Чалавек года Шаркаўшчыны: Сакрэт паспяховай работы Уладзіміра Буды

Источник материала:  
30.05.2019 —

Чалавек года Шаркаўшчыны: Сакрэт паспяховай работы Уладзіміра БудыУ тых, хто нарадзіўся і вырас у сельскай мясцовасці, асаблівае стаўленне і шчырая павага да працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. Гэта дзякуючы ім мы атрымліваем тое, без чаго цяжка ўявіць наша паўсядзённае жыццё: хлеб, мяса, малако. Зямля павінна быць апрацавана, сельскагаспадарчыя культуры своечасова пасеяны, дагледжаны і ўбраны, жывёла — накормлена і падоена. Ад вынікаў работы хлебаробаў, жывёлаводаў, механізатараў, спецыялістаў АПК залежыць наша ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Пра такіх людзей, як дырэктар ААТ “Княж” Уладзімір Пятровіч Буда, пісаць лёгка і адначасова крыху цяжка. Чалавек ён адкрыты, паважлівы, з сялянскай мудрасцю, у якім адсутнічае фанабэрыстасць. З ім лёгка гутарыць. З іншага боку, за прыроднай сціпласцю гэтага чалавека хаваецца незвычайны талент сапраўднага гаспадара зямлі.

Восенню 2017 года Уладзімір Пятровіч быў прызначаны дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства “Княж”. У гаспадарцы ў той час справы ішлі не самым лепшым чынам. Станоўчых вынікаў ні па якіх паказчыках не назіралася. Новы дырэктар разумеў: спадчына яму дасталася не з лёгкіх. Трэба было пачынаць з наладжвання дысцыпліны, з асабістага прыкладу.

— У першую чаргу наладзіўся добры практычны кантакт з сельскім Саветам дэпутатаў, сацыяльнымі ўстановамі, — кажа Уладзімір Пятровіч. — З кожным работнікам сельгаспрадпрыемства я знайшоў агульную мову. Стараўся ўлічваць і звяртаць увагу на патрэбы і пытанні працоўных. Гэтага, дарэчы, прытрымліваюся і цяпер.

Бачачы няўрымслівасць кіраўніка, яго апантанасць у працы, сумленнасць, справядлівасць, за ім пацягнуліся людзі, паверылі яму, зразумелі: дабрабыт здабываецца дзякуючы бездакорнай адданасці зямлі. Канечне, дапамог і вопыт, назапашаны ў мінулыя гады. Чалавек, які нарадзіўся ў сельскай мясцовасці, мае нейкае прыцягненне да зямлі, якое нельга растлумачыць. Гэта проста трэба адчуць уласна.

— Пасля заканчэння Германавіцкай дзесяцігодкі пайшоў вучыцца ў Лужаснянскі саўгас-тэхнікум, — працягвае мой суразмоўца. — З трохгадовым перапынкам на тэрміновую службу ў марфлоце закончыў навучальную ўстанову і атрымаў спецыяльнасць “заатэхнія”. З 1987 года пачаў працаваць па спецыяльнасці ў тагачасным калгасе імя Калініна (цяпер ААТ “Ельня-Агра”). Спачатку быў брыгадзірам, пасля загадваў малочнатаварнай фермай, затым узначаліў заатэхнічную службу гаспадаркі. Апошнія гады займаў пасады намесніка дырэктара сельгаспрадпрыемства па ідэалогіі, па вытворчасці. За гэты перыяд, кім бы я ні працаваў, заўсёды непасрэдна кантактаваў з працоўнымі, наладжваў кантакты з работнікамі, улічваў іх інтарэсы і пажаданні.

Наогул, клопат пра чалавека стаў прыярытэтным ў працоўнай дзейнасці Уладзіміра Буды і на пасадзе дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства “Княж”. Кіраўнічы талент дырэктара і яго каманды прынёс станоўчыя жадаемыя вынікі: тут няма праблем з кадрамі, усе прагнозныя паказчыкі выконваюцца, а “Княж” з’яўляецца адной з лепшых гаспадарак у раёне. Надой малака ад каровы за год тут узрос на 900 кілаграмаў, прывагі буйной рагатай жывёлы павялічыліся ў тры разы. Паспяхова пачаўся і сёлетні год у гаспадарцы: растуць надоі малака, павялічаны зерневы клін, за зіму цалкам адрамантавалі машынна-трактарны парк, што паспрыяла правядзенню пасяўной кампаніі ў самыя аптымальныя тэрміны.

— У гэтым не мая заслуга, а ўсяго калектыву, — сцвярджае Уладзімір Пятровіч.

На развітанне задаю пытанне, у чым жа сакрэт яго паспяховай работы? У адказ пачуў мудрыя словы: “Нельга ўзводзіць сябе ў рамкі начальніка, трэба памятаць, што ўсё ствараецца людзьмі. Думаць, у першую чаргу, не пра сябе, а пра іншых”.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика