WikiLeaks: Чорны нал для беларускай дэмакратыі

Источник материала:  
10.01.2011 18:49 — Новости Политики
«Русскій репортер» апублікаваў дакумент амерыканскай дыпламатычнай перапіскі пра затрыманне кур’ера з валютай.

Вось што піша расейскае выданне, якое атрымала ад Асанжа права першай публікацыі на расейскай мове.

12 чэрвеня 2005 клерк амерыканскага пасольства ў Вільні піша ўстрывожаную дэпешу адносна дробнага інцыдэнта — затрымання на мяжы паміж Літвой і Беларуссю жанчыны, якая спрабавала правесці незадэклараваныя 25 тысяч даляраў ЗША.

Галоўная яго заклапочанасць — як зрабіць так, каб ніякія дэталі інцыдэнту не пратачыліся ў прэсу. Прычына ў тым, што з чорнай гатоўкай быў арыштаваны «кур’ер», які вёз чарговую порцыю фінансавання нейкай некамерцыйнай арганізацыі (НКА), партнёра USAID (Агенцтва міжнароднага развіцця ЗША), дзяржаўнага амерыканскага фонду, які размяркоўвае сяброўскую дапамогу па ўсім свеце, перш за ўсё некамерцыйным арганізацыям. Фінансаванне ідзе і па сацыяльных праграмах, і, што істотна, палітычных (развіццё дэмакратыі).

Справа была ў 2005 годзе — ва Украіне толькі што да ўлады прыйшлі «аранжавыя», а ў сакавіку 2006 мусілі прайсці прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, дзе апазіцыя, натхнёная вопытам Украіны, планавала паспрабаваць перашкодзіць Аляксандру Лукашэнку захаваць уладу.

Менавіта з пачатку 2005 года ў Расіі і СНД зрабілі больш жорсткім заканадаўства пра НКА, а Лукашэнка выкарыстаў бы любую падставу, каб спыніць дзейнасць НКА, звязанай з замежнымі ўрадамі.

Легальная праца USAID ў розных краінах тлумачыцца тым, што гэтае агенцтва — спадчыннік плана Маршала — у многіх выпадках сапраўды дапамагае сацыяльным праграмам, барацьбе з хваробамі і інш. і наогул фармальна дзейнічае нібыта па законе, фінансуючы толькі НКА, а не палітычныя партыі.

Цікава, што супрацоўнік МЗС Літвы Ёнас Паслаўскас прапануе амерыканскаму дыпламату выкарыстоўваць уласных дыпламатаў для перадачы грошай для беларускай апазіцыі.

Пераклад дэпешы

1. Анатацыя:

У цэнтры ўвагі высокапастаўленых чыноўнікаў ва ўрадзе Літвы знаходзіцца затрыманне па абвінавачанні ў валютнай кантрабандзе грамадзянкі Беларусі, якая працуе ў некамерцыйнай арганізацыі, звязанай з USAID. Кур’ер была затрыманая пры спробе вывезці з Літвы суму ў 25 тыс. даляраў гатоўкай, што нашмат пераўзыходзіць дазволены законам краіны ліміт. Яе арышт паставіў ўлады Літвы ў далікатнае становішча: як збалансаваць абавязальніцтвы выконваць закон і больш строгія меры супраць тэрарызму (уведзеныя ў значнай ступені па патрабаванні ўрада ЗША) і нежаданне даць мінскаму рэжыму падставаў для далейшага наступу на грамадзянскую супольнасць і праекты, якія фінансуюцца з-за мяжы.

(Канец анатацыі)

2. © 8 ліпеня літоўская служба па расследаванні фінансавых злачынстваў затрымала ХХХХХХХХХХХХХ (імя выкраслена з этычных меркаванняў. — «РР»), што справакавала ў мінулыя выходныя інтэнсіўныя тэлефонныя перамовы паміж пасольствамі ў Мінску і Вільні, рознымі праваахоўнымі органамі Літвы і прадстаўнікамі МЗС. ХХХХХХХХХХХХХ і двое мужчын, што суправаджалі яе і імёны якіх не раскрываюцца, былі затрыманыя пасля таго, як літоўскія службы знайшлі ў іх аўтамабілі 25 тыс. даляраў ЗША гатоўкай. Грошы прызначаліся для Рады па міжнародных даследаваннях і абменах (IREX), якая ажыццяўляе ў Беларусі адзін праект, які фінансуецца USAID. Антытэрарыстычныя папраўкі да заканадаўства, якія абавязваюць банкі апавяшчаць урад Літвы аб усіх транзакцыях, якія перавышаюць 10 тыс. даляраў, мяркуючы па ўсім, і прыцягнулі ўвагу літоўскіх уладаў да дзейнасці ХХХХХХХХХХХХХ. Як паведамілі нам афіцыйныя асобы Літвы, у іх ёсць дакументальнае пацверджанне, што за дзве свае папярэднія паездкі ХХХХХХХХХХХХХ вывезла з краіны агулам 50 тыс. даляраў.

3. © 11 ліпеня мы абмеркавалі сітуацыю з Ёнасам Паслаўскасам, дырэктарам амерыканскага аддзела МЗС Літвы, які да прызначэння на гэтую пасаду шэсць гадоў прапрацаваў вярхоўным прадстаўніком сваёй краіны ў Мінску. Паслаўскас паведаміў, што справай шчыльна займаецца кіраўніцтва МЗС і іншых урадавых ведамстваў. Паводле яго словаў, Літва менш за ўсё хацела б даць рэжыму Лукашэнкі падставы, каб ускладніць працу ў Беларусі замежным урадам і НКА. Паслаўскас падкрэсліў, што перапраўкі праз мяжу вялікіх сумаў грошай уяўляе небяспеку з шэрагу прычын, і прапанаваў на будучыню ўраду ЗША і іншым арганізацыям узгадняць дзеянні, каб не дапусціць у будучыні паўтарэння сітуацыі. Паслаўскас сказаў, што ва ўладаў ЗША ёсць досыць асобаў і каналаў, уключаючы ўласных дыпламатаў, для перапраўкі грошай групам у Беларусі.

4. © Мы таксама закранулі гэтую тэму ў размове з выканальнікам абавязкаў міністра ўнутраных справаў Станісловасам Люткявічусам. Люткявічус даверліва паведаміў, што меў гутарку з міністрам замежных справаў Валіёнісам, і яны дамовіліся, што ён будзе падтрымліваць кантакт з генеральным пракурорам. Ён сказаў: «Думаю, мы вырашым гэтае пытанне, прычым у пазітыўным для яе (ХХХХХХХХХХХХХ) ключы». Люткевічус сказаў, што ў будучыні гатовы пры неабходнасці ўзгадняць дзеянні з уладамі ЗША, каб кур’еры надалей не сутыкаліся з падобнымі праблемамі.

5. © Каментар: На цяперашні момант няясна, што можа чакаць ХХХХХХХХХХХХХ. Разам з тым, мы не думаем, што генеральны пракурор запатрабуе суровага пакарання для кагосьці, хто сваёй дзейнасцю дапамагае рэалізацыі ўсёабдымнай мэты ўрада ЗША прынесці дэмакратыю ў Беларусь. Урад Літвы разумее інтарэсы ўсіх, хто апынуўся ўцягнутым у гэтую справу, і поўны жадання пазбягаць яго паўтораў. У гэтых мэтах ён гатовы супрацоўнічаць з уладамі ЗША і донарамі дапамогі, каб у будучыні падобных інцыдэнтаў не ўзнікала.

Kelly Арыгінал.

Падзяліцца навіной: 
АП

←Лукашенко утвердил план подготовки законопроектов на 2011 год

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика