У Беларусі будзе паэтапна ліквідавана перакрыжаванае субсідзіраванне ў цэнах на газ і тарыфах на энергію
Гэта прадугледжана праектам Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай энергетычнай сістэмы на 2011—2015 гады, які ўчора быў разгледжаны на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, перадае БЕЛТА.
Як растлумачыў журналістам міністр энергетыкі Беларусі Аляксандр Азярэц, у праграме прадугледжваецца плаўны, лёгкі адыход ад перакрыжаванага субсідзіравання ў цэнах на газ і тарыфах на энергію з улікам пытанняў сацыяльнай абароны насельніцтва. Ліквідацыя перакрыжаванага субсідзіравання будзе праводзіцца ў мэтах зніжэння затрат на энергарэсурсы для спажыўцоў рэальнага сектара эканомікі.
"Зразумела, крыху будзе падгружацца насельніцтва, але мы ведаем, што да 2015 года ставіцца задача выйсці на сярэднюю заработную плату $1 тыс. у эквіваленце. Таму з улікам гэтага і будзе арганізавана работа, каб насельніцтва на сабе рэзкіх нагрузак не адчула", — сказаў міністр энергетыкі.
Беларусь да 2015 года плануе павялічыць аб'ём экспарту тавараў і паслуг у 2,2 раза. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў. Праект Нацыянальнай праграмы развіцця экспарту на 2011—2015 гады быў разгледжаны на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў.
Як растлумачыў Сяргей Мартынаў, разлікі, зробленыя экспертамі НАН, галіновымі спецыялістамі, паказваюць, што дасягненне дадатнага сальда магчыма ў Беларусі да 2014 года. "Дакладней кажучы, да 2014 года магчымы выхад на нуль і пачынаючы з 2015 года — выхад на дадатнае сальда ў суме прыкладна $500 млн", — сказаў міністр замежных спраў.