Франка Вячорку звольнілі з войска
Сёньня а 18:25 з вайсковай часткі ў Мазыры звольнены палітпрызыўнік, кандыдат у дэпутаты мясцовага райсавету Франак Вячорка.
Праз 15 месяцаў службы, па сутнасьці, пацьверджаны неабгрунтаваны, гвалтоўны прызыў актывіста БНФ у войска.Гэта сталася пасьля заключэньня галоўнага мэдычнага цэнтру Міністэрства абароны, дзе ў сакавіку праходзіў дасьледаваньне салдат-апазыцыянэр.
Франак Вячорка: «Гэта мая перамога! Я 15 месяцаў дабіваўся гэтага звальненьня. Я даказаў урэшце рэшт, што мой прызыў у армію быў незаконным. Спрабавалі мяне зламаць, цкавалі, пагражалі. Нічога не атрымалася, я застаўся самім сабой».
Звольнілі Франка пасьля заключэньня галоўнай вайсковай мэдычнай камісіі Міністэрства абароны Беларусі. У сакавіку салдат-апазыцыянэр праходзіў дасьледаваньне ў вайсковым мэдычным клінічным цэнтры й Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Кардыялёгія» ў Менску. Выглядае, што ваенкамат наагул ня мусіў прызываць хлопца ў войска:
«Мяне звольнілі па стане здароўя. У мяне выяўлена хвароба сэрца, якая несумяшчальная са службай у войску. У прынцыпе я тое ж самае казаў і падчас прызыву, бо гэтая хвароба ў мяне ад нараджэньня. Пры прызыве мае дыягназы былі сфальшаваныя. Цэлыя 15 месяцаў мяне адмаўляліся абсьледаваць. У сакавіку мяне адвезьлі ў вайсковы шпіталь у Менск, дзе дасьледавалі й дзе ўсё пацьвердзілася».