Большасць АЗС на тэрыторыі краіны, незалежна ад сеткавай прыналежнасці, гэта, звычайна, астраўкі тэхнічнага камфорту, прыгожага дызайну, дастойнага абслугоўвання. Нашаму райцэнтру ў гэтым плане, трэба сказаць, не зусім не пашанцавала. Не, АЗС № 64 у Докшыцах таксама некалі была месцам куды хацелася наведвацца: усё па вышэйшым класе! З нядаўняга ж часу вадзіцелі нядобрым словам памінаюць лёс, калі ўзнікае неабходнасць ехаць туды запраўляцца. А ўсё таму, што асфальтавае пакрыццё тэрыторыі АЗС як пасля сярэдняга ўзроўню бамбёжкі ў лакальным ваенным канфлікце: то яма, то канава…
Запраўляючыся ў чарговы раз на АЗС, мы не вытрымалі і сфатаграфавалі гэту дарожную пачварнасць. Пакуль выбіралі ракурс, нас “атакавалі” вадзіцелі і кожны спяшаўся выказаць сваё абурэнне тым, як не паважае кліентаў, тых, хто пакідае ім свае грошы за паліва, кіраўніцтва Крулеўшчынскага ўчастка РУП “Беларусьнафта — Віцебскаблнафтапрадукт”. “Днём, – тлумачылі вадзіцелі, – ячшэ хоць неяк можна аб’ехаць выбоіны, а ноччу едзем і калоцімся, каб падвеску не зламаць!”
Як аказалася, дадзенай праблемай даўно зацікавілася і дзяржаўтаінспекцыя. Выконваючы абавязкі начальніка АДАІ РАУС капітан міліцыі Яўген Хілько паведаміў, што яшчэ ў сакавіку 2019 года ў адносінах да майстра АЗС № 64 Валерыя Мурзіча было вынесена прадпісанне і складзены аж тры пратаколы. Майстар запэўніў, што рамонт асфальтавага пакрыцця будзе зроблены. У рэдакцыі і шматлікіх кліентаў АЗС № 64 г. Докшыцы ўзнікла заканамернае пытанне: “Калі чакаць таго шчасця?”
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.