднак да завяршэння корманарыхтоўчай кампаніі бягучага года яшчэ шмат часу, таму дасягнутыя паказчыкі будуць абавязкова павялічвацца.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара