Экстра-клас

Источник материала:  
31.01.2013 —

Першая чарга жывёлагадоўчага комплексу ўрачыста запушчана ў дзеянне ў ААТ «Хальч» Веткаўскага раёна

Па завяршэнні праекта — да канца бягучага года — ён павінен стаць самым буйным на Гомельшчыне: тут будзе ўтрымлівацца 2000 галоў жывёлы, у тым ліку 1200 кароў. Пакуль жа «наваселле» ў новых памяшканнях адбылося для 600 рагуль.

На будаўніцтве і аснашчэнні аб’екта, узведзенага ў рамках выканання задачы па стварэнні сучаснай матэрыяльнай базы для жывёлагадоўлі, калектывам «Гомельаблбуда» асвоена 34 мільярды рублёў. Другая чарга комплексу «пацягне» яшчэ больш як на 20 мільярдаў.

— Гэта ў нашым раёне пяты аб’ект жывёлагадоўлі, што ўвайшоў у строй за апошнія тры гады, — падкрэсліў старшыня Веткаўскага раённага Савета дэпутатаў Яўген Чэванькоў. — Курс на ўкараненне ў гэтай галіне сучасных тэхналогій прыносіць прыкметныя вынікі: сёння па прыросце малочнай прадукцыі Веткаўшчына займае лідзіруючую пазіцыю ў вобласці...

Калі браць для ілюстрацыі сказанага кіраўніком канкрэтныя аб’екты ў «Хальчы», параўнанне былога і новага для апошняга выглядае выйгрышна. На старой ферме (якая па тэхналагічных працэсах адпавядала «дзедаўскаму» ўзроўню, а да таго ж знаходзілася ў прыродаахоўнай зоне. — Аўт.) сутачныя надоі на карову складалі ў сярэднім 8,5 літра малака. На новым комплексе яны павялічыліся больш як удвая. Цуда, вядома, само па сабе не адбылося: за месяц да ўрачыстасці шляхам унутранага адбору і закупу ў іншых гаспадарках сфарміравалі статак з высокапрадукцыйных кароў. Аддача ж асобных жывёл, адзначаюць жывёлаводы, увогуле даходзіць да 25 кілаграмаў малочнай прадукцыі ў суткі. Тым больш уся яна з новага комплексу здаецца класам экстра.

Што прынясе такая «эканоміка» гаспадарцы, прагназуе дырэктар ААТ «Хальч» Уладзімір Кавалёў. Паводле яго слоў, поўны ўвод новага комплексу павялічыць валавыя надоі гаспадаркі амаль на 2,5 тысячы тон, што дадасць у фінансавую скарбонку сельгаспрадпрыемства ў год звыш 7 мільярдаў рублёў. Апрача таго, у бліжэйшай перспектыве ў «Хальчы» адначасова з развіццём ужо асвоенага напрамку — вытворчасці піваварнага ячменю — плануюць заняцца вырошчваннем племянной жывёлы, што, на думку веткаўскіх аграрыяў, пры прафесійным падыходзе таксама можа даць добрую фінансавую аддачу...

--------------------------------------

У тэму

У рамках рэалізацыі на Гомельшчыне рэспубліканскай праграмы развіцця малочнай галіны ў 2010—2015 гадах у мінулым годзе тут пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю 18 малочнатаварных ферм. 81 такая ферма рэканструявана па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Гэты год, як плануюць сельгасвытворцы рэгіёна, будзе адзначаны працягам рэканструкцыі памяшканняў з устаноўкай і абнаўленнем у іх даільна-малочных блокаў яшчэ на 110 фермах і комплексах.

←Время для оптимизаций и укрупнений

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика