Максімальна выкарыстоўваць перавагі АЭП
Беларусь і Расія павінны максімальна выкарыстоўваць перавагі Адзінай эканамічнай прасторы, у тым ліку ў развіцці сувязяў з рэгіёнамі. Аб гэтым заявіў 29 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Краснаярскага края Расійскай Федэрацыі Львом Кузняцовым.
"Апошнім часам адносіны паміж нашымі брацкімі дзяржавамі развіваюцца здавальняюча. Я адзначаю высокую дадатную дынаміку ў адносінах", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
На думку Прэзідэнта, Мытны саюз і Адзіная эканамічная прастора адкрываюць новыя вялікія магчымасці для развіцця эканомік, унутранага і знешняга гандлю, прамысловай кааперацыі, павышэння дабрабыту людзей.
"На інтэграцыйныя працэсы ў беларусаў і расіян асаблівыя спадзяванні. Ва ўмовах усёабдымнай міжнароднай канкурэнцыі ўвогуле няма часу на разварушванне, асабліва з улікам уступлення Расіі ў СГА. Неабходна эфектыўна выкарыстоўваць перавагу ад зняцця тых бар'ераў, што існавалі раней, у тым ліку ў нашым гандлі", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва мацнее і прырастае сувязямі з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. "Краснаярскі край для нас — перспектыўны і надзейны партнёр не толькі ў сферы гандлю. Некалькі тысяч кіламетраў, якія раздзяляюць Мінск і Краснаярск, не могуць перашкаджаць умацаванню нашых адносін", — сказаў Прэзідэнт. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, аб'ём узаемнага гандлю Беларусі з Краснаярскім краем за апошнія тры гады павялічыўся ў два разы, склаўшы ў 2011 годзе амаль $132 млн...
Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што беларускі бок гатовы максімальна аператыўна разгледзець любыя прапановы з мэтай актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва. "Мы хочам, каб гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва садзейнічала захаванню сувязяў паміж нашымі народамі", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Леў Кузняцоў запэўніў, што Краснаярскі край зацікаўлены ў развіцці ўзаемадзеяння з Беларуссю па ўсіх напрамках, у тым ліку ў сферы высокіх тэхналогій. "Мы атрымалі права развіваць ядзерна-касмічны кластар, таму што 90 працэнтаў мірнай спадарожнікавай праграмы распрацоўваецца, праектуецца, будуецца і пасля суправаджаецца ў горадзе Жалезнагорск, які размешчаны ў Краснаярскім краі", — адзначыў ён.
Паводле слоў губернатара, для Краснаярскага края таксама цікавы беларускі вопыт развіцця сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў, горадабудаўнічай палітыкі, транспартнай інфраструктуры. Паколькі ў Краснаярскім краі пражываюць нямала беларусаў, вялікая зацікаўленасць ёсць і да развіцця культурных сувязяў. "Партнёрства з вамі для нас вялікі гонар, у нас ёсць шырокі спектр для развіцця супрацоўніцтва", — упэўнены губернатар Краснаярскага края.
У цэлым на сустрэчы адбыўся шырокі абмен думкамі па пытаннях развіцця інфраструктуры ў вёсцы, адукацыі, аховы здароўя, моладзевай палітыкі, спорту.
Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і БЕЛТА.