Нацбанк не лічыць мэтазгодным здымаць забарону на прадастаўленне фізічным асобам крэдытаў у валюце
Нацыянальны банк Беларусі не лічыць мэтазгодным здымаць забарону на прадастаўленне фізічным асобам крэдытаў у інвалюце. Аб гэтым паведаміў у інтэрв'ю часопісу "Эканоміка Беларусі" намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Дубкоў, перадае БЕЛТА.
"Крэдытаванне насельніцтва ў замежнай валюце змяшчае неапраўдана высокую валютную рызыку і рызыку непагашэння крэдытаў у выпадку павелічэння сум плацяжоў да такіх памераў, якія перавышаюць даход крэдытаатрымальніка. Гэта звязана з тым, што грамадзяне атрымліваюць заработную плату ў беларускіх рублях. У той жа час пад уплывам сусветнага фінансавага крызісу пры з'яўленні дысбалансаў у эканамічным развіцці краіны (напрыклад, як у 2011 годзе) магчымы значныя непрадказальныя ваганні ўзаемных курсаў замежных валют, што вядзе да зніжэння плацежаздольнасці крэдытаатрымальнікаў", — растлумачыў Сяргей Дубкоў.
Насельніцтва Беларусі, як правіла, не ў поўнай меры ўсведамляе пералічаныя рызыкі, падкрэсліў ён. Забарона на крэдытаванне фізічных асоб у замежнай валюце зніжае рызыкі як для банкаў (у выпадку несвоечасовага пагашэння або невяртання крэдыту), так і для насельніцтва, адзначыў намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка. Больш таго, адмова ад разлікаў у замежнай валюце паміж рэзідэнтамі на тэрыторыі Беларусі — адзін з важнейшых напрамкаў работы па дэдаларызацыі эканомікі. Гэта садзейнічае абароне і забеспячэнню ўстойлівасці беларускага рубля, у тым ліку яго пакупной здольнасці, а таксама ўмацаванню даверу да нацыянальнай валюты, падкрэсліў Сяргей Дубкоў.
Нацыянальны банк Беларусі з сярэдзіны 2009 года прыпыніў, а з 1 студзеня 2011 года ўвёў канчатковую забарону на крэдытаванне фізічных асоб у замежнай валюце.