Калі да справы — з душой
Догляд за жывёлай — справа руплівых, неабыякавых, старанных і безумоўна надзвычай працавітых людзей. За больш чым два дзесяцігоддзі сумленнай працы на сяўкоўскай ферме Ларыса Уладзіміраўна ЧЫСЦІК (на здымку) засвоіла галоўнае — у гэтай сферы лёгка не бывае.
Кожную раніцу даглядчык спяшаецца да сваіх падапечных. Зараз у яе групе 88 галоў цялушак старэй года. Да таго ж сумяшчае жанчына сваю справу з абавязкамі дзённага вартаўніка. “З моманту працаўладкавання давялося асвоіць амаль усе этапы “вытворчасці”, — жартуе яна. — Адразу працавала на выпайцы, затым паступова гадавала групы і да трохмесячнага ўзросту, і да паўгода і г.д.”
Як паведаміла загадчыца фермай Н.Р. Балашэнка, Ларыса Уладзіміраўна добра ведае сваю справу, цалкам выконвае тэхналогію кармлення. Імкнучыся да павелічэння прывесаў, старанна сочыць за станам здароўя падапечных, каб не дапускаць прадукцыйнага выбыцця. Пры гэтым жывёлавод ніколі не павышала голасу і не дазваляла сабе жорсткасці ў адносінах да жывёл, пестуючы іх як маленькіх дзяцей.
Нягледзячы на тое, што жанчына шмат сіл аддае вытворчасці, яна не забывае і пра хатнія справы. Дома ў Ларысы Уладзіміраўны ёсць свая гаспадарка, даглядаць за якой дапамагае муж Міхаіл Васільевіч. 36 гадоў жыцця прысвяціў ён роднаму прадпрыемству, працуючы інжынерам-механікам. Разам яны выгадавалі чатырох дзяцей, якія з дзяцінства прывучаны быць надзейнай апорай бацькам і ўжо падаравалі бабулі з дзядулем 11 унукаў.
У хуткім часе папоўніць калектыў у якасці брыгадзіра адна з іх дачок — Таццяна Міхайлаўна Краўчанка. Тут ужо час весці гаворку аб сямейнай дынастыі.
Дарэчы, паспяхова спраў-ляцца з паўсядзённымі клопа-тамі Ларысе Уладзіміраўне дапамагаюць яе сын Павел і нявестка Аксана (на здымку), якія таксама працуюць на ферме. За кожным з іх замацавана група цялят узростам ад 20 дзён да 3 месяцаў. Паказчыкі ў абодвух добрыя. Захаванасць жывёлы — стоадсоткавая, і прывагі абяцаюць быць яшчэ больш высокімі, чым у мінулым годзе. А ўвогуле, што патрэбна маладняку, каб быць здаровым і пры гэтым спраўна набіраць вагу? Сытны рацыён, добры догляд і спрыяльныя ўмовы ўтрымання. Для чалавека, жыццё якога звязана з сельскай гаспадаркай, гэтая ісціна доказу не патрабуе. Таму і не лічацца працаўнікі з часам, каб адчуваў сябе давераны ім маладняк не горш за жывёлу на ўласным падвор’і. Нават асабісты транспарт задзейнічаюць, каб развезці салому, сена. У хляву — заўжды чысціня, парадак. Калі б яшчэ перабояў з кармамі не ўзнікала, то і адпаведныя вынікі б не заставілі сябе чакаць, лічаць даглядчыкі.
Клопат працаўнікоў зразумелы — ад прывесаў залежыць іх заробак. Вось і стараюцца зрабіць даручаную справу якасна, каб цяляты хутка прыбаўлялі ў вазе, радуючы і працаўнікоў, і кіраўніцтва гаспадар-кі.
Сваю прыхільнасць да зямлі, нялёгкай, але такой неабходнай працы, мае суразмоўцы тлумачаць проста: практычна не ўяўляюць свайго жыцця ў горадзе, любяць вясковыя абшары і з лёгкасцю ставяцца да сельскіх клопатаў. Лічаць, што занятак кожны павінен выбіраць перш за ўсё той, да якога ляжыць душа.
Тэкст і фота
Таццяны Бяловай, «ЛК».