З 4 па 9 чэрвеня ў Мінску прайшла 29-я Міжнародная спецыялізаваная выстава “Белагра-2019”, якая стала знакавай падзеяй для беларускага аграпрамысловага комплексу. Незабыўныя ўражанні і рэспубліканскае прызнанне прынесла “Белагра-2019” спецыялістам СВК “Свіцязянка-2003”, якія вярнуліся дадому з кубкам, дыпломам пераможцаў і грашовай прэміяй.
У традыцыйным конкурсе “Лепшая племянная карова малочнай пароды”, які праводзіўся ў рамках тыдня “Белагра-2019”, “Свіцязянка” прыняла ўдзел упершыню. Аднак першая спроба для спецыялістаў гаспадаркі стала больш чым паспяховай. Галоўнымі героямі конкурсу сталі ветурач МТК “Райца-2” Уладзімір Мянькоўскі, тэхнік-асемянатар Кірыл Яўцееў і лепшая з лепшых свіцязянскіх рагуль – карова галштынскай пароды па мянушцы Ластаўка (на фота), якая атрымала трэцяе месца сярод кароў другой лактацыі.
– У якасці прэтэндэнтак на ўдзел у конкурсе разглядаліся яшчэ каля 15 кароў з розных фермаў “Свіцязянкі”, – расказвае Уладзімір Мянькоўскі. – Аднак Ластаўка падышла абсалютна па ўсіх крытэрыях. Увогуле членамі журы прыгажосць рагуль ацэньваліся па наступных параметрах: агульны выгляд і фізіялагічнае развіццё, канечнасці і вымя. Усе яны ўплываюць на працягласць выкарыстання жывёлы і колькасць малака, якую яна дае штодзень.
Дарэчы, па гэтым паказчыку Ластаўцы можа пазайздросціць любая іншая з рагуль: кожны дзень карова дае прыкладна 47 літраў малака.
Падрыхтоўка да конкурсу для свіцязянскай малочнай прыгажуні пачалася дзесьці за тыдні тры да самога мерапрыемства. Акрамя ўсякага кшталту касметычных працэдур, якія праводзіліся з выкарыстаннем усемагчымых шампуняў і крэмаў, неабходна было прывучыць жывёлу ісці побач на павадку з высока паднятай галавой. Да таго ж рагулю трэба было прывучыць да незвычайнай для яе ежы – цукру, — на што спатрэбіўся нейкі прамежак часу.
– Па характары Ластаўка спакойная, ураўнаважаная і паслухмяная, – адзначае Кірыл Яўцееў. – Таму яна выдатна трымалася на публіцы. Безумоўна, для жывёлы ўдзел у конкурсе стаў сапраўдным стрэсам. Уяўляеце, колькі там было людзей, шумна, грала музыка. Некаторыя з малочных удзельніц пужаліся, пратэставалі, стоячы на месцы, альбо ішлі зусім не ў той бок, куды трэба было. Фінал конкурсу праводзіўся 6 чэрвеня, але прыехалі ў Мінск мы раніцай 3 чэрвеня. Зразумела, што жывёлам неабходны быў час для адаптацыі.
Па словах спецыялістаў СВК “Свіцязянка-2003”, удзел у “Белагра-2019” быў хвалюючым, але вельмі цікавым і пазнавальным. Перш за ўсё, гэта абмен вопытам паміж мацнейшымі сельгаспрадпрыемствамі рэспублікі. Да таго ж выключная магчымасць не толькі на другіх паглядзець, але і сябе паказаць. І пераможная тройка, а таксама ўсе тыя, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы да конкурсу, зрабілі ўсё магчымае, каб у чарговы раз СВК “Свіцязянка-2003” загучала на ўсю рэспубліку. І свіцязянская Ластаўка ўзляцела на небывалую вышыню.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара