Ці вызваліць Лукашэнка Сурапіна і Башырава?
«Яго ўсё больш бянтэжыла, што ён арыштаваў людзей у гэтай справе і ня можа гэта прызнаць для грамадзтва. Таму ў яго не было выбару, як толькі прызнаць у выніку, што адбылося. Але зараз самае галоўнае — што далей будзе з Сурапіным і Башарымавым? Мяркую, сьледчыя не зрабілі сваю справу добрасумленна і прадставілі яму недакладныя зьвесткі пра віну гэтых людзей. Ня маю ўяўленьня, як яны будуць даводзіць у судзе тое, чаго не было, віну гэтага цывільнага хлопца і журналіста, якія нічога не зрабілі дрэннага. Не ўяўляю, якія павінны быць доказы гэтага».
Пэр Кромвэл паведаміў, што дагэтуль ня мае адказу ад беларускіх уладаў на прапанову прыехаць у Беларусь і распавесьці, як удалося падмануць беларускія часткі супрацьпаветранай абароны.
Маці фатографа Антона Сурапіна, які першым зьмясьціў у інтэрнэце фота плюшавых мядзьведзікаў, скінутых са швэдзкага самалёта над Івянцом, спадзяецца, што прызнаньне факту гэтага палёту станоўча адаб’ецца на лёсе яе сына.
Алена Сурапіна: «Калі будуць разьбірацца сумленна, то гэта дапаможа Антону, калі ўсё будзе па справядлівасьці. Хай адказваюць тыя, хто сапраўды вінаваты, хто прапусьціў гэты самалёт. А пры чым тут іншыя? Але пэўнай думкі я ня маю. Мне літаральна пазванілі а палове на другую і паведамілі пра гэта, дык я яшчэ „ператраўліваю“ навіну».
Алена Сурапіна паведаміла, што чакае размовы з адвакатам, які мае сёньня наведаць яе сына ў «амэрыканцы».
Антон Сурапін быў затрыманы 13 ліпеня паводле падазрэньня ў спрыяньні незаконнаму перасячэньню мяжы групай асобаў. Праз 10 дзён яму працягнулі тэрмін затрыманьня, але маці не паведамілі, ці выставілі яму афіцыйнае абвінавачаньне. Праваабаронцы мяркуюць, што абвінавачаньне выставілі, але ад маці гэта хаваюць.
Менскі рыэлтар Сяргей Башарымаў, які зьбіраўся здаць кватэру швэдам, затрыманы 6 ліпеня. Паводле сваякоў, яму выставілі абвінавачаньне ў спрыяньні групе асобаў у незаконным перасячэньні мяжы. Зараз сваякі Башарымава не кантактуюць з журналістамі.
У КДБ Беларусі па-ранейшаму не камэнтуюць затрыманьне Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава.