Камітэт дзяржбяспекі як асноўная спецслужба краіны павінен адпавядаць сучасным патрабаванням

Источник материала:  

Аб гэтым учора заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прадстаўляючы старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка кіруючаму складу органаў дзяржбяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт адзначыў, што Валерый Вакульчык з'яўляецца выхадцам з радоў супрацоўнікаў органаў дзяржбяспекі, стаяў ля вытокаў фарміравання і станаўлення Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Пры ягоным актыўным удзеле ствараўся і працягвае стварацца новы дзяржаўны орган — Следчы камітэт. "Сёння абедзве структуры працуюць эфектыўна. І заслуга ў гэтым, вядома, і Валерыя Паўлавіча. Яго арганізатарскія здольнасці і якасці кіраўніка-дзяржаўніка выявіліся ў канкрэтных справах. Галоўнымі прынцыпамі яго работы з'яўляюцца аб'ектыўнасць, кампетэнтнасць і адданасць нашай дзяржаве. Ведаю, што ён не прымае бяздзейнасці і словаблудства. Менавіта гэта прадвызначыла рашэнне аб прызначэнні яго кіраўніком асноўнай спецслужбы краіны", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вельмі б хацеў спадзявацца, што гэты новы чалавек разам з вамі зробіць тую спецслужбу, якая павінна адказваць сучасным патрабаванням", — падкрэсліў беларускі лідар.

Камітэт дзяржбяспекі як асноўная спецслужба краіны павінен адпавядаць сучасным патрабаванням

На думку кіраўніка дзяржавы, у КДБ, як і ў любым іншым калектыве, ёсць людзі, якія "хацелі б больш вольна сябе адчуваць, не хадзіць на працу, забываючы пра тое, што на плячах пагоны". "Вось тым трэба шукаць іншую працу. І вы не бойцеся, што ад вас кудысьці пойдуць людзі. Хай сыходзяць. Мы гатовыя, і нямала робім сёння, каб стварыць для чэкістаў самыя спрыяльныя ўмовы працы", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Таму што я як Прэзідэнт бачу, што адбываецца вакол нашай краіны і ўнутры і якіх мне варта намаганняў, каб стрымаць краіну, каб яе на кавалкі не парэзалі і не расцягнулі, — працягнуў Аляксандр Лукашэнка. — Вы гэта таксама бачыце. Але бачыць — гэта адно, трэба прадпрымаць максімум намаганняў, каб стварыць цэласнасць, недатыкальнасць і бяспеку нашай краіны. Вось для такіх супрацоўнікаў мы гатовыя стварыць любыя ўмовы. Хай іх будзе не 12 тыс., не 10 тыс. і нават не 6 тыс. чалавек. Хай іх застанецца 3 тысячы, але гэта застануцца адданыя дзяржаве людзі. З такімі Вакульчык будзе працаваць. Усе астатнія куды хочуць хай сыходзяць".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што асноўным крытэрыем ацэнкі кіраўніка з'яўляецца здольнасць згуртаваць калектыў і стварыць абстаноўку рэзультатыўна-напружанай, але творчай работы.

Асноўнай прычынай адстаўкі Вадзіма Зайцава з пасады старшыні КДБ стала нездаровая маральна-псіхалагічная абстаноўка, якая склалася ў асобных падраздзяленнях Камітэта дзяржбяспекі, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Прэзідэнта, у аснову прычын адстаўкі ранейшага кіраўніка КДБ ляглі праблемы ў рабоце з асабовым складам, якія былі абазначаны на нарадзе 9 лістапада ў кіраўніка дзяржавы. "У першую чаргу — гэта нездаровая маральна-псіхалагічная абстаноўка, якая склалася ў асобных падраздзяленнях КДБ. Яна выкліканая недахопамі ў арганізацыі як кадравай, так і ідэалагічнай работы, а таксама перакос пры забеспячэнні ўласнай бяспекі", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, прынятыя рашэнні, перш за ўсё, звязаныя з настроем і меркаваннем сярэдняга і ніжэйшага звяна супрацоўнікаў КДБ. "Я іх голас пачуў. Магу сказаць, ваш голас пачуў. Але па-мужчынску хачу вас папярэдзіць, што да вас прыйшоў кіраўнік "Зайцаў у квадраце". Гэта не той добры хлопец, якога, можа быць, хтосьці тут чакаў, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Гэта "Зайцаў у квадраце", але без лішніх заносаў, без галавацяпства, чалавек, нацэлены на прафесіяналізм, адзін з нямногіх, хто жалезабетонна ведае, чаго хоча Прэзідэнт ад КДБ".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў пачатку бягучага года на калегіі КДБ ужо абмяркоўваліся праблемы, якія ёсць у ведамстве. "Тады мною даваліся ўказанні перагледзець падыходы ў рабоце з асабовым складам. Аднак, да майго жалю, належныя высновы зроблены не былі. Больш за тое, некаторыя праблемы яшчэ больш абвастрыліся, сталі набываць негатыўны грамадскі рэзананс", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён згадаў пра сыход з жыцця падпалкоўніка Казака. "Натуральна я быў вымушаны звярнуць увагу на такую сітуацыю і прыняць сур'ёзныя меры. Спачатку быў адпраўлены ў адстаўку начальнік упраўлення ўласнай бяспекі КДБ, а следам і старшыня", — падкрэсліў Прэзідэнт.

"Тым не менш, яшчэ раз хачу падкрэсліць, калі хтосьці думае, што Зайцаў — гэта дрэнны і нягодны для КДБ чалавек... Можа, ён і нягодны, але не таму, што ён дрэнна служыў. Ён па-свойму разумеў свае задачы. Больш за тое, ён разам з вамі вырашаў гэтыя задачы, і на асобных напрамках вельмі эфектыўна", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У прыватнасці, па словах кіраўніка дзяржавы, работа органаў дзяржбяспекі набыла больш сістэмны і нацэлены на прадметнае рашэнне задач характар. Павысіўся ўзровень інфармацыйна-аналітычнай дзейнасці, контрразведвальніцкага забеспячэння дзяржаўных органаў. Прыняты меры па актывізацыі інфармацыйнага проціборства з нядобразычліўцамі і дэструктыўнымі сіламі, па ўмацаванні выканальніцкай і воінскай дысцыпліны сярод супрацоўнікаў КДБ. "Але была маса недахопаў, якія непрымальныя для КДБ", — заявіў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў: "Зайцаў без працы не застанецца. І ніхто яго з краіны не збіраецца выпіхаць".

"Аднак, як я і казаў на нарадзе, пра гэта я казаў Зайцаву, галоўная каштоўнасць у нас — гэта людзі. А ў КДБ гэта, безумоўна, салдаты, афіцэры, генералы — воінскі калектыў, але гэта таксама людзі, і да іх трэба ставіцца па-чалавечы, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Тым больш, гэта людзі з асаблівымі якасцямі, адораныя, з мазгамі. А з разумнымі людзьмі трэба ўмець сябе паводзіць, у тым ліку і кіраўніка. І таму асноўны крытэрый ацэнкі кіраўніка — здольнасць згуртаваць калектыў, стварыць абстаноўку рэзультатыўна-напружанай, але творчай работы".

"Запомніце, у нас нямала праціўнікаў і ворагаў. З імі трэба бязлітасна змагацца. Але трэба давяраць тым людзям, якія вядуць гэтую барацьбу, і не трэба апрыёры ў кожным бачыць дрэннага чалавека. Для чэкісцкай арганізацыі гэта непрымальна", — рэзюмаваў Прэзідэнт.

←Империя нон–стоп

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика