Пракурор просіць суд асудзіць Каваленку на тры гады хіміі

34‑гадовы Каваленка быў затрыманы 7 студзеня 2010 года каля галоўнай навагодняй ёлкі Віцебска неўзабаве пасля з’яўлення на ёй бел‑чырвона‑белага сцяга. У дачыненні да актывіста распачалі крымінальную справу. Ён абвінавачваецца па двух артыкулах: ч. 1 арт. 339 (наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выражаюць яўную непавагу да грамадства; прадугледжанае пакаранне — да трох гадоў пазбаўлення волі) і арт. 363 (супраціўленне супрацоўніку ўнутраных спраў ці іншай асобе, які ахоўвае грамадскі парадак; пакаранне — ад двух да пяці гадоў пазбаўлення волі).
Працэс над Каваленкам павінен быў пачацца 20 красавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска, аднак быў адкладзены на 12 мая ў сувязі з сямейнымі абставінамі суддзі.
Трэба адзначыць, што 14 мая спаўняецца 15 гадоў з дня правядзення рэферэндуму аб змяненні дзяржаўнай сімволікі.