"Нельга праводзіць мадэрнізацыю за кошт стрымлівання росту зарплаты настаўнікаў і медработнікаў"

Источник материала:  

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка правёў учора пасяджэнне Савета Міністраў "Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь за 2012 год і задачах на 2013-ты". Аб гэтым карэспандэнту БелТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

"Сітуацыя, якая ў нас склалася летась, катэгарычна недапушчальная ў гэтым годзе, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Паўтор мінулага года будзе азначаць неадкладную адстаўку ўрада!". У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сітуацыя ў краіне не такая дрэнная, удалося замацаваць пазітыўныя тэндэнцыі ў шэрагу сфер. "Прычына маёй прысутнасці на пасяджэнні ўрада не ў тым, што ў нас нешта вельмі дрэнна. Сітуацыя характарызуецца тым, што ў нас недастаткова добра, не так, як трэба, як хацелася б", — сказаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў 2013 годзе, вырашальным для пяцігодкі, "важна вызначыцца і, вызначыўшыся, папрацаваць так, каб праз два-два з паловай гады, калі мы збяромся перад усім народам на Усебеларускі народны сход, не так было сорамна".

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада спыніць вольніцу ў цэнаўтварэнні і прыняць энергічныя меры для стрымлівання інфляцыі. "Няма такой неабходнасці. Ураду і Нацыянальнаму банку трэба больш эфектыўна ажыццяўляць цэнавае рэгуляванне", — падкрэсліў ён. Прэзідэнт звярнуў увагу чыноўнікаў на тое, што інфляцыя, якая паскорылася ў пачатку гэтага года, выклікае справядлівую боязь у грамадзян. Звяртаючыся да прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча і кіраўніка Нацбанка Надзеі Ермаковай, ён падкрэсліў, што рашэнне гэтай праблемы мае найважнейшае дзяржаўнае значэнне: "Ад гэтага цяпер залежыць замацаванне макраэканамічнай стабільнасці". "Калі паглядзець за перыяд з пачатку 2011 года, то да сённяшняга часу беларускі рубель дэвальваваўся ў 2,9 раза. Пры гэтым спажывецкія цэны выраслі ў 2,6 раза. У тым ліку на харчовыя тавары — амаль у 3 разы, на нехарчовыя тавары і паслугі — у 2,5 раза. У вас што, у цэнаўтварэнні стаіць задача дагнаць і перагнаць тэмпы дэвальвацыі?", — задаў пытанне Прэзідэнт.

"Нельга праводзіць мадэрнізацыю за кошт стрымлівання росту зарплаты настаўнікаў і медработнікаў"

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены: "Калі мы сёння не ўтаймуем інфляцыю пры адносна ўстойлівым курсе нацыянальнай валюты, то наросцім унутраныя выдаткі і страцім канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі, перш за ўсё ў экспарце. Таму трэба прыняць больш энергічныя меры для стрымлівання інфляцыі. Раскручваючы інфляцыю, мы самі сабе ствараем сур'ёзныя праблемы на спажывецкім рынку і ўскладняем працэс мадэрнізацыі нашай эканомікі".

Летась краіне ўдалося забяспечыць фінансавую стабільнасць і макраэканамічную збалансаванасць

У той жа час Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў краіне за апошні год істотна замарудзіліся тэмпы інфляцыі, атрымана станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі, дасягнута стабільная сітуацыя на ўнутраным валютным рынку. Захаваны золатавалютныя рэзервы пры поўным і своечасовым выкананні краінай знешніх і ўнутраных валютных абавязацельстваў. Па найважнейшых сектарах беларускай эканомікі — прамысловасці і сельскай гаспадарцы — забяспечаны ў цэлым добрыя тэмпы росту. У Беларусі ўдалося сабраць рэкордны ўраджай — больш за 9 млн тон збожжа, у той час як ва ўсіх краінах СНД збор збожжавых скараціўся, прытым значна.

"Зразумела, што апошнія гады былі вельмі складанымі ў сувязі з эканамічным крызісам і рэцэсіяй у свеце. На планеце практычна няма краін, якія не былі б у той ці іншай меры закрануты крызісам. Яго негатыўныя наступствы закранулі і нашу краіну. Таму трэба прызнаць пэўную заслугу ўрада ў тым, што ў Беларусі не адбылося абвалу эканомікі", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле даных сацыялагічных даследаванняў, больш за дзве трэці жыхароў краіны пазітыўна ацэньваюць эканамічную і сацыяльна-палітычную сітуацыю ў Беларусі.

"Сапраўды, нам удалося ў 2012 годзе замацаваць пазітыўныя тэндэнцыі ў сацыяльнай сферы", — падкрэсліў Прэзідэнт. Так, рэальныя даходы насельніцтва выраслі на 21%. Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата па краіне ў снежні 2012 года склала крыху менш за Br5 млн ($552), у тым ліку ў бюджэтнай сферы — каля $418 у эквіваленце. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на той факт, што летась чатыры разы павышаўся памер пенсій: у лютым, маі, жніўні, лістападзе, — і ў снежні 2012 года склаў амаль Br2 млн ($220). Уклады насельніцтва ў банках на рублёвых і валютных рахунках павялічыліся ў 1,6 раза.

"Здавалася б, усё не так ужо і дрэнна. Аднак не ўсё выканана, што было намечана ўрадам і зацверджана ўказам Прэзідэнта", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што цяперашні склад Савета Міністраў працуе ўжо трэці год. "Гэта дастатковы тэрмін, каб рабіць высновы і даваць аб'ектыўныя ацэнкі", — лічыць кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што ўважліва сочыць за працай урада і добра бачыць усе плюсы і мінусы ў яго дзейнасці.

Урад працаваў малаініцыятыўна

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што асабліва хацеў бы адзначыць галоўныя недахопы ў рабоце ўрада, ад якіх трэба тэрмінова пазбаўляцца. Перш за ўсё, гэта суб'ектыўны недахоп — пасіўнасць і адсутнасць ініцыятывы, няўменне працаваць на папярэджанне негатыўных з'яў і часам боязь прыняцця рашэнняў", — сказаў ён.

"Вы, як заўсёды, чакаеце ўказанняў і даручэнняў ад Прэзідэнта, замест таго, каб самім своечасова вырашаць узнікаючыя праблемы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мне даводзіцца пастаянна "падштурхоўваць" выканаўчую вертыкаль. Толькі пасля жорсткіх патрабаванняў урад і Нацыянальны банк пачынаюць дзейнічаць, ды і то не заўсёды так, як трэба, і ў поўным аб'ёме". "З такім стылем работы, павінен вам прама сказаць, вы, паважаныя члены ўрада, доўга не пратрымаецеся", — папярэдзіў Прэзідэнт.

"Вы загразлі ў незлічоных шматгадзінных нарадах, дзе вырашэнне пытання проста "патанае", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Факты непрадуманасці рашэнняў, валакіты, зрывы тэрмінаў рэалізацыі намечанага і невыкананне многіх даручэнняў Прэзідэнта негатыўна характарызуюць стыль і метады работы Савета Міністраў", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прывёў у прыклад некалькі характэрных лічбаў. Так, у 2012 годзе ўсяго на выкананні ва ўрадзе і Нацыянальным банку знаходзілася 1715 даручэнняў кіраўніка дзяржавы. На сёння выканана 1334 даручэнні (78%), не выканана 127 даручэнняў. Па 265 даручэннях тэрміны пераносіліся ў сувязі з іх невыкананнем, у тым ліку па 83 даручэннях — больш за два разы. "Галоўная прычына зрыву тэрмінаў — пасіўнасць і невысокі ўзровень дысцыпліны", — лічыць Прэзідэнт. — Так справа не пойдзе! Выканальніцкая дысцыпліна — закон для ўсіх. І трэба мець на ўвазе, што гэта не проста даручэнні, яны выпакутаваныя ўсімі намі разам і фармалізаваны рашэннем Прэзідэнта", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Адначасова Прэзідэнт запатрабаваў забяспечыць у 2013 годзе рост экспарту да $60 млрд, што на $8 млрд (ці больш чым на 15%) вышэй паказчыкаў 2012-га года. "Нарошчванне экспарту — галоўны фактар аднаўлення высокіх тэмпаў эканамічнага росту, а таксама заклад макраэканамічнай стабільнасці ва ўмовах пікавых выплат па знешніх даўгах", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, свой уклад у павелічэнне аб'ёму экспарту абавязана ўнесці ўся вертыкаль выканаўчай улады — ад членаў урада да кіраўнікоў мясцовых органаў.

"Я ўжо стаміўся гаварыць аб неабходнасці пашырэння рынкаў збыту беларускай прадукцыі, — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў пасяджэння. — Вашы дзеянні ў гэтым напрамку падобныя на імітацыю бурнай працы". У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў гандаль з краінамі Лацінскай Амерыкі. "Быццам пра ўсё дамовіліся з Кубай, Венесуэлай, Эквадорам, Балівіяй і іншымі дзяржавамі. А ў сухім астатку — адны пераносы тэрмінаў выканання маіх даручэнняў. Едзьце туды па пратаптаных шляхах і арганізоўвайце справу. Далі справаздачу аб пастаўках на 15 новых рынкаў, але што толку — 0,1% агульнага экспарту. Вось ужо знайшлі 15 рынкаў! Аднак спынілі пастаўкі ў 11 краін", — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

"Пакуль агульная ацэнка — нездавальняюча!" — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Падыходы да прыватызацыі застаюцца нязменнымі

Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз падкрэсліў нязменнасць сваіх падыходаў да прыватызацыі ў краіне. "Зацыкліліся на прыватызацыі і разумееце прамыя замежныя інвестыцыі выключна як продаж дзяржаўнай уласнасці, — сказаў Прэзідэнт. — Вось зноў у інтэрнэце абмяркоўваюць нейкія новыя прыватызацыйныя спісы. Мае падыходы да прыватызацыі застаюцца нязменнымі. Мы можам прадаць любы аб'ект, але кампанейшчыны з продажам не будзе! Прынцып вядомы: хочаш купіць — плаці поўную цану і яшчэ вазьмі абавязацельствы ўкласці грошы ў вытворчасць, захаваць працоўныя месцы, забяспечыць людзям дастойную заработную плату і рост паступленняў падаткаў у бюджэт".

"Чыноўніцкай або апаратнай прыватызацыі ў нас не будзе. Як не будзе і келейных продажаў асобным буйным бізнэсменам, — заявіў Прэзідэнт. — І на гэтым у размовах аб прыватызацыі ставім кропку".

Неабходны эфектыўныя меры для нарошчвання выпуску інавацыйнай прадукцыі

Прэзідэнт патрабуе ад урада прыняць комплексныя і эфектыўныя меры для развіцця прамысловасці і нарошчвання выпуску інавацыйнай прадукцыі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прамысловасць у Беларусі шмат у чым вызначае развіццё ўсёй эканомікі. "Мяне турбуе тое, што наша асноўная галіна да гэтага часу не можа пераадолець тэндэнцыю штомесячнага скарачэння вытворчасці, якая склалася ў другой палове мінулага года, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Чаму скарачаем вытворчасць такіх экспартных тавараў, як збожжаўборачныя камбайны, машыны для дарожных і будаўнічых работ, сталёвы дрот, падшыпнікі, металакорд, тралейбусы?" — задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка. "Не ў "сцены" трэба ўкладваць капітал, а ў абсталяванне!", — дадаў Прэзідэнт.

У будаўнічай галіне трэба навесці парадак

"Галіна ніяк не пазбавіцца ад застарэлых праблем. Тут на рэгулярнай аснове фіксуюцца факты неэфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў, завышэння аб'ёмаў і кошту выкананых праектных і будаўніча-мантажных работ, прыпіскі, махінацыі з расцэнкамі", — адзначыў Прэзідэнт. "Усе ў грамадстве, і я з імі згодзен, кажуць, што будаўнічая галіна, як і ў нашых суседзяў, гэта найбольш карумпаваная і, нават народ проста кажа, мафіёзная галіна", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Прэзідэнта, беларускія будаўнікі хранічна не выконваюць заданні па нарошчванні экспарту будаўнічых паслуг. Пры гэтым іх імпарт у паўтара раза перавышае экспарт. "У выніку маем адмоўнае сальда ў $193 млн, што ў два разы горш узроўню 2011 года", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Па-ранейшаму ёсць факты няякаснага будаўніцтва жылля, у тым ліку тыпавых спажывецкіх якасцяў, для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, адзначыў кіраўнік дзяржавы. Так, паводле яго слоў, за 2012 год органамі дзяржаўнага будаўнічага нагляду на аб'ектах жыллёвага будаўніцтва выяўлена больш за 30 тыс. дэфектаў і парушэнняў будаўнічых норм і правілаў. Заказчыкам і падрадчыкам выдадзена 3 тыс. прадпісанняў на іх ухіленне. Аштрафавана больш за тысячу службовых асоб. "Аднак заганная практыка бракаробаў застаецца невынішчальнай", — канстатаваў Прэзідэнт.

"У людзей шмат скаргаў на павелічэнне кошту жылля. Гэта ў значнай ступені выклікана перавышэннем нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка і прывёў шэраг канкрэтных прыкладаў. Так, у Віцебску ўсе 15 уведзеных у эксплуатацыю ў 2012 годзе шматкватэрных жылых дамоў, больш за 80% агульнай плошчы якіх было прызначана для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пабудаваныя з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва ад 3 да 17 месяцаў. Пры гэтым павелічэнне кошту аднаго квадратнага метра склала ад 27% да 105% ад яго першапачатковага кошту. "І такія прыклады можна працягваць", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта не толькі сур'ёзная недапрацоўка міністра Анатоля Нічкасава, але і віцэ-прэм'ера Анатоля Калініна, які курыруе гэтую галіну. "Вы абяцалі навесці парадак у праектных арганізацыях, вырашыць набалелыя праблемы: скараціць працягласць усіх этапаў будаўнічага цыкла, забяспечыць узмацненне адказнасці за выкананне дагаворных абавязацельстваў, зрабіць больш жорсткімі патрабаванні да прыёмкі аб'ектаў і павелічэнне гарантыйных тэрмінаў іх эксплуатацыі. Але вынікаў да гэтага часу няма", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Абяцанняў шмат, а рэальных спраў не відаць. Нашы будаўнікі павінны працаваць больш прадукцыйна і якасна. Тады і заработная плата будзе адпаведнай", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама Прэзідэнт Беларусі канстатаваў адсутнасць сур'ёзных зрухаў у лепшы бок у сферах жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарту і сувязі. "Менавіта гэтыя пытанні ў найбольшай ступені турбуюць нашых людзей і выклікаюць найбольшую колькасць нараканняў. Тут няма сур'ёзных зрухаў у лепшы бок", — сказаў Прэзідэнт.

Стаўкі па крэдытах у нацыянальнай і замежнай валютах трэба збліжаць

Кіраўнік дзяржавы лічыць адной з ключавых задач для банкаўскай сістэмы краіны збліжэнне працэнтных ставак па крэдытах у нацыянальнай і замежнай валютах. "Для нармальнай гаспадарчай дзейнасці арганізацый і забеспячэння пашыранага ўзнаўлення банкаўская сістэма павінна вырашыць ключавую задачу збліжэння працэнтных ставак па крэдытах у нацыянальнай і замежнай валютах. На сёння стаўкі па крэдытах у беларускіх рублях з'яўляюцца непад'ёмнымі для прадпрыемстваў. У той жа час усе бачаць, што банкі ў гэтай сітуацыі далёка не бядуюць. Прыйшла пара павярнуць банкаўскую сістэму тварам да эканомікі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што Нацыянальнаму банку трэба сур'ёзна заняцца пытаннем даступнасці крэдытных рэсурсаў у беларускіх рублях для рэальнага сектара эканомікі. "Але кантраляваць гэта трэба самым жорсткім чынам — толькі пад канкрэтныя мэты і высокаэфектыўныя праекты. І калі сёння ўзяў — заўтра вярні", — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. Па яго меркаванні, банкаўская сістэма краіны павінна сфармаваць адпаведную прапанову "доўгіх грошай" для праектаў мадэрнізацыі. Дарэчы, і грошы банкам трэба шукаць за межамі краіны і прыцягваць у краіну. А іх знайсці можна, — перакананы Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што акрамя фінансаў унутры краіны, трэба шукаць і іншыя крыніцы: "Не варта адмаўляцца ад знешніх крэдытных рэсурсаў, але толькі на выгадных для краіны ўмовах. У рамках заключаных з Кітаем крэдытных пагадненняў можна прыцягнуць да $12 млрд. Час перастаць пераліваць з пустога ў парожняе, неабходна пачаць у поўнай меры выкарыстоўваць патэнцыял крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў апошнія гады ўтварыўся істотны разрыў паміж аплатай працы ў бюджэтнай сферы і народнай гаспадарцы ў цэлым. "Сёння гэтыя суадносіны 80%. Трэба 90%, — лічыць Прэзідэнт. — Мы не павінны праводзіць мадэрнізацыю за кошт стрымлівання росту заработнай платы настаўнікаў і медыцынскіх работнікаў. Тут нагрузка павінна быць размеркавана больш справядліва. Але і ў бюджэтнай сферы трэба сур'ёзна ўпарадкаваць структуру. Перш за ўсё, адмяніць усялякія надбудовы, далёкія ад людзей і іх запатрабаванняў".

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў праблему падрыхтоўкі кадраў: па асобных ключавых напрамках гэтая падрыхтоўка не паспявае за перааснашчэннем вядучых прадпрыемстваў. "Выключыць няпрофільную падрыхтоўку кадраў, павысіць эфектыўнасць выкарыстання матэрыяльна-тэхнічных і фінансавых рэсурсаў, забяспечыць баланс інтарэсаў рэгіёну, галін, арганізацый", — запатрабаваў Прэзідэнт.

Завяршаючы сваё выступленне на пасяджэнні, Прэзідэнт нагадаў, што гэты год абвешчаны Годам беражлівасці: "Таму найважнейшая задача ўрада і мясцовых органаў улады — забеспячэнне максімальна эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання прыродных, паліўна-энергетычных, матэрыяльных і працоўных рэсурсаў. У нас ёсць значныя рэзервы ва ўсіх сферах, варта больш актыўна шукаць шляхі скарачэння выдаткаў вытворчасці, зніжэння энерга- і матэрыялаёмістасці прадукцыі, беражліва расходаваць бюджэтныя сродкі".

"Усе — ад дырэктара да рабочага — павінны дакладна разумець, што эканомія рэсурсаў і накіраванасць усіх сіл на мадэрнізацыю эканомікі — гэта не нейкая разавая акцыя, а пытанне эканамічнай бяспекі краіны. Усё грамадства павінна быць мабілізавана на рашэнне гэтых важнейшых агульнадзяржаўных задач", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"І прашу ўсіх мець на ўвазе: калі праваліце гэты год — вам прыйдзецца сысці ў адстаўку", — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Паводле матэрыялаў БЕЛТА.

←Обзор важнейших событий 1 марта 2013 года

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика