Аляксандр Лукашэнка патрабуе ў сціслыя тэрміны завяршыць мадэрнізацыю дрэваапрацоўкі

Источник материала:  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў завяршыць мадэрнізацыю і рэалізацыю інвестпраекта на ААТ "Барысаўдрэў" да 7 лістапада 2013 года. Адпаведнае даручэнне кіраўнік дзяржавы даў, наведваючы гэтае прадпрыемства ў ходзе рабочай паездкі ў Мінскую вобласць.

Зараз на прадпрыемстве рэалізуецца інвестпраект па рэканструкцыі і развіцці вытворчасцяў пліткавых драўняных матэрыялаў і лесанарыхтоўкі з укараненнем комплексу энергазберагальных мерапрыемстваў. Першапачаткова тэрмін уводу ў эксплуатацыю новай вытворчасці планаваўся на снежань 2009 года, аднак ён да гэтага часу цалкам не рэалізаваны. "Давайце дамовімся па тэрмінах — 7 лістапада будучага года тут павінна быць "цукерачка", — паставіў задачу Прэзідэнт.

Кошт інвестпраекта складае 80,6 млн еўра. Як далажылі кіраўніку дзяржавы, дзякуючы рэалізацыі праекта, ужо праз два гады аб'ёмы вытворчасці павінны ўзрасці ў вартасным выражэнні больш чым у пяць разоў — да Br533 млрд. Таксама ў разы павялічыцца экспарт вырабленай прадукцыі (з $3 млн да $32 млн) і яго доля ў аб'ёме рэалізаванай прадукцыі (з цяперашніх 38% да 54%).

Запалкавая фабрыка ў Барысаве заснавана ў 1901 годзе і з'яўляецца адным з найстарэйшых прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай галіны. У склад ААТ "Барысаўдрэў" уваходзяць лесанарыхтоўчая, дрэваапрацоўчая і мэблевая вытворчасці. Асноўнай прадукцыяй прадпрыемства з'яўляюцца драўнянавалакністыя пліты, клееная фанера, запалкі, мэбля.

Аляксандр Лукашэнка дэталёва агледзеў тэрыторыю прадпрыемства, вытворчыя памяшканні. Пры гэтым ён звярнуў асаблівую ўвагу на пытанні экалогіі: на беразе ракі, які фактычна мяжуе з вытворчай тэрыторыяй, сабралася шмат розных адходаў і смецця. "Трэба разбірацца з гэтымі эколагамі. Яны, напэўна, больш за мяжой бываюць, чым у краіне", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Старшыні КДК Аляксандра Якабсона. Прэзідэнт запатрабаваў, каб у гэтым пытанні быў наведзены належны парадак: "Гэта трэба зрабіць за зіму". Ён таксама звярнуў увагу на рацыянальнае выкарыстанне тэрыторыі прадпрыемства.

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым раскрытыкаваў урад і кіраўніцтва прадпрыемстваў за правал праграмы па мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі. "Гэтыя гіганцкія праекты ў дрэваапрацоўцы звязаныя з дыверсіфікацыяй нашай эканомікі. Я прыняў такое рашэнне, каб мы менш залежалі ад "старэйшага брата", Захаду, амерыканцаў, а зазямліліся на свае рэсурсы: будматэрыялы, цэмент, сельскую гаспадарку, калійныя ўгнаенні, у тым ліку дрэваапрацоўку. Увесь праект мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі правалены", — падсумаваў кіраўнік дзяржавы.

Прычынамі гэтага правалу Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў намесніка старшыні канцэрна "Беллеспаперапрам" Сяргея Іванова. Ён у сваю чаргу адзначыў, што "прадпрыемствы не былі гатовыя да падобнай работы". Зацягванне тэрмінаў, на яго думку, таксама звязана са слабасцю праектных арганізацый Беларусі.

"Навошта тады прынеслі мне ўказ па тэрмінах і іншае, калі вы былі не гатовыя? — заўважыў Прэзідэнт. — Вы павінны былі скончыць у 2009 годзе, а ўжо 2012-ы, і яшчэ два гады. Гэта мінус пяць гадоў. Калі вы не ўмелі і былі не гатовыя, значыць, трэба было запрасіць 5—10 замежнікаў — нам бы гэта танней абышлося". "Можа, нам міністра (Міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Нічкасава) тут пакінуць? Хай дабудоўвае завод, адказвае за яго, калі ён праваліў будоўлю, — адзначыў Кіраўнік дзяржавы. — Яшчэ Віцебск паглядзім, можа, яму яшчэ туды давядзецца ехаць і арганізоўваць там справу. Раз не можа ў Міністэрстве, значыць, няхай арганізоўвае на месцах".

Гаворачы аб зацягванні тэрмінаў мадэрнізацыі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што вінаватыя не толькі члены ўрада, кіраўніцтва прадпрыемстваў, але прычынай таго — часцяком і недысцыплінаванасць рабочых. У сувязі з гэтым Прэзідэнт указаў на неабходнасць жорсткага выканання працоўнай дысцыпліны на прадпрыемствах. "Маладыя людзі, здольныя, тыя, якія жадаюць працаваць, павінны прыходзіць і працаваць. Гэта не справа, што Прэзідэнт едзе і прымушае з-пад палкі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да свайго памочніка Пятра Пракаповіча, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што той павінен пастаянна трымаць на кантролі рэалізацыю праектаў у гэтай сферы. А кожнае прадпрыемства, не толькі дрэваапрацоўчае, павінна мець план мадэрнізацыі. "Гэта нават не абмяркоўваецца. Дзе будуць браць грошы, гэта іх (урада) справа з Надзеяй Ермаковай. Не трэба з імі спрачацца, якая павінна быць стаўка і іншае, гэта іх справа. Галоўнае — план дзеянняў, і павінна ісці мадэрнізацыя", — сказаў Прэзідэнт.

У сувязі са шматлікімі фактамі безгаспадарчасці, расхлябанасці, парушэння працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны на прадпрыемствах канцэрна "Беллеспаперапрам" кіраўнік дзяржавы паставіў пытанне прыняцця адміністрацыйных мер па забеспячэнні выканання задання па мадэрнізацыі 8 заводаў, якія засталіся. Прэзідэнт у сувязі з гэтым запатрабаваў увесці забарону на звальненне работнікаў да канца мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў канцэрна, даручыўшы распрацаваць адпаведны праект Дэкрэта.

"Падрыхтуйце Дэкрэт. Да заканчэння мадэрнізацыі і рэканструкцыі забараняецца звальненне работнікаў. Работнік не можа звольніцца з прадпрыемства без дазволу кіраўніка, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Адпусціць — хай сыходзіць, не адпусціць — павінен працаваць. За парушэнне — на прымусовыя работы. Тычыцца ўсіх: рабочых, спецыялістаў і кіраўнікоў". "Таму на час мадэрнізацыі катэгарычна забараніць усякія звальненні з 1 снежня", — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама даручыў прадугледзець у Дэкрэце магчымасць занясення работнікамі скаргаў, якія будзе разглядаць губернатар таго ці іншага рэгіёна. "Таму што розныя бываюць выпадкі. Прымае канчатковае рашэнне губернатар. Але катэгарычна, прынцыпова работнік, службовец і кіраўнік не павінен звольніцца да заканчэння мадэрнізацыі", — сказаў Прэзідэнт.

Акрамя таго, Прэзідэнт даручыў рэгулярна збіраць пасяджэнне штабоў на чале з першым віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам і губернатарам рэгіёна, дзе знаходзіцца дрэваапрацоўчае прадпрыемства: "І там яны будуць усе пытанні вырашаць. Надзвычайнае рашэнне, але мы ў адваротным выпадку нічога не зробім. Мы выдаткуем грошы і выкінем усё на вецер".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што часовая забарона на звальненне павінна адносіцца не толькі да работнікаў прадпрыемства, але і будаўнікоў, якія працуюць на гэтай пляцоўцы. "Невыкананне вашых даручэнняў павінна быць выключана. Не выканалі, пакідайце іх тут працаваць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Уладзіміра Сямашкі.

"Па кадрах усе пытанні павінны быць вырашаны. Але я яшчэ ў Магілёве і Віцебску пабуду. Баюся, што там мы можам страціць палову членаў урада", — заявіў Прэзідэнт. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што неабходна ва ўсім навесці парадак, у тым ліку і ў пытаннях працоўнай дысцыпліны. "Я ўжо сказаў: Дэкрэт — гэта ваша настольная кніжка", — адзначыў ён.

"Майце на ўвазе, нас пачнуць яшчэ больш папракаць у "дыктатуры", што мы людзей прымушаем, забараняем звальняць, — працягнуў кіраўнік дзяржавы. — Скажу, каб людзі ведалі: вам, кіраўнікам, прыйдзецца ў першым квартале будучага года на гэтых прадпрыемствах усім, каго вы будзеце тут трымаць, забараніўшы звальняцца, давесці заробак да $400-500. Тады людзі скажуць: Прэзідэнт прыняў рашэнне, прымусіў тут працаваць, але нармальная заработная плата. Яна амаль у два разы вырасце ў параўнанні з цяперашняй".

"Таму, так, дысцыпліна жорсткая, і гэта будзе на ўсіх прадпрыемствах. З вас мы пачынаем. Я стаміўся ўсіх угаворваць", — падкрэсліў Прэзідэнт.

У час рабочай паездкі кіраўніку дзяржавы таксама было даложана аб сацыяльна-эканамічным развіцці Мінскай вобласці. Губернатар Барыс Батура расказаў аб рэалізацыі праграм у сельскай гаспадарцы, жыллёвым будаўніцтве, дынаміцы росту валавога рэгіянальнага прадукту, павелічэнні аб'ёмаў экспарту.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

←Да будет свет!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика