Армія павінна быць у пастаяннай гатоўнасці

Источник материала:  

Правядзенне на тэрыторыі Беларусі стратэгічнага вучэння Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі "Захад-2013" не з'яўляецца пагрозай іншым дзяржавам. Аб гэтым 21 лютага заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы даклад аб задуме маючага адбыцца вучэння.

"У адказ на заявы і домыслы аб гэтых вучэннях як аб "пагрозе з Усходу", якія з'явіліся апошнім часам на Захадзе, хачу падкрэсліць — мы нікому не збіраемся пагражаць. Мы не лічым ніводную дзяржаву сваім праціўнікам. У нас абаронная дактрына, і гэта дакладна вызначана законам", — заявіў Прэзідэнт.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Беларусь вітае ўсё, што садзейнічае ўмацаванню міру. "Так, мы не прымаем палітыку пагроз і двайных стандартаў. У гэтым заключаецца сіла і яснасць нашай знешнепалітычнай лініі. Мы дзейнічаем адкрыта і паслядоўна, робячы ўпор на калектыўную абарону", — адзначыў беларускі лідар.

Армія павінна быць у пастаяннай гатоўнасці
Аляксандр Лукашэнка зацвярджае задуму правядзення стратэгічнага вучэння "Захад-2013".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўмацаванне агульнай сістэмы ваеннай бяспекі і павышэнне магчымасцяў па абароне Саюзнай дзяржавы вызначаны ў якасці прыярытэтнай задачы і гэта не для каго не сакрэт. "Зыходзячы з гэтага мы развіваем рэгіянальную групоўку войскаў Беларусі і Расіі, асновай якой з'яўляецца беларуская армія. Яе патэнцыял неабходна падтрымліваць на ўзроўні, які забяспечвае адбіццё любой агрэсіі, адкуль бы яна ні зыходзіла, — лічыць Прэзідэнт. — Асабліва актуальна гэта ў наш неспакойны час. Мы з вамі з'яўляемся сведкамі росту ўзброенага насілля і масавага кровапраліцця на сусветнай арэне. Таму нам порах трэба трымаць сухім. Нагадаю простую ісціну — армія павінна вучыцца ваяваць (на тое гэта і армія), быць у пастаяннай гатоўнасці да абароны суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці сваёй краіны. У гэтым выпадку размова ідзе аб абараназдольнасці, можна сказаць, сумеснай арміі Беларусі і Расіі, рэгіянальнай групоўкі войскаў на заходнім напрамку — гэта наша зона адказнасці".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 2009 годзе разам з прэзідэнтам Расіі было прынята рашэнне аб пачарговым правядзенні сумесных вучэнняў на тэрыторыі Беларусі і Расіі, і ў гэтым годзе такое вучэнне пройдзе на беларускай зямлі.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, за апошнія гады ва Узброеных Сілах нямала зроблена па развіцці розных баявых сістэм, сіл спецыяльных аперацый і тэрытарыяльнай абароны. "Мы таксама не скрывалі, што мы сваю армію, як і расіяне, адаптуем да тых пагроз і выклікаў, якія сёння існуюць або якія могуць існаваць. Павышаем узровень узаемадзеяння ў ваенным і ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве з нашым стратэгічным саюзнікам Расіяй і іншымі дзяржавамі АДКБ", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што напрацоўкі ў ваеннай сферы трэба праверыць на практыцы ў ходзе маючага адбыцца вучэння. Ён таксама даручыў усё дакладна пралічыць і спланаваць, перш чым пачаць адпрацоўку вучэбных пытанняў.

Па выніках дакладу кіраўнік дзяржавы зацвердзіў задуму правядзення стратэгічнага вучэння ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі "Захад-2013", якое, як чакаецца, пройдзе на тэрыторыі Беларусі восенню гэтага года.

Асобна Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў у большай ступені звярнуць увагу на практычны бок, прыцягнуць да правядзення вучэнняў у поўным аб'ёме органы і войскі тэрытарыяльнай абароны. Асаблівую ўвагу таксама трэба ўдзяліць арганізацыі ўзаемадзеяння органаў кіравання і сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі.

Асаблівасцю маючага адбыцца вучэння будзе тое, што ў ім прымуць удзел не толькі сілы рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі, але і Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання АДКБ.

БелТА.

←Очищение и месть

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика