Паскорыць тэмпы ўборачных работ і максімальна нарасціць экспарт

Источник материала:  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў паскорыць тэмпы ўборачных работ. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на селектарнай нарадзе па ўборцы ўраджаю, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На думку Прэзідэнта, кіраўнікі, адказныя за правядзенне ўборачнай кампаніі і іншых спадарожных работ, некалькі самазаспакоіліся.

Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на праблему дысбалансу ў аб'ёмах убранага збожжа па рэгіёнах Беларусі. Асаблівы акцэнт ён зрабіў на Гомельскай вобласці, параўнаўшы яе паказчыкі з больш паўднёвым рэгіёнам — Брэсцкай вобласцю. Так, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, на Брэстчыне, дзе ўбрана 90 працэнтаў плошчы, атрымана больш за 1,3 млн т ураджаю збожжавых. Пры гэтым у Гомельскай вобласці, дзе ўбрана 85 працэнтаў плошчы, атрымана ўсяго толькі 900 тыс т ураджаю. Пры розніцы ў 5 працэнтаў плошчаў — амаль 400 т розніцы ў аб'ёме атрыманага ўраджаю. "Калі б гэта быў першы год, было б не страшна. Але на Гомельшчыне такая тэндэнцыя прадаўжаецца ўжо некалькі гадоў", — сказаў Прэзідэнт, падкрэсліўшы, што такая сітуацыя выклікае насцярожанасць.

Актуальнасць тэмы арганізацыі ўборачных работ узмацняе і сітуацыя з надвор'ем. Асобныя кіраўнікі думаюць, што такая спякота будзе стаяць і далей. Разам з тым з-за гарачага надвор'я збожжа залішне высушанае. І пры яго ўборцы магчымы вялікія страты. Прэзідэнт папярэдзіў, што з заўтрашняга дня надвор'е рэзка зменіцца, таму неабходна весці ўборку больш хуткімі тэмпамі: "Пры такім парку камбайнаў чаго мы чакаем? Было абяцана да 10 жніўня пры такой сітуацыі скончыць уборку, але ў нас яшчэ трэць ураджаю на палях!"

Кіраўнік дзяржавы на нарадзе таксама закрануў праблему прыпісак з боку сельгасарганізацый і даручыў спецыялістам праверыць, як ідуць справы з дакладнасцю справаздачных даных сельгасарганізацый.

Нараўне з уборкай збожжавых Прэзідэнт паставіў задачу зладжана правесці ўборку лёну, каб забяспечыць збор ільнотрасты высокага класа.

"Але самае галоўнае — пачынаецца сяўба азімых культур, пачалі ўжо сеяць рапс. Мы абавязаны не толькі ўбраць з палёў вырашчанае, але і закласці добрую аснову будучага ўраджаю", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама нагадаў прысутным аб тым, што ў краіне рэалізуецца звышважны праект па рэканструкцыі малочнатаварных ферм, і ўборачная кампанія ні ў якім разе не павінна знізіць тэмпы гэтых работ.

Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным максімальна нарасціць экспарт прадуктаў харчавання.

"Нам трэба не толькі забяспечыць унутраныя патрэбнасці і скараціць імпарт прадуктаў харчавання, але і максімальна нарасціць экспартны патэнцыял, умацаваўшы тым самым эканоміку аграрнай галіны", — сказаў Прэзідэнт.

Інфармацыя паступае аб тым, што значнае зніжэнне збору збожжавых і іншых культур назіраецца ў нашых суседзяў і партнёраў — у Расіі, Украіне, Казахстане і іншых краінах СНД. Істотны недабор ураджаю збожжавых культур прагназуецца ў асноўнай жытніцы свету — ЗША. Не лепшыя разлікі на ўраджай і ў многіх еўрапейскіх краінах", — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што ў такой сітуацыі цэны на прадукцыю сельскай гаспадаркі ў свеце будуць расці. "Гэта тэндэнцыя пачынае праглядацца ўжо цяпер. На многія сельскагаспадарчыя культуры цэны значна павышаны", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гэтым годзе ў Беларусі вырашчаны нядрэнны ўраджай. "Я сказаў бы, за апошнія гады нават рэкордны ўраджай збожжа, і не толькі збожжа. Паводле ацэнак спецыялістаў, збожжавая ніва павінна даць больш за 9 млн т. Нядрэнныя разлікі і па іншых культурах. Страціць вырашчанае недапушчальна.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў не дапусціць зніжэння тэмпаў нарыхтоўкі травяных кармоў. Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць забяспечыць належныя ўмовы для захавання ўраджаю: "У нас з губернатарамі быў канкрэтны дагавор аб належным захоўванні не толькі збожжа, але і бульбы, пладоў і ягад. Ніякіх буртоў з агародніны ў гэтым годзе быць не павінна".

Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу на своечасовую пастаноўку тэхнікі на захоўванне і даў даручэнне МУС і Мінсельгасхарчу ўзяць гэту работу пад сур'ёзны кантроль. "Мы вельмі шмат і ў вялікіх аб'ёмах аказалі падтрымку вяскоўцам пры закупцы сельгастэхнікі, таму мы маем права праверыць, як яна выкарыстоўваецца", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

←Лукашенко об отставках: провалились — отвечайте, плакать нечего

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика