Пра тое, з якімі паказчыкамі завяршаюць год сельгаспрадпрыемствы нашага раёна, расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Струй
Напярэдадні свята Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу мы сустрэліся з першым намеснікам старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама, начальнікам упраўлення райсельгасхарчу Сяргеем Валянцінавічам Струём, каб даведацца, з якімі паказчыкамі завяршаюць год сельгаспрадпрыемствы нашага раёна.
— Сяргей Валянцінавіч, як склаліся справы вясковых працаўнікоў у 2018 годзе, які набліжаецца да свайго завяршэння?
— На тэрыторыі раёна маецца 8 сельгаспрадпрыемстваў. Сёлета ААТ “Даватарскі”, “Жвіранка”, “Агратэхсэрвіс” і КУВСП імя Маркава ўвайшлі ў склад інтэграцыйнай структуры, створанай на базе Глыбоцкага камбікормавага завода. КУВСП “Гарадзец” далучана да аналагічнай структуры, створанай на базе Полацкага камбіната хлебапрадуктаў.
Вынікі 2018 года даюць надзею на паступовае паляпшэнне эканамічных паказчыкаў сельскагаспадарчай галіны нашага раёна. Больш леташняга гаспадаркі атрымалі прадукцыі раслінаводства. Палепшыліся справы і ў машынна-трактарным парку сельгаспрадпрыемстваў.
— Раскажыце, калі ласка, пра стан спраў у жывёлагадоўлі.
— Развіццю гэтай галіны сельскай гаспадаркі заўсёды надаецца вялікая ўвага. Пад пільным кантролем спецыялістаў рознага ўзроўню ажыццяўляецца ўтрыманне буйной рагатай жывёлы. На жывёлагадоўчых фермах раёна маецца амаль 25 тысяч галоў БРЖ. Дойны статк складае 8.854 каровы. Для таго, каб мець прывагі, надоі малака, трэба прыкладаць максімум намаганняў па кармленні, лячэнні жывёлы. Немалаважным у гэтай справе з’яўляецца чалавечы фактар. Ад таго, наколькі сумленна будуць адносіцца самі жывёлаводы, спецыялісты заатэхнічнай і ветэрынарных службаў да сваіх абавязкаў, напрамую залежыць вынік спраў у галіне.
— Вядома, што сёлетні год нядрэнна склаўся ў раслінаводстве. Паведаміце пра гэта больш падрабязна.
— Нягледзячы на тое, што кожны год надвор’е выпрабоўвае нашых вясковых аграрыяў на трываласць, работнікі сельгаспрадпрыемстваў працуюць насуперак капрызам нябеснай канцылярыі. Позняя вясна, засушлівае лета ўносілі карэктывы ў працу вяскоўцаў. Тым не менш, у тэрмін былі засеяны запланаваныя плошчы зерневых і зернебабовых культур. Нарыхтавана амаль 23 цэнтнеры кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Хлебаробы раёна адправілі ў дзяржаўныя засекі 28.921 тону збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 22,7 ц/га. Намалочана 3.594 тоны рапсу, што на тысячу тон больш мінулагодняга паказчыка. Сёлета аграрыі КУВСП “Гарадзец” змаглі атрымаць 752 тоны насення кукурузы. У аптымальныя тэрміны правялі асеннюю пасяўную кампанію. Насенне азімых зерневых загарнулі ў глебу на плошчы 11.775 гектараў, гэта 245% да ўзроўню 2017 года.
— У якім стане знаходзіцца будаўнічая галіна гаспадарак? На якіх аб’ектах задзейнічаны будаўнічыя брыгады?
— Не першы год уласнымі сіламі і за ўласныя сродкі працягваецца будаўніцтва фермы “Лонскія” ў ААТ “Буеўшчына”. Засталося закончыць работу на малочным блоку, дарабіць сістэму гноевыдалення. Аддзяленню “Юдыцына” гэтай гаспадаркі востра не хапае памяшканняў для ўтрымання БРЖ. Таму сёлета на новай ферме ў абавязковым парадку будзе размешчана жывёла.
Добра працуе будаўнічая брыгада ў ААТ “Даватарскі”, дзе сёлета адрамантавалі жывёлагадоўчыя аб’екты ў вёсцы Валожынкі і аграгарадку Васюкі, зрабілі сянажныя траншэі. Будаўнікі ААТ “Княж” таксама былі задзейнічаны на рамонце жывёлагадоўчых ферм, закончылі ўзвядзенне арачніка. На ферме вёскі Юзэфова ААТ “Ельня-Агра” правялі рамонт жывёлагадоўчага памяшкання.
— Культура земляробства залежыць і ад таго, якая тэхніка працуе на палях. Як аднаўляўся машынна-трактарны парк сельгаспрадпрыемстваў сёлета?
— Пасля ўваходжання большасці гаспадарак раёна ў інтэграцыйныя структуры вяскоўцы атрымалі і новую сучасную тэхніку. Сёння маюцца энерганасычаныя трактары К-744 у ААТ “Агратэхсэрвіс”, “Даватарскі”, “Жвіранка”, КУВСП “Гарадзец” і імя Маркава. У перыяд корманарыхтовак на палях сельгаспрадпрыемстваў працавалі сучасныя прэс-падборшчыкі-упакоўшчыкі. Новы корманарыхтоўчы агрэгат “Ягуар” атрымала ААТ “Жвіранка”, а ААТ “Даватарскі” — зернеўборачны камбайн “Джон Дзір”. Дзякуючы набытай тэхніцы і прычапным агрэгатам да яе значна павысілася якасць і хуткасць апрацоўкі глебы.
— За высокімі паказчыкамі — нялёгкая, карпатлівая работа працаўнікоў сяла: ад кіраўніка гаспадаркі да механізатара, жывёлавода і палявода. Каго на ваш погляд можна сёння адзначыць?
— Слоў удзячнасці заслугоўваюць кіраўніцтва, спецыялісты і ўсе працаўнікі ААТ “Ельня-Агра”, “Княж”, “Жвіранка” і іншых гаспадарак. Тут нельга казаць, што нехта працуе добра, а нехта дрэнна. Самае галоўнае, што работнікі, занятыя ў сельскагаспадарчай галіне нашага раёна, заўсёды прыкладаюць свае намаганні для дасягнення адной мэты — паляпшэння матэрыяльнага стану гаспадарак і дбаюць пра свой уласны дабрабыт.
— Сяргей Валянцінавіч, што вы асабіста хочаце пажадаць працаўнікам вёскі напярэдадні іх прафесійнага свята?
— Выказваю шчырую ўдзячнасць усім шаркаўчанам, якія заняты ў галіне сельскай гаспадаркі, за сумленную працу на карысць роднага раёна. Няхай у сем’ях кожнага пануюць шчасце, лад і ўзаемаразуменне. Зычу таксама трывалага здароўя, кар’ернага росту, аптымізму і бадзёрасці духу. Мы цвёрда ўпэўнены, што ў будучым годзе нашы працоўныя дасягненні стануць яшчэ больш значнымі і важкімі.
Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК.