Важкі намалот
Паўднёвыя раёны Міншчыны вядуць уборку кукурузы на зерне.
Як паведаміў намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама Віктар Грэсеў, сельгасарганізацыямі паўднёвых раёнаў намалочана па стане на 17 верасня 19 тысяч тон зерня кукурузы, што складае 11,4 % ад задання. Сярэдняя ўраджайнасць гэтай культуры — 77,2 ц/га, у той час як у мінулым годзе яна была 56 ц/га.
Сёлета ў Мінскай вобласці валавы збор каласавых зерневых і зернебабовых склаў 1 млн. 659 тысяч тон пры ўраджайнасці 36 ц/га. У параў-нанні з мінулым годам аграрыі недабралі каля 600 тысяч тон, і менавіта кукуруза, якая добра ўрадзіла, павінна зрабіць свой унёсак у кампенсацыю недабору зерневых.
Трэба сказаць, што, нягледзячы на абставіны, многія раёны і гаспадаркі вобласці паказалі высокія вынікі. Два раёны пераўзышлі 100-тысячны рубеж. Аграрыі Случчыны намалацілі 147 тысяч тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 41,3 ц/га, а ў Мінскім раёне намалот склаў 135 тысяч тон, а ўраджайнасць — 47,1 ц/га. Пяць гаспадарак перавысілі ўраджайнасць 60 ц/га. Самы высокі паказчык у ААТ «Гастэлаўскае» Мінскага раёна — 75,5 ц/га.
Нямала лідараў і сярод камбайнавых экіпажаў — 475 намалацілі звыш тысячы тон збожжа. У тым ліку больш за дзве тысячы тон — 29 экіпажаў, больш за тры тысячы тон здолелі атрымаць тры экіпажы. А абсалютным лідарам, як і ў мінулым годзе, стаў камбайнер Міхаіл Саладуха з агракамбіната «Ждановічы» Мінскага раёна — ён намалаціў больш чым 4 тысячы тон збожжа.