Прэзідэнт даручыў максімальна спрасціць працэдуру адводу зямель

Источник материала:  

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка даручыў максімальна спрасціць працэдуру адводу зямель, пакінуўшы для разгляду на ўзроўні кіраўніка дзяржавы толькі адвод значных зямельных участкаў. Такую задачу ён паставіў 22 студзеня ў час сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Георгіем Кузняцовым, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

У цэнтры ўвагі быў разгляд праекта закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на важнасць гэтага пытання, паколькі рашэнне аб адводзе канкрэтных зямельных участкаў пад будаўніцтва, для іншых мэт, прымаецца Прэзідэнтам і ўяўляе сабой вялікі аб'ём работы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што неабходна прадоўжыць сумесна з Адміністрацыяй Прэзідэнта выпрацоўку сістэмы прыняцця такіх рашэнняў. "Хутчэй за ўсё, нам трэба вось такія рашэнні, якія датычацца часовага адводу зямель, адводу зямель пад лініі электраперадач і да таго падобныя аб'екты, інакш кажучы, нязначных адводаў і якія не падлягаюць ніякаму сумненню, аддаць на ўзровень аблвыканкамаў. Я не супраць. Трэба разгледзець гэта пытанне", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Але істотныя плошчы зямельных угоддзяў: лясных угоддзяў, лугоў, пашы і гэтак далей — вось гэты адвод павінен знаходзіцца пад кантролем Прэзідэнта. Гэта адназначна", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў прадугледзець у гэтым плане максімальнае спрашчэнне, пакінуўшы для разгляду на ўзроўні Прэзідэнта толькі адвод значных зямельных участкаў. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў чыноўнікаў аб недапушчальнасці злоўжывання ўладай пры прыняцці такіх рашэнняў. "Я хацеў бы пачуць каментарый да гэтага закона, перш чым я яго падпішу, па ўсіх змяненнях, якія вы ўносіце, з той мэтай, ці не пасадзейнічае гэта таму, што ў нас ізноў пачнецца разбой пры адводзе зямель", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён прывёў прыклад такіх непрадуманых рашэнняў: "Калі трэба ферму пабудаваць, значыць, на новым месцы, за край свету ад канкрэтнага населенага пункта, куды трэба праводзіць дарогу, электрычнасць, прыродны газ, інакш кажучы будаваць інфраструктуру. Нясём вялікія затраты. Гэта ненармальна". "Прытым па кар'ерах паглядзіце. Як толькі мы "ўніз" аддаём гэтыя рашэнні, з'яўляецца вялізная колькасць кар'ераў па краіне. Я, пралятаючы на верталёце, гэта ўсё бачу. Таму тут таксама разбою быць не павінна, калі будзем гаварыць аб часовым адводзе зямель. Гэта наносіць непапраўную шкоду нашай краіне", — лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў больш жорстка ставіцца да адводу і прадастаўлення сельскагаспадарчых зямель для нясельскагаспадарчых мэт, аднаўляючы ўзамен адведзеных раўнацэнныя, роўнавялікія плошчы. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы даручыў звяртаць больш пільную ўвагу на прадастаўленне паляўнічых угоддзяў і зямельных участкаў для будаўніцтва аб'ектаў нерухомай маёмасці на тэрыторыі паляўнічых угоддзяў.

←Безработица идет на рекорд

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика