Перайменаванне станцыі метро «Плошча Леніна» адкладаецца

Источник материала:  
27.05.2010 11:08 —

Перайменаванне станцыі метро «Плошча Леніна» адкладаецца

Перайменаванне станцыі метро «Плошча Леніна» у «Плошчу Незалежнасці», а таксама з’яўленне ў Мінску шэрагу гістарычных назваў адкладаецца з прычыны змены складу Мінгарсавета. Пра гэта распавёў сябар Камiсiі па найменаваннi i перайменаваннi вуліц пры Мiнгарвыканкаме, выкладчык гiсторыi БДЭУ Iван Сацукевіч.

Нагадаем, 15 сакавіка адмысловая камiсiя пры Мiнгарвыканкаме (у яе склад уваходзяць гарадскія чыноўнікі, дэпутаты Мінгарсавету, галоўны мастак і прадстаўнікі грамадскасці, прыняла рашэнне аб перайменаванні шэрагу сталічных артэрый.

Гэтак, вуліца Герцэна павінна была стаць Бернардынскай, Дзімітрава — Пятніцкай, Рэвалюцыйная — Койданаўскай, Вызвалення — Уваскрасенскай, Камунальная ўзбярэжная — Траецкай узбярэжнай. Апроч таго, станцыя метро «Плошча Леніна» мусіла атрымаць назву «Плошча Незалежнасці», якую ўжо насіла з 1992 па 2003 год.

Паводле закону, рашэнне Камісіі па перайменаванні было надрукавана ў прэсе, пасля чаго цягам двух тыдняў кожны ахвочы мог дасылаць свае заўвагі і прапановы. З улікам грамадскай думкі дэпутаты Мінгарсавета 25‑га склікання мелі прыняць канчатковае рашэнне яшчэ напрыканцы сакавіка — пачатку красавіка. Аднак не паспелі зрабіць гэтага да сканчэння чатырохгадовага тэрміну іх паўнамоцтваў.

«Такім чынам, пакуль рашэнне нашай Камісіі не зацверджана, — распавёў Іван Сацукевіч. — У падтрымку нашых прапаноў па вяртанні гістарычных назваў прыйшло шмат лістоў ад мінчукоў.

Праўда, ёсць нямала і крытычных водгукаў ад ветэранскіх арганізацый, пенсіянераў і інш. У асноўным яны тычацца перайменавання «Плошчы Леніна». Зараз ва Ўпраўленні культуры Мінгарвыканкаму будуць аналізаваць гэтыя водгукі ды рыхтаваць матэрыялы на разгляд новай сесіі Мінгарсавета 26‑га склікання»

***

Нагадаем таксама, што днямі была распаўсюджана інфармацыя аб перайменаванні вуліцы Гандлёвай у гістарычным цэнтры Мінску ў Зыбіцкую, а таксама аб наданні двум праектуемым вуліцам імёнаў Еўфрасінні Полацкай і Валянціны Грызадубавай.

«Гэта яшчэ леташняе рашэнне нашай Камісіі, зацверджанае Саветам дэпутатаў 25‑га склікання, якое толькі цяпер прайшло ўсе юрыдычныя працэдуры», — тлумачыць Іван Сацукевіч.

Адзначым, нягледзячы на тое, што тапаніміка Мінска з большага застаецца савецкай, у апошнія гады цэлы шэраг сталічных вуліц былі названыя ў гонар выбітных дзеячаў айчыннай несавецкай гісторыі ці паводле геаграфічных назваў прылеглых вёсак і мясцінаў. Аднак Зыбіцкая стала першай за 17 год мінскай вуліцай, якой вярнулі гістарычную назву.


Кастусь Лашкевіч, tut.by

←УВИДЕТЬ НЕВОЗМОЖНОЕ В ВОЗМОЖНОМ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика