Аляксандр Лукашэнка: "У Беларусі няма неабходнасці дэвальваваць нацыянальную валюту"

Источник материала:  

Учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў цэнтральнае сховішча Нацыянальнага банка Беларусі.

На 1 снежня 2010 года аб'ём міжнародных рэзервовых актываў Беларусі ў вызначэнні спецыяльнага стандарту распаўсюджвання даных МВФ склаў $5705,4 млн. З 1 студзеня 2006 года па 1 снежня 2010 года золатавалютныя рэзервы ў вызначэнні МВФ павялічыліся на $4408,9 млн, або больш як у чатыры разы. З 1 студзеня 2010 года золатавалютныя рэзервы ў вызначэнні МВФ павялічыліся на $52,9 млн, або на 0,9 працэнта.

Міжнародныя рэзервовыя актывы ў нацыянальным вызначэнні на 1 снежня 2010 года дасягнулі гістарычнага максімуму і склалі $6788 млн. За аналагічны перыяд рэзервовыя актывы ў нацыянальным вызначэнні павялічыліся на $5233,1 млн, або больш як у чатыры разы. За гэты год золатавалютныя рэзервы ў нацыянальным вызначэнні павялічыліся на $809,5 млн, або на 13,5 працэнта.

Аляксандр Лукашэнка: "У Беларусі няма неабходнасці дэвальваваць нацыянальную валюту"У адпаведнасці з указам Прэзідэнта ад 8 лістапада 2004 года № 546 Нацбанк фарміруе фонд каштоўных камянёў. Варта адзначыць, што яго фарміраванне было пачата ва ўмовах поўнай адсутнасці каштоўных камянёў у Нацбанку. За час, які прайшоў з апошняга візіту кіраўніка дзяржавы ў цэнтральнае сховішча, фонд узрос з 24,3 млн еўра на 1 студзеня 2006 года да 49,2 млн еўра на 1 снежня 2010 года. На сёння ў фонд залічана каля 27,1 тыс. каратаў алмазнай сыравіны, а таксама 34,6 тыс. каратаў брыльянтаў.

Эканоміка Беларусі паспяхова спраўляецца з павышэннем на трэць узроўню зарплат у бюджэтнай сферы, заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказываючы на пытанні журналістаў. Ён адзначыў, што павышэнне зарплат у бюджэтнай сферы амаль на 30 працэнтаў — гэта вельмі вялікі рост. "Мы з ім спраўляемся, эканоміка спраўляецца. Усе крычалі: "Ах, ах, не справімся!" Гэта павышэнне заработнай платы ніяк не адаб'ецца на нашай эканоміцы".

Больш таго, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, павышэнне зарплат было зроблена напярэдадні навагодніх свят. А адпаведна, людзі выкарыстаюць гэтыя грошы, каб купіць нейкія тавары ў магазінах, што ў канчатковым выніку пойдзе на карысць эканомікі. "Я думаю, гэта таксама нармальна. Мы ж не ашукалі людзей. Мы хацелі, каб вы гэтыя грошы ўклалі ў тавары, якія сёння прадаюцца ў Беларусі. Не адбылося ўсплёску цэн — не адбылося. Таму абсалютна баяцца няма чаго", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Цяпер у Беларусі адсутнічаюць тэндэнцыі, якія садзейнічалі б росту цэн, заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Прадстаўнікі СМІ адзначылі, што адной з самых хвалюючых людзей тэм з'яўляецца магчымы рост цэн. У прыватнасці, у лістападзе дзяржава амаль на трэць павысіла ўзровень зарплат у бюджэтнай сферы. У сувязі з гэтым у кіраўніка дзяржавы пацікавіліся, ці плануецца рост цэн у Беларусі.   "Цэны мы ўжо даўно не плануем, і планаваць наогул цэны шкодна ў рыначнай эканоміцы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Па асобных пазіцыях мы стрымліваем цэны (хлеб, мука і іншае) — па жыццёва важных 20—30 пазіцыях. Часам стрымліваем, калі яны зашкальваюць. Але без гэтых 30 пазіцый людзі жыць не могуць. Таму яны ўзяты пад кантроль".

Што датычыцца цэн на астатнія тавары, то, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, іх няма неабходнасці кантраляваць. "Здарылася так, што за межамі нашай краіны, па перыметры, цэны крыху ніжэйшыя, чым у нас. Гэта сведчыць аб тым, што вывазу тавараў не будзе і ўсплёску цэн не будзе, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Нам трэба трымаць парытэт цэн, на жаль. Мы маглі б і ніжэй іх мець, але мы не можам мець цану ніжэй на прадукты харчавання і іншыя, чым, дапусцім, у Расіі. Вы ж памятаеце, калі цэны ў нас былі ніжэй, а ў іх вышэй, спекулянты ўсё вывозілі і там перапрадавалі. Таму мы нікуды не дзенемся, нам трэба трымаць гэты парытэт — сёння гэты парытэт ёсць. Сёння няма тых тэндэнцый, якія садзейнічалі б росту цэн".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па асобных пазіцыях, напрыклад, сярод імпартных тавараў, магчымы нейкія змяненні ў кошце на паўпрацэнта або працэнт.

Прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі запыталі ў кіраўніка дзяржавы, ці трэба чакаць дэвальвацыі беларускага рубля ў пачатку 2011 года, аб чым актыўна нагнятаюць чуткі некаторыя СМІ.

"Напэўна, гэта ўжо старое як свет. Разумны чалавек, у якога былі нейкія сумненні і хваляванні, зусім у адваротным напрамку развярнуўся пасля таго, як, па-першае, мы вытрымалі паход некаторых людзей у банк, каб абмяняць нашу валюту на замежную: мы абсалютна ўсіх задаволілі — мяняйце. Праўда, трэба аддаць належнае, што ўсе, хто памяняў грошы, яны валюту аднеслі ў гэтыя ж банкі. Для дзяржавы ў прынцыпе гэта ўсё адно. Людзі проста глупствам займаліся. Але я папярэдзіў людзей — гэта было іх права", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, як толькі народ убачыў, што дзяржава здольна задаволіць попыт на валютным рынку, гэта хваля пайшла на спад. Па-другое, прадоўжыў кіраўнік дзяржавы, "разумныя людзі заўважылі нашы дамоўленасці ў Маскве", пасля чаго хваля попыту на замежную валюту сышла на нішто. "Людзі разумеюць, што калі ў эканоміцы зрухі, у цэнавых адносінах — значыць, будзе паляпшэнне і на валютным рынку", — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што знаходзіцца пад уражаннем пасля наведвання цэнтральнага сховішча Нацбанка. "Тое, што я тут бачу, яно ўражвае. Гэта сведчыць аб тым, што ў нас дастаткова рэзерваў для таго, каб кіраваць валютным рынкам у нашай краіне, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Таму іх справа — крычаць. Вы ж ведаеце, хто ствараў такі ажыятаж — гэта тыя людзі, якія жывуць па прынцыпе чым горш, тым лепш для іх. Вельмі кароткі прамежак часу паказаў, чаго варты гэтыя заявы".

"Я магу яшчэ раз паўтарыць тое, што казаў летам і на "Дажынках": лёс наш — у нашых руках, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Нармальна без панікі будзем жыць — ніякіх праблем не будзе". Пры гэтым беларускі лідар адзначыў, што для таго, каб вырашаць праблемы, у краіне ўсё ёсць. "Тое, што вы (журналісты. — Заўвага БЕЛТА) бачылі, — гэта толькі трэць залатога запасу, якая тут захоўваецца. Дзве трэці захоўваюцца ў іншых месцах. Тое ж самае і па валюце. Мы сёння маем дастаткова золатавалютных рэзерваў, прыкладна $6-7 млрд, для таго, каб задаволіць любы попыт на валюту. Нам няма неабходнасці сёння дэвальваваць нацыянальную валюту", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Таму, дадаў Аляксандр Лукашэнка, трэба жыць абсалютна спакойна і глядзець у будучыню. "Як мне здаецца, у нас перспектывы нядрэнныя", — сказаў на заканчэнне кіраўнік дзяржавы.

"Што датычыцца ЖКГ, то гэта пытанне вызначана: мы не будзем павышаць кошт паслуг ЖКГ прапарцыянальна росту зарплаты, ні ў якім разе. Тады які сэнс — мы з'ядзім усю заработную плату", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што калі ў наступным годзе ўзнікне неабходнасць у павышэнні кошту паслуг ЖКГ, то яны ўзрастуць не больш як на $5. "Нягледзячы на тое, што насельніцтва аплачвае толькі 30 працэнтаў (кошту паслуг ЖКГ. — Заўвага БЕЛТА), а 70 працэнтаў мы датуем, нягледзячы на гэта, хутчэй за ўсё, на працягу года, калі не здарыцца якіх-небудзь катаклізмаў, мы такім шляхам будзем ісці", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, цяпер няма падставы для росту цэн на паслугі ЖКГ, таму што для Беларусі, напрыклад, патаннее нафта, камплектуючыя і сыравіна. "Дык якія падставы для росту цэн? Няма такіх падстаў, асабліва па ЖКГ. Таму трэба супакоіцца і спакойна жыць. У бядзе мы сваіх людзей не пакінем, гэта дакладна", — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў зрабіў па-мужчынску, прапанаваўшы зняць праблемныя пытанні ў адносінах Беларусі і Расіі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што маскоўскія дамоўленасці ацэньваюцца ў $4 млрд у год. "Нават калі б мне давялося здацца за $4 млрд у год, як яны называюць, я за $4 млрд гатовы. Гэта грошы для нашага народа і дзяржавы", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён расказаў, што, прыехаўшы ў Маскву напярэдадні пасяджэнняў Міждзяржсавета ЕўрАзЭС і Вышэйшага органа Мытнага саюза, ён атрымаў прапанову расійскага боку сустрэцца і абмеркаваць праблемныя пытанні беларуска-расійскіх адносін, каб зняць іх да пасяджэнняў. "Чаго я буду ўпірацца? Мне прапануюць сустрэцца, абмеркаваць праблемы", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. "Па-першае, я нікуды не поўзаў. Па-другое, мы не ініцыіравалі гэтую сустрэчу і вырашэнне гэтых пытанняў", — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Аднак, як адзначыў ён, гэтыя пытанні ўзніклі не спантанна, над імі спецыялісты працавалі больш як месяц. "Напярэдадні мы атрымалі інфармацыю: урады Расіі і Беларусі не дамовіліся. Значыць, прэзідэнты павінны былі прымаць рашэнне. Сустрэліся і прынялі рашэнне".

"Падкрэсліваю: яны гэта ацэньваюць у $4 млрд. Зусім магчыма. Але гэта калі ў лоб ацэньваць. А калі праз бізнэс, прадпрыемствы, то, магчыма, гэта будзе больш", — адзначыў Прэзідэнт. На яго думку, гэтыя дамоўленасці ўплываюць на курс нацыянальнай валюты і ў цэлым на настрой людзей. "Калі нехта гаворыць, што гэта піяраўскія рашэнні, добра, няхай піяраўскія, але гэта $4 млрд", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў дасягненні дамоўленасці па нафце галоўнае, што Беларусь атрымае яе з Расіі ў такой колькасці, у якой яна неабходная. "Нафта ў гэтым годзе каштавала амаль $600 за тону. Калі бяспошлінна — напалавіну менш. Гэта што, дрэнна? — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. — Так, калі мы будзем расійскую нафту перапрацоўваць, толькі расійскую, у сябе на прадпрыемствах і затым прадаваць, то мы будзем вывазныя пошліны дзяліць. А адтуль ужо са сваёй пошліны Расія нам таксама частку грошай аддае. Гэта што, дрэнна?" "Таму, калі няма чаго сказаць, пачынаюць наводзіць цень на пляцень", — дадаў ён.

Прэзідэнт лічыць гэта нармальнымі дамоўленасцямі. Ён адзначыў, што адкрыта падзякаваў за гэта расійскаму боку. Гэтыя рашэнні даюць магчымасць Беларусі выканаць усе паказчыкі не да 2015, а да 2013 года. "Гэта будуць зрухі па ўсіх напрамках", — падкрэсліў беларускі лідар.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яшчэ неабходна дамовіцца па пастаўках прыроднага газу. "Ідуць цяжкія перагаворы", — сказаў Прэзідэнт. "Але якія б там дамоўленасці ні былі, эканоміка ў будучым годзе праглядаецца лепш, чым мы планавалі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што цяпер аналізуюцца і апрацоўваюцца звароты грамадзян, сабраныя за перадвыбарны перыяд. Скаргі на работу органаў праваахоўнай сістэмы займаюць другое месца пасля пытанняў ЖКГ, а ўнутры гэтага пласта па рабоце судоў — лідзіруюць. "Калі людзі ідуць з такімі праблемамі, значыць, трэба звярнуць на гэта ўвагу. І гэта будзе зроблена", — падкрэсліў Прэзідэнт. "Я паабяцаў, што ў першым паўгоддзі 2011 года мы, перапрацаваўшы гэту інфармацыю, прымем рашэнне. Калі трэба — сістэмна, калі трэба — кадрава, але гэта рашэнне будзе прынята. Гэта я вам гарантую".

←Все грани собственности

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика