"Стыпендыі трэба даць найперш перспектыўным спартсменам"

Источник материала:  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка заслухаў даклад па пытаннях дзяржаўнай падтрымкі ў спорце.

Віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік, першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Ігар Рачкоўскі, міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко і памочнік Прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Максім Рыжанкоў далажылі кіраўніку дзяржавы аб праектах двух указаў, якія датычацца падтрымкі спартыўных арганізацый і стымулявання перспектыўных спартсменаў.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што адпаведныя пытанні нядаўна ўжо абмяркоўваліся на маштабнай нарадзе. Тады Прэзідэнт даручыў дапрацаваць праект новага ўказа аб аказанні падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту, які павінен максімальна забяспечыць справядлівыя ўмовы іх функцыянавання і эфектыўнае размеркаванне дзяржаўных сродкаў. Таксама было даручана перапрацаваць падыход да назначэння розных стыпендый спартсменам.

"Мне здавалася, што мы на апошняй даволі шырокай нарадзе з удзелам спецыялістаў і кіраўнікоў спорту вызначыліся наконт дзяржаўнай падтрымкі, вызначылі крытэрыі, пры якіх умовах і ў якіх аб'ёмах мы будзем фінансаваць спартыўныя мерапрыемствы. Больш таго, "тройка" (міністр, першы віцэ-прэзідэнт НАК і памочнік) дакладвала мне аб тым, што па стыпендыях быццам бы таксама разабраліся. Але я не падпісаў гэтыя ўказы, не параіўшыся яшчэ раз. Яшчэ раз не звярнуўшыся да аналізу таго, што адбываецца ў нас у спорце", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Справа не ў тым, што мы камусьці баімся пераплаціць або каго-небудзь недаацаніць. Я ўсё ж хацеў бы вярнуцца і разгледзець гэтыя праекты ўказаў з пункту гледжання падтрымкі і асабліва выплаты стыпендый па рэзультатах. Шчыра кажучы, я не хацеў бы нават вызначаць колькасць гэтых стыпендый. Няхай гэта будзе 5 тысяч, а не 500 і не 250. Але калі няма адпаведнасці крытэрыям, якія мы выпрацуем, значыць, гэта будуць дзве стыпендыі. Гэта значыць, трэба вызначыцца, па якіх выніках, рэзультатах і каму мы будзем выдаваць гэту стыпендыю", — сказаў Прэзідэнт.

"Я супраць таго, каб выдаваць стыпендыю за перамогу, нават на Алімпійскіх гульнях. Перамог спартсмен на Алімпійскіх гульнях, давайце яму заплацім, ды мы і плацім нямала. У нас ёсць і іншыя магчымасці. І алімпійцы, пераможцы і прызёры, гэтым заўсёды карыстаюцца. Мы бясплатна даём зямельны ўчастак, аказваем іншую падтрымку, спонсары робяць падарункі, ад аўтамабіляў да грашовых узнагароджанняў", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Стыпендыю трэба плаціць толькі перспектыўным спартсменам, якія заўтра пакажуць рэзультат і ў якіх (гэта будуць у асноўным маладыя людзі), увогуле, грошай няма. Ім трэба даць гэту стыпендыю. Яна не павінна быць празмернай, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Гэта будзе добрая дапамога, каб ён, перш за ўсё, выкарыстаў гэтыя грашовыя сродкі для свайго развіцця. Тады будзе толк".

"Што датычыцца падтрымкі клубаў, нам трэба яшчэ раз да гэтага падысці, таму што ў гэты няпросты час нам бы не заняцца фінансаваннем структур, якія павінны зарабляць самі, і якія могуць зарабляць. Там людзі ініцыятыўныя, няхай зарабляюць. Таму што жывуць яны нябедна, і спартсмены, і асабліва клубныя чыноўнікі", — падкрэсліў Прэзідэнт.

"Нядаўна мне далажылі інфармацыю наконт хакейнага "Дынама". Вы паглядзіце: правалілі поўнасцю сезон, а яны ўжо ў гэтым годзе сотні тысяч долараў (чыноўнікі і функцыянеры) атрымалі і кажуць, што ў іх усё нармальна. А мы цяпер ім будзем аказваць нейкую дзяржаўную падтрымку...", — слушна заўважыў кіраўнік дзяржавы.

"Так, клубу трэба аказваць падтрымку, але толькі на тую частку, якая накіравана спартсменам і для развіцця спорту. Вось гэта трэба яшчэ вычленіць. Таму давайце з гэтых пазіцый паглядзім на развіццё нашага спорту і пагаворым на тэму, як мы будзем яго падтрымліваць, у якіх аб'ёмах, каго, каб я мог падпісаць адпаведныя ўказы. Таму што час ідзе, ёсць шмат людзей, якія маюць патрэбу ў гэтай падтрымцы і на якіх дзяржава мае права разлічваць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажылі кіраўніку дзяржавы профільныя чыноўнікі, у прапанаваных праектах указаў сфармуляваны новыя падыходы, выпрацаваныя, у тым ліку, па выніках нарады ў студзені гэтага года.

Шэраг навацый датычацца матывавання клубаў на самастойны заработак грашовых сродкаў для свайго развіцця. У гэтым плане стаіць задача да 2015 года планамерна знізіць нагрузку на бюджэт. Што датычыцца падтрымкі спартсменаў, то яна будзе ў першую чаргу арыентавана на перспектыву, а не аказвацца за нейкія дасягненні ў мінулым.

Пасля некаторых дапрацовак у бліжэйшы час адпаведныя ўказы будуць падпісаны Прэзідэнтам Беларусі.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

←Для модернизации нужны конкретные механизмы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика